Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларусы замежжа адыгрываюць важную ролю ў падзеях, якія адбываюцца ў Беларусі

21.10.2020 18:40
Яны націскалі і націскаюць на свае ўрады, каб тыя ўводзілі санкцыі супраць беларускага рэжыму.
Аўдыё
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com / Mazur Travel

На 31 кастрычніка запланаваны Сусветны кангрэс беларусаў. Мерапрыемства будзе адбывацца ў анлайн-фармаце, у ім будуць удзельнічаць беларусы з розных краінаў свету. Кангрэс працягнецца больш за суткі, запланаваныя 43 сесіі. Асноўнай задачай сустрэчы з’яўляецца кансалідацыя сацыяльнага, палітычнага, эканамічнага ды навуковага патэнцыялу беларускай нацыі дзеля вырашэння палітычнага ды эканамічнага крызісу і распрацоўкі плану пабудовы новай, свабоднай Беларусі.

Адзін са спікераў кангрэсу, дырэктарка Міжнароднага цэнтру грамадзянскіх ініцыятыў «Наш дом» Вольга Карач падкрэслівае вялікую ролю беларусаў замежжа ў падзеях, якія адбываюцца ў Беларусі.

- Дзякуючы беларусам замежжа, а не толькі беларускаму народу, які пратэстуе, тэма Беларусі не сыходзіць з павесткі дня ў замежных СМІ. Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў розных краінах сустракаюцца з палітыкамі, даносяць інфармацыю. Гэта анёлы Беларусі, якія не даюць тэме знікнуць, калі ўсе ўжо прызвычаіліся – маўляў, пратэстуюць, і што далей, Лукашэнка застаецца. Мы павінны выціснуць Лукашэнку з усіх яго пляцовак, мы павінны патрабаваць спыніць фінансаванне рэжыму. Лукашэнка атрымлівае праекты з Жэневы, Еўразвязу, з розных еўрапейскіх краін. Памер фінансавання, якое ён атрымліваў быццам бы на дэмакратызацыю, проста ўражвае. Калі мы хочам змяніць сітуацыю, трэба ўсё гэта спыняць.

За два месяцы беларускі народ зрабіў такія вялізныя крокі ў напрамку дэмакратызацыі дзяржавы, якія не ўдалося зрабіць за апошнія 26 гадоў. І гэта не было б магчыма без дапамогі беларусаў замежжа. Яны націскалі і націскаюць на свае ўрады, каб тыя ўводзілі санкцыі супраць беларускага рэжыму. І відаць ужо вынікі – 40 асоб з акружэння Лукашэнкі ды ён сам унесеныя ў санкцыйны спіс, спыняецца фінансаванне розных праектаў, якія Еўразвяз ладзіў з беларускімі ўладамі, між іншым, замарожаныя мільёны еўра, якія Беларусь магла атрымаць на барацьбу з эпідэміяй каранавіруснай інфекцыі. Нельга спыняцца, трэба ціснуць далей, – дадае Вольга Карач.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле