Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Пратэстная актыўнасць у народзе не сціхае». Праваабаронцы падсумоўваюць два месяцы пратэстаў

13.10.2020 15:03
Праваабаронцаў таксама арыштуюць і затрымліваюць, бо іх дзейнасць пагражае бяспецы дзяржавы.
Аўдыё
  • Праваабаронцы пра сваю дзейнасць і ціск з боку ўладаў у святле падзеяў у Беларусі
Затрыманні на адным з мінскіх пратэстаўPAP/EPA/STRINGER

З аднаго боку, салідарнасць, узаемадапамога, новыя мастацкія творы і нараджэнне дваравых супольнасцей, з іншага, гвалт, рэпрэсіі і незаконнае ўтрымліванне ўлады. Такія вобразы можна супрацьставіць апісваючы сённяшнюю Беларусь. Ёсць людзі, праца якіх у гэты час дапамагае ўсім пацярпелым і іх семʼям знайсці надзею і веру ў справядлівую будучыню. Яны збіраюць інфармацыю пра затрыманых, арганізуюць юрыдычную дапамогу, але – што не менш важна – гадамі манітораць сітуацыю правоў чалавека ў Беларусі і спрабуюць данесці праўду за межы. Гаворка, канешне, пра праваабаронцаў, без якіх цяжка ўявіць сабе сённяшнюю Беларусь. Які погляд на пратэсты маюць людзі, якіх жыццёвай місіяй зʼяўляецца змаганне за асноўныя правы людзей? Пра гэта мы паразмаўлялі, між іншым, з Гарым Паганяйлам, нядаўна назначаным Святланай Ціханоўскай прадстаўніком па правах чалавека ў альтэрнатыўным Кабінеце міністраў:

-Трэба адзначыць, што пратэстная актыўнасць у краіне не сціхае. Яна пашыраецца і па аб’ёме, і па разнастайнасці груп людзей, якія выходзяць на акцыі. Маем падзел на групы па ўзросту, сацыяльнаму становішчы, прафесіі і гэта ў прынцыпе кажа пра тое, што пратэст пашыраецца, захапляе ўсё больш і больш людзей і закранае нават тых, хто не ўдзельнічае актыўна ў пратэстах. Людзі арганізуюцца ў інтэрнэце, на чатах, арганізуюць дваравыя імпрэзы, асобныя флэшмобы, як вывешванне бел-чырвона-белых сцягоў. І гэта нам кажа пра тое, што людзі моцна незадаволены рэакцыяй уладаў на пратэсты, якія мы назіраем.

Нягледзячы на пазітыўныя працэсы ў грамадстве, ужо дзясяткі тысяч грамадзян сутыкнуліся з агрэсіяй з боку сілавікоў і ўладаў. Праваабаронцы збіраюць дадзеныя наконт крымінальных справаў, якія былі распачатыя супраць мірных дэманстрантаў, а таксама назіраюць прысуды на рэальныя тэрміны за пратэстную дзейнасць. Лічбы і канкрэтныя артыкулы, па якіх трымаюць людзей, нам прывяла Наталля Сацункевіч з Правааборанчага цэнтру «Вясна»:

-На бягучы момант нам вядома пра крымінальныя справы ў дачыненні да 297 людзей. Гэта вельмі розныя крымінальныя справы, па розным артыкулам крымінальнага кодэксу, напрыклад 293 "масавыя беспарадкі", 342 "арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. І трэба адзначыць, што большасць затрыманых па гэтаму артыкулу прызнаныя палітвязнямі, бо па ацэнцы праваабаронцаў тыя падзеі, пра якія ідзе гаворка ў абвінавачванні, не былі масавымі беспарадкамі. Тут найбольш вядомы і яскравы прыклад - затрыманне Сяргея Ціханоўскага.

Апошнім часам дзейнасць праваабаронцаў прыцягнула ўвагу ўладаў. Супрацоўнікі і валанцёры праваабарончых арганізацый таксама падвяргаюцца ціску з боку сілавікоў, а іх праца ўяўляе пагрозу для іх саміх.

-Мы бачым і адчуваем вялікі ціск. Тут трэба адзначыць справу Марфы Рабковай, якую абвінавачваюць па трэцяй частцы артыкула 293 "навучанне людзей да ўдзелу ў масавых беспарадках ці іх фінансаванне. Яе пераслед з'яўляецца палітычна матываваным. Гэта безумоўна спроба запалохаць усю праваабарончую супольнасць Беларусі, бо яе дзейнасць, якую яна рабіла ў Вясне гэта дапамога валанцёрам, сем'ям рэпрэсаваных, зусім не адпавядае гэтаму артыкулу. Таксама зараз у зняволенні знаходзіцца наш валанцёр Андрэй Чапюк, які пацярпеў з-за гэтага што дапамагаў людзям. Нашыя калегі з іншых гарадоў Беларусі рэгулярна сутыкаюцца з ціскам. 

Разам з тым расце папулярнасць Святланы Ціханоўскай на міжнароднай сцэне. Яна сустракаецца з прадстаўнікамі ўрадаў дзяржаў Еўразвязу і выступае на паседжаннях Еўрапарламенту. Разам з гэтым пытанне правоў чалавека і дзеянняў сілавікоў у Беларусі набірае ўсё больш маштабнага значэння – кажа Гары Паганяйла:

-І акрамя гэтага можна будзе падключыць міжнародныя ўстановы, як, напрыклад, Раду Еўропы да таго, каб скаардынавана правесці даследаванне, аб’явіць аб фактах катаванняў і гвалту. Было б пажадана, каб міжнародная супольнасць прызнала незаконнасць дзеянняў беларускіх уладаў, і каб прыцягнула іх да адказнасці за парушэнне міжнародных пагадненняў у сувязі з іх жорсткім стаўленнем мірных людзей у РАУСах, турмах і іншых месцах.

Звесткі пра затрыманні і палітвязняў можна знайсці на сайтах праваабарончых арганізацыі Беларусі, якія пастаянна сочаць за пераследам грамадства з боку ўладаў.

Альберт Ежы Вяжбіцкі