Традыцыя, якой сталі асобныя маршы жанчын па суботах, завітала гэтым разам і па-за межы Беларусі. Напэўна не менш за тры сотні салідарных жанчын і мужчын з’явілася на суботнім жаночым маршу у Варшаве. Перад пачаткам акцыі жанчыны звярнуліся да людзей на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку»: «Мы, жанчыны Беларусі, звяртаемся да сусветнай жаночай супольнасці з заклікам аб дапамозе. У святле апошняй выбарчай кампаніі жанчыны Беларусі былі вымушаныя заняць актыўную міратворчую пазіцыю пасля таго, як пачаліся пераследы народных лідараў і бесчалавечныя падаўленні і катаванні мірных пратэстуючых. Жаночая салідарнасць не мае межаў, і мы будзем рады, калі жанчыны ўсяго свету падтрымаюць нашу ініцыятыву ў барацьбе за свае правы і годнасць!»
Пачатак маршу меў месца ля помніка Мікалаю Каперніку, дзе прысутныя маглі пачуць кранальныя жыццёвыя гісторыі, звязаныя з прымусам пакінуць радзіму.
Акрамя прамоваў жанчын, можна было ўбачыць таксама перформанс, у якім апранутыя ў белае, спяваючы «Купалінку», былі фарбаваныя ціхаром чырвонай фарбай.
На акцыі прысутнічала таксама журналістка парталу КУКУ Аляксандра Раманава. Яна з прычыны пагроз была вымушаная пакінуць Беларусь і трапіла ў Польшчы. У сваім звароце яна заклікала беларусаў замежжа не здавацца, праяўляць салідарнасць і падтрымліваць тых, хто застаўся на радзіме. Аляксандра расказала таксама гісторыю затрымання ў пятніцу журналісткі Яўгеніі Доўгай на вачах у сваёй 8-гадовай дачкі.
Пасля прамоваў калона з некалькіх соцень жанчын і мужчын прайшлася вуліцамі Свентакшыскай і Маршалкоўскай да помніка героя Польшчы, Беларусі і ЗША Тадэвушу Касцюшку. Людзі неслі бел-чырвона-белыя сцягі ў руках, а таксама кветкі ў колерах беларускага нацыянальнага сцяга. На акцыю прыйшлі як жанчыны, прычым не толькі беларускі, так і мужчыны і сям’і з дзецьмі.
Ля помніка Касцюшку беларусы адспявалі некалькі пратэстных песень, было чуваць воклічы «Жыве Беларусь». Акрамя таго, удзельнікі маршу пакінулі свае бел-чырвона-белыя кветкі на прыступках помніка Касцюшку і, называючы гарады, шукалі людзей са сваіх малых радзім, якія прыйшлі на марш. Жаночая суботняя акцыя стала чарговай магчымасцю для беларусаў Варшавы, каб сустрэцца і пагаварыць пра салідарнасць і падтрымку, якую яны могуць праявіць сваім суайчыннікам на радзіме.
Жанчына з дзяцьмі на маршы
са-ба-чку!
Лукашэнка - забойца - плакат на маршы
Удзельнікі маршу на фоне помніка Касцюшку