Жыць сёння ў свеце без доступу да інтэрнэту, сацсетак і месенджэраў амаль немагчыма. Уся інфармацыя, якая да нас даходзіць, знаходзіцца і распаўсюджваецца праз сусветную сетку. У 21 стагоддзі нашыя выказванні могуць здабыць куды большую аўдыторыю, чым раней. Калісці для гэтага трэба было быць вядучым тэле-шоў, або арганізаваць пікеты. Аднак, варта часам задумацца: а што калі мяне не стане? Што будзе з маім акаўнтам?
Украінскі ютубер Максым Шчэрбына з каналу «Телебачення Торонто» у адным са сваіх апошніх ролікаў нагадаў сітуацыю з Нямеччыны, дзе з 2012 года працягвалася сапраўдная прэцэдэнтная гісторыя пра бацькоўскія правы на доступ да акаўнта памерлай дачкі, якая загінула ва ўзросце 15 гадоў:
-Гэтая гісторыя стала сапраўдным прэцэдэнтам, бо да таго часу спадчына не пашыралася на лічбавы свет. У жыхароў Берліна дачка трапіла пад цягнік і загінула, а яны хацелі даведацца, ці гэта быў няшчасны выпадак, ці спроба самагубства. Адказ на гэта можна было атрымаць правяраючы яе паведамленні, але фейсбук адмовіў у доступе да акаўнта дзяўчыны. У 2015 годзе берлінскі суд прызнаў бацькам права на доступ да запісу акаўнта дачкі, але замест таго яны атрымалі копію яе профілю ў ПДФ фармаце, з 14000 старонак дадзеных. З іншага боку, пазіцыю сацсеткі можна зразумець – яна ахоўвала прыватныя размовы памерлай дзяўчыны з людзьмі, якія жывыя, які не далі згоды на тое, каб чытаць іх паведамленні. Урэшце рэшт федэральны суд вырашыў, што інтарэсы бацькоў важнейшыя. Але згадзіцеся, што ганяць 8 гадоў па судам – слабы спосаб заявіць пра правы на доступ да лічбавых дадзеных сваіх сваякоў.
Па гэтай прычыне могуць узнікнуць пытанні і сумневы: што і як мне рабіць, каб забяспечыць сваю лічбавую прыватнасць. Як зрабіць, каб хтосьці мог перадаць людзям інфармацыю пра маю смерць, і ці магчыма, каб фейсбук не ставіў у няёмкай сітуацыі маіх знаёмых пасля майго адыходу, дасылаючы паведамлення пра... чарговы дзень народзінаў? Усе веды пра асноўныя сацсеткі і палітыку сабраў канал The Infographics Show:
-Ёсць некалькі рэчаў, якія вы можаце зрабіць для таго, каб забяспечыць сваю анлайн-будучыню без хваляванняў. Калі фейсбук даведаецца пра вашу смерць, ён можа даць доступ да вашага акаўнта чалавеку, якога вы выбралі ў наладжваннях профілю як «пераемніка». Такі чалавек можа змяніць вашу профільную фотку, напісаць развітальны пост, але не можа нічога выдаліць, дадаваць сяброў і чытаць прыватныя паведамленні. Вызначыць, што стане з вашым акаўнтам пасля смерці лёгка. Гэта павінна быць лёгка, бо ў інтэрнеце можна знайсці інфармацыю, што ў 2018 кожнага дня памірала каля 8 тысяч карыстальнікаў фейсбука! З паслясмяротнымі правамі інстаграма сітуацыя выглядае падобным чынам. Адзіная розніца такая, што твае блізкія могуць папрасіць платформу замарозіць твой акаўнт, яны не могуць ані пісаць, ані змяняць фота. У твітэры, напрыклад, адзінае, што можа адбыцца з акаўнтам пасля смерці – гэта яго скасаванне, таксама па просьбе блізкіх. Па праўдзе, большасць сайтаў карыстаецца такім правілам.
Зараз я яшчэ раз пастараюся пераканаць Вас у тым, чаму забяспечыць свае дадзеныя важна і варта. Як вядома, тэхналогія вельмі хутка ідзе наперад. Сёння мы ведаем пра выпадкі крадзяжы акаўнтаў памерлых людзей для таго, каб або проста запалохаць знаёмых, або скарыстацца шантажом. Зараз развіваюцца тэхнікі, якія могуць даць новыя спосабы “ўваскрэсення”. Гаворка пра падмену твараў, якая ўжо даступная і на некаторых смартфонах. Хопіць спампаваць фотку любога чалавека і ў хвіліну кожны з нас, нават пасля смерці, зможа стаць тварам нейкай рэкламы... Дарэчы, гэта ўжо адбываецца! У гэтым годзе ў ЗША ў сувязі з выбарамі пачалася адмысловая кампанія, у якой забіты зброяй падлетак расказвае, што... прайшлі ўжо два гады, як яго няма, а ў пытанні дазволу валодання зброяй не змянілася нічога. Кампанія называецца unfinishedvotes.com і патрабуе змены ў праве аб карыстанні зброяў у ЗША. Кампанія выкарыстоўвае гісторыі людзей, якія не дажылі моманту свайго першага галасавання і зараз з іншага свету заклікаюць адмяніць гэты дазвол, які непасрэдна спрычыніўся да іх смерці. Можам сказаць, што гэты прыклад у нейкім сэнсе пужае. Уявіце сабе, што пасля вашай смерці вашыя дзеці ўбачаць Вас на тэлебачанні. Гэта ўжо магчыма! Пакуль ні ў Беларусі, ні ў Еўразвязе, ні ў ЗША справа партрэту памерлага пасля яго смерці не вызначана законам і ў бліжэйшыя гады можам чакаць новых рэкламаў з тварам таго, каго не стала. Да моманту чарговай прэцэдэнтнай справы ў судзе.
-Калі ты ведаеш, што збіраешся памерці, можаш пакінуць камусьці свае дадзеныя і паролі, але, хутчэй за ўсё, гэта апошняе, пра што мы думаем. Нягледзячы на тое, што будзе з табой пасля смерці, у інтэрнэце ты застанешся на заўсёды, бо твая актыўнасць у інтэрнэце не знікае. Паспрабуйце, напрыклад, пашукаць сваё імя ў пошукавай сістэме. Гэтая інфармацыя не знікне. Калі хочаш, каб твае акаўнты і дадзеныя былі захаваныя і трапілі ў добрыя рукі, то лепш пачаць клапаціцца пра гэта сёння. Карысную інфармацыю можна атрымаць чытаючы «Правілы карыстання», якіх ніхто ніколі не чытае. Але ўрэшце рэшт, тое што адбудзецца з тваімі сацсеткамі пасля смерці, не такі ўжо клопат для цябе, бо ты сышоў. Варта, аднак, думаць і памятаць пра тое, што гэта можа быць важна для тваёй сям’і, сяброў і блізкіх.
Можа і да сённяшняга дня вы не задумваліся пра тое, што стане з Вашым Фейсбукам, Укантакце, Інстаграмам пасля смерці. Аднак, спадзяюся, што гэты матэрыял прынамсі крыху пераканаў вас у тым, што варта задумацца аб тым, якім чынам і кім будзе кіравацца «вашая» актыўнасць у інтэрнэце пасля смерці. Праверце наладжванні вашых сацсетак, вызначце таго, хто зможа імі кіраваць, калі вас ужо не стане.
Слухайце аўдыёфайл
Альберт Ежы Вяжбіцкі