У аўторак 20 кастрычніка 2020 у Варшаўскім універсітэце адбылася першая лекцыя пад назвай «Беларусь – сёння і заўтра». Гэтыя заняткі, арганізаваныя Студыюм Усходняй Еўропы, карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў сувязі з цяперашняй сітуацыяй у Беларусі. Яны адметныя не толькі тым, што на іх прысутнічаюць сотні студэнтаў галоўнай вучэльні Варшавы, але і тым, хто іх вядзе. Паводле ідэі, лекцыі будуць адбывацца што тыдзень у анлайн-фармаце, а выкладчыкамі будуць запрошаныя госці. Першую лекцыю вялі Святлана Ціханоўская і Павел Латушка. Заснавальнік лекцый Ян Маліцкі так прадставіў ідэю і маштаб новых заняткаў у Варшаўскім універсітэце:
-245 чалавек запісаліся на гэтыя лекцыі за гадзіну. Гэта толькі паказвае маштаб зацікаўлення Беларуссю сярод студэнтаў Варшаўскага ўніверсітэта і звонку. Таму я запрапанаваў такую сістэму, што кожны тыдзень у нас будуць розныя адмыслоўцы і людзі, звязаныя з Беларуссю. Сёння ў нас знакамітыя госці – Святлана Ціханоўская і Павел Латушка.
На лекцыі Святлана Ціханоўская выступала па-англійску і расказала пра спецыфіку цяперашняй сітуацыі ў Беларусі. Яна таксама падзякавала за зацікаўленне і прысутнасць на гэтай лекцый студэнтаў Варшаўскага ўніверсітэта. Раней, на сустрэчы з выпускнікамі стыпендыі імя Кастуся Каліноўскага, Ціханоўская расказала пра мужнасць беларускіх студэнтаў, якія зараз становяцца рухавіком перамен, а за сваю актыўнасць падвяргаюцца рэпрэсіям і рэальным прысудам з боку ўладаў:
-Сёння студэнту ўражваюць сваёй смеласцю. Яны штодня даказваюць, што ніхто не можа ім забараніць выказваць сваё меркаванне, змагацца і перамагаць. Яны паказваюць жаданне жыць у свабоднай краіне, дзе шануюцца правы і акадэмічныя свабоды. Сёлета страх рэжыму перад свабоднымі і самастойнымі грамадзянамі павярнуўся гвалтам супраць грамадзян. Але гвалт, рэпрэсіі і адлічэнні студэнтаў і звальнення выкладчыкаў - гэта паказчык слабасці рэжыму. Я шкадую і шчыра перажываю за кожнага затрыманага студэнта, іх бацькоў і выкладчыкаў, якія іх падтрымліваюць. Рэпрэсіі ў вольнай і дэмакратычнай Беларусі быць не можа. Любы ціск на студэнтаў, сыходзячы з іх грамадзянскай пазіцыі, недапушчальны.
Былая кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі падкрэсліла ролю адукацыі і людзей, якія імкнуцца да ведаў, у развіцці будучай, свабоднай Беларусі. Святлана Ціханоўская расказала пра свой падыход да адукацыі і студэнцтва і тое, хто будзе займацца гэтымі пытаннямі ў альтэрнатыўным урадзе. Абвесціла таксама пачатак новай платформы для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў.
-Улады баяцца іншадумства ў акадэмічным асяроддзі. Яны баяцца вас, бо вы сапраўдная сіла, вы будучыня, вы наша надзея. Адукацыю я лічы сапраўднай інвестыцыяй у сябе, вашу будучыню і будучыню Беларусі. Вы любіце сваю краіну і вы гатовы змагацца за яе нягледзячы на жорсткасць уладаў. Я цешуся за тых з вас, хто заўсёды марыў атрымаць прэстыжную, замежную адукацыю. Сёння гэта мара спраўджваецца, вы стаеце часткай глабальнай акадэмічнай супольнасці, пазнаеце іншыя краіны, іх культуру, мовы і дзяржаўныя сістэмы. Гэта дапаможа вам будаваць масты між Беларуссю і Еўропай, а таксама ўсім свабодным светам. Вы - студэнты і моладзь - вельмі важныя для Беларусі. Таму адной з першых прадстаўніц я абрала прадстаўніцу па справах моладзі і студэнтаў - Алену Гебрэмарыям з Задзіночання Беларускіх Студэнтаў. Таксама абвяшчаю стварэнне платформы, якая аб'яднае заходнія стыпендыі для рэпрэсаваных студэнтаў і стане крыніцай абмену інфармацыі.
Ролю беларускай моладзі, якая зараз актыўна змагаецца за сваю свабоду ў Беларусі, але і тых, хто на працягу гадоў быў вымушаны пакінуць радзіму, падкрэсліў Павел Латушка. Ён расказаў пра тое, што сіла моладзі была заўсёды важнай часткай перамен у любой аўтарытарнай дзяржаве, а таксама ўспомніў свае маладыя гады:
-Моладзь заўсёды з'яўлялася рухавіком, якія адбываюцца ў розных краінах. І тое, што сёння бачым у Беларусі - гэта сапраўды вялікая актыўнасць маладога пакалення беларусаў. Пакаленне, якое нарадзілася ў незалежнай Беларусі, цёпла адносіцца да сваёй радзімы, якая засталася ім ад прадзедаў, якія хочуць каб яна была далей незалежнай, але дэмакратычнай і свабоднай. Тое, што адбываецца зараз - гэта і трагічныя і радасныя дні. Трагізм заключаецца ў тым, што дзясяткі тысяч людзей рэпрэсуюцца з боку рэжыма, але радасць перапаўняе ўсіх нас, бо бачым вялікі грамадскі рух, якія заіснаваў у Беларусі, а вялікай часткай яго з'яўляюцца студэнты.
Калі я быў студэнтам гістарычнага факультэта БДУ мы таксама сядзелі каля прыёмнай рэктара, таму што хацелі выключыць са студэнтаў аднаго з нашых паплечнікаў, які выказваў сваю пазіцыю і нязгоду з тым, што адбывалася тады ў нашай краіне. Вельмі важна калі паказваем сваю еднасць, тое што мы разам.
Павел Латушка папрасіў беларусаў Варшавы, якія зараз вучацца на сталічным ВНУ, каб пасля перамогі беларускай рэвалюцыі яны вярнуліся на радзіму і дапамагалі будаваць новую, прафесійную і паспяховую Беларусь.
-Новай, маладой, дэмакратчынай Беларусі будуць патрэбныя маладыя прафесіяналы. Тыя, хто будуць аддаваць сваю сілу, сэрца, для таго каб будаваць нашу квітнеючу, цудоўную краіну - Беларусь, якой мы будзем ганарыцца ўсе разам.
У мінулым акадэмічным годзе на польскіх ВНУ вучылася аж 7 тысяч беларусаў. Гэтая колькасць уражвае, але і засмучвае. Гэтыя людзі часта былі вымушаныя пакінуць Беларусь у сувязі з палітычнай сітуацыяй і ідэалагізацыяй айчыннай адукацыі. Зараз яны маюць магчымасць атрымаць выдатную адукацыю за мяжой і стаць адмыслоўцамі, якія будуць развіваць свае галіны ведаў у свабоднай Беларусі.
Слухайце аўдыёфайл
Альберт Ежы Вяжбіцкі