Пра яе кажуць, што яна здольная і будзе выдатнай юрысткай. Многія задаюцца пытаннем, чаму Кінга Дуда стала дарадцам свайго бацькі. І каму гэта прынясе болей карысцяў - ёй ці прэзідэнту. Публікацыю Рэнаты Грохаль (Renata Grochal "Córka da radę") змяшчае тыднёвік Newsweek.
У жніўні Кінга Дуда ўвайшла ў калектыў 13 дарадцаў Анджэя Дуды і стала яго наймалодшым членам. У лістападзе дачцэ прэзідэнта споўніцца 25 гадоў. Годам раней яна закончыла юрыдычны факультэт Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве з вельмі добрымі адзнакамі.
Падчас вучобы ў Кінгі было вузкае кола сяброў. На імпрэзы яна прыходзіла з целаахоўнікамі Службы аховы дзяржавы. Частка студэнтаў здалёк абмінала яе з увагі на бацьку, да якога ў Польшчы многія выказваюць прэтэнзіі за стыль прэзідэнцтва. Пра Кінгу кажуць, што гэта сарамлівая і сціплая дзяўчына.
Чаму Анджэй Дуда прызначыў яе сваім грамадскім дарадчыкам? У сацсетках прэзідэнт напісаў, што грамадскі дарадчык з'яўляецца валанцёрам і не атрымлівае ніякай платы за гэтую працу.
Кінга Дуда будзе дарадчыкам прэзідэнта па ажыццяўленні праекту стварэння ў Польшчы пасады міравога суддзі, які вырашае самыя простыя справы.
Кінга Дуда не атрымала свайго кабінету ў Канцылярыі Прэзідэнта, але можа карыстацца машынай і адпраўляцца ў авіяпадарожжы разам з галавой дзяржавы за кошт польскіх падаткаплатнікаў.
Паводле крыніц інфармацыі Newsweek, на працаўладкаванне Кінгі Дуды пры Прэзідэнце Польшчы настойвалі Першая лэдзі і сама прэзідэнцкая дачка. Несумненнай карысцю для яе будзе анатацыя ў CV аб працы ў Канцылярыі Прэзідэнта РП.
яс