Плошча Перамен з муралам ды-джэяў на вуліцы Чарвякова ў Мінску стала сімвалам рэальных перамен у беларускім грамадстве і краіне. Беларусы замежжа таксама жадаюць перамен да лепшага ў Беларусі. У Варшаве надоечы адкрылася свая Плошча перамен.
Беларусы польскай сталіцы ды палякі, якім неабыякавы лёс краіны-суседкі, сабраліся некалькі дзён таму ў клубе-кавярні Młodsza siostra (Малодшая сястра) і на яе ўтульным дворыку. Тут беларусы, якіх пазіцыя нязгоды на рэжым Лукашэнкі ды рэпрэсіі з боку сілавікоў прымусілі з'ехаць з Беларусі, могуць атрымаць дапамогу ды пазнаць новых сяброў.
Ініцыятарка праекту Яна Шостак адзначае, што варшаўская Плошча перамен - гэта не месца пратэстаў. Яе мэты іншыя.
- Адкрыць для людзей – беларусаў, беларусак – новую прастору, каб кожны мог прыйсці, пазнаёміцца з іншымі беларусамі, навязаць кантакт. Нам цяпер патрэбна быць усім разам, ствараць новую беларускую дыяспару.
На ўрачыстым адкрыцці Плошчы перамен у Варшаве прысутнічаў беларускі палітык і дыпламат, член прэзідыуму Каардынацыйнай рады беларускай апазіцыі Павел Латушка. Ён адзначыў, што міжнародная салідарнасць вельмі важная для беларусаў.
- Салідарнасць была важная таксама ў Польшчы. Яна змяніла сітуацыю ў краіне. Вось гэтая салідарнасць польскага народу ды іншых народаў з беларускім народам – вельмі важная. Гэтая падтрымка, дарэчы, ёсць і з боку расійскіх дэмакратычных структур. Ніхто не павінен заставацца абыякавым да таго, што дзеецца ў нашай краіне. Немагчыма сабе ўявіць у 21-ым стагоддзі, што свет будзе маўчаць, калі людзей забіваюць, збіваюць, нішчаць, гвалтуюць, саджаюць у турмы, арыштоўваюць. Я перакананы, што ўсё больш грамадстваў на свеце будуць салідарызавацца з беларусамі.
На адкрыццё Плошчы перамен прыйшло шмат людзей, у тым ліку асобы, якія сталі ўжо вядомыя падчас двух месяцаў пратэстаў у Беларусі. Адзін з іх – Юры Рававы, які працаваў на ГроднаАзот, але быў прымушаны з'ехаць пасля таго, як яго хацелі затрымаць за стварэнне страйкавага камітэту на прадпрыемстве. У ментальнасці беларусаў за апошнія два месяцы адбыліся фундаментальныя змены. Яны прайшлі на ўзроўні свядомасці паасобных людзей, але вельмі істотна таксама, каб людзі сустракаліся і абменьваліся думкамі і досведам, - адзначае Юры Рававы.
- Гэта вельмі добра для аб'яднання дыяспары, для аб'яднання людзей, каб яны маглі адзін аднаму дапамагаць і дапамагаць Беларусі. Гэта месца для нэтуоркінга, усе астатнія працэсы, якія мяняюць беларусаў, праходзяць дзесьці дома, за камп'ютарамі, тэлефонамі. Тым не менш, сустрэцца "ужывую", пагаварыць – гэта вельмі крута.
У Плошчы Перамен у Варшаве ёсць таксама дабрачынны аспект, накіраваны на матэрыяльную дапамогу беларусам у Польшчы, якія яшчэ не ўсталі на ногі, не паспелі знайсці працу і жыллё. Пры гэтым аўтар ідэі праекту адзначыла салідарнасць Польшчы ў дачыненні да беларусаў, якія імкнуцца да перамен у іх краіне. Адным з такіх жэстаў Яна Шостак назвала прапанову клуба-кавярні «Малодшая сястра»:
- «Малодшая сястра» дала нам месца, каб зрабіць тут сустрэчу. Мае сяброўкі, сябры з Польшчы вельмі прыязна настаўлены да нас, памагаюць як хто можа. Хтосьці запрашае рэпрэсаваных на абед, іншы прытуляе іх дома, каб маглі пажыць, пакуль не знойдуць у іншай краіне сваё месца, што вельмі нялёгка. Дзякуй усім. Я ведаю таксама некалькі ўніверсітэтаў, якія зладзілі гадавыя курсы для беларусаў, каб яны маглі перагрузіць сваю рэчаіснасць з беларускай на польскую.
Была музыка, сюрпрызы, беларускія стравы і напоі, а таксама кірмаш узаемадапамогі, у якім кожны мог прыняць удзел - прадаць нейкія рэчы, а даход перадаць на дапамогу тым, каму яна сёння вельмі патрэбная.
Пра падзеі ў Беларусі падчас адкрыцця Плошчы перамен у Варшаве маглі расказаць усе ахвотныя. Таксама сабраныя маглі паслухаць польскіх журналістаў, якія вачыма замежнікаў глядзяць на тое, што адбывалася і адбываецца ў беларускай дзяржаве.
Ірына Завіша/нг