Пачынаючы з 1995 года Вялікі барʼерны рыф страціў больш за палову арганізмаў, з якіх ён складаўся. Здольнасць Рыфу да рэгенерацыі знаходзіцца пад пагрозай, так вынікае з даследавання, апублікаванага ў сераду, 14 кастрычніка даследчыкамі з Універсітэта Джэймса Кука ў Аўстраліі.
Як пішуць навукоўцы, Вялікі барʼерны рыф шырынёй 2,3 тыс. км – найбуйнейшы ў сваім родзе прыродны абʼект, цягам апошніх 25 гадоў перажыў пяць цыклаў зніжэння сваёй актыўнасці, выкліканых павышэннем тэмпературы.
«Мы думалі, што Вялікі барʼерны рыф абаронены толькі яго памерам, але вынікі нашага даследавання паказваюць, што нават самая вялікая ў свеце і адносна добра абароненая рыфавая сістэма ўсё больш падвяргаецца рызыцы і руйнуецца», – заявіў адзін з аўтараў даследавання прафесар Тэры Хʼюз.
Рэкордныя тэмпературы прывялі да масавага знікнення буйных участкаў паўночнага і заходняга рыфаў у перыяд паміж 2016 і 2017 гадамі, а яшчэ адна хваля цяпла ў сакавіку гэтага года парушыла большую частку паўднёвай часткі рыфу.
На думку даследчыкаў, здольнасць рыфа аднаўляцца знаходзіцца пад сурʼёзнай пагрозай, гэта выклікана істотным змяншэннем колькасці каралаў, здольных размножвацца.
Размешчаны недалёка ад паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Аўстраліі Вялікі барʼерны рыф стаў домам для 400 відаў каралаў, 1,5 тысяч відаў рыб і 4 тысячаў відаў малюскаў. У 1981 годзе Рыф быў ўключана ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Выпуск перадачы «Навука і тэхніка» за 15 кастрычніка 2020 года слухайце ў далучаным файле!
PAP/эж