З заўтрашняга дня, суботы, у Польшчы неабходна будзе насіць санітарныя маскі ўсюды, у тым ліку на адкрытым паветры. У так званую жоўтую зону (з павышанай колькасцю выпадкаў каранавіруснай інфекцыі) трапіла ўся краіна. Gazeta Wyborcza піша, што гэтага рашэння ніхто не прадбачыў, улады казалі, праўда, пра пашырэнне спісу паветаў з жорсткімі санітарнымі нормамі, але не было гаворкі пра ўсю дзяржаву. Летам прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі гаварыў, што каранавіруса не трэба ўжо баяцца. Цяпер жа ён адзначае, што сітуацыя сур’ёзная, а колькасць выпадкаў інфекцыі будзе расці двойчы кожныя тры дні. Учора паведамлялася пра чатыры тысячы дзвесце восемдзесят заражаных асоб і семдзесят шэсць выпадкаў смерці.
Варшава рыхтавалася да ўваходу ў жоўтую зону ўжо нейкі час таму, улады казалі, што будуць жорстка ставіцца да тых, хто не носіць санітарныя маскі ды не трымае дыстанцыі. Інфекцыйныя аддзяленні сталічных бальніц ужо не спраўляюцца з вялікай колькасцю хворых.
Сітуацыя складаная не толькі для шпіталяў, абмежаванні балюча ўдараць таксама па галіне культуры, напрыклад, у тэатрах колькасць гледачоў не можа быць большай, чым тры чацвёртыя месцаў для публікі. Таксама ўладальнікі рэстаранаў з песімізмам глядзяць у будучыню. Яны і так яшчэ не прыйшлі ў сябе пасля вясенняга каранціна, а цяпер колькасць кліентаў абмежаваная да аднаго чалавека на чатыры квадратныя метры паверхні – гэта ў два разы менш, чым у сярэднім можа прабываць у гастранамічных аб’ектах.
Там часам пашыраецца рух пратэсту супраць абмежаванняў, звязаных з пандэміяй. На апошні пратэст, які прайшоў у Варшаве 12 верасня, прыехала каля двух тысяч прыхільнікаў руху. У бліжэйшую суботу плануецца правесці маніфестацыі ў пяцідзесяці гарадах.
нг