Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Польшчы можа не хапіць апаратаў ШВЛ

15.10.2020 18:16
Кіраўніцтва краіны разглядае розныя варыянты выхаду з крызіснай сітуацыі, у прыватнасці, будуць уведзеныя чарговыя абмежаванні.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneMikeDotta/ Shutterstock

За апошнія суткі ў краіне выкрыта больш за 8 тыс. новых выпадкаў заражэння каранавірусам SARS-CoV-2. Аналітык і стваральнік мадэлі масавага імунітэту, матэматык Кшыштаф Шчавіньскі лічыць, што спыненне эканомікі вясной бягучага году не дапамагло ў распаўсюджванні каранавіруса, а толькі адклала ў часе рост заражэнняў, паведамляе Gazeta Wyborcza. Паводле яго, вірус SARS-CoV-2 не ўдасца перамагчы так хутка, таму найбольш адпаведным выхадам з сітуацыі было б дапусціць да таго, каб як мага найбольш маладых людзей з моцным імунітэтам прайшло праз хваробу. Спецыяліст кажа, што такія вынікі ён атрымаў дзякуючы правядзенню сімуляцыі развіцця эпідэміялагічнай сітуацыі. Дзякуючы таму, што маладыя людзі будуць пераносіць заражэнне без сур’ёзных наступстваў, іх не трэба шпіталізаваць. У такой сітуацыі служба аховы здароўя зможа заняцца пажылымі людзьмі, якія знаходзяцца ў групе рызыкі. Адначасова трэба было б па меры магчымасці ізаляваць пажылых людзей і грамадзян, якія па стане здароўя знаходзяцца пад пагрозай. Адным словам, матэматык прапануе мадэль барацьбы з каранавірусам, якая падобная на шведскую. Пры гэтым Кшыштаф Шчавіньскі зазначае, што закрыццё эканомікі ці нейкіх яе сектараў не варта разглядаць у сувязі з вялізнымі эканамічнымі стратамі, паведамляе Gazeta Wyborcza.

****************
Выданне Dziennik Gazeta Prawna паведамляе пра тое, што калі рост заражэння каранавірусам утрымаецца на сённяшнім узроўні (больш за 8 тыс. чалавек за суткі), то апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх хопіць толькі на два тыдні. Гэта вынікае з матэматычнага мадэлявання сітуацыі, праведзенага навукоўцамі Варшаўскага ўніверсітэту. Таму кіраўніцтва краіны разглядае розныя варыянты выхаду з крызіснай сітуацыі, у прыватнасці, будуць уведзеныя чарговыя абмежаванні. Акрамя таго, у краіне складаная сітуацыя ў сувязі з недахопам медыцынскага персаналу – асабліва не хапае медсёстраў, якія спецыялізуюцца ў галіне анестэзіялогіі. Газета таксама нагадвае, што разглядаецца пытанне пераводу школаў на дыстанцыйнае навучанне. Акрамя ўсяго, выданне таксама падкрэслівае, што ў Польшчы 27% лекараў і 44% медсёстраў ва ўзросце, старэйшым за 60 гадоў. А гэта азначае, што яны знаходзяцца ў групе рызыкі заражэння каранавірусам, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

***************
Газета Rzeczpospolita таксама піша пра эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне. Так, выданне піша пра тое, што Нацыянальны фонд аховы здароўя Польшчы, які фінансуе медыцынскія паслугі ў краіне, не выключае, што ў сувязі з сітуацыяй будуць прыпыненыя планавыя аперацыі. Па-першае, дзякуючы такому ходу будзе мінімізаваная магчымасць заражэння пацыентаў каранавірусам, і па-другое, бальнічныя ложкі, якія адведзеныя на планавыя працэдуры, можна будзе выкарыстаць у барацьбе з каранавірусам. Новаўвядзенне не датычыла б анкалагічных працэдур, лячэння і аперацый, паведамляе Rzeczpospolita.

вс