Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Вугорскі прэм’ер Пал Тэлекі ўганараваны помнікам у Кракаве

05.11.2020 13:54
Калі Пал Тэлекі ў другі раз займаў пасаду прэмʼер-міністра, летам 1939 года ён без ваганняў адмовіў Гітлеру ва ўдзеле ва ўзброенай агрэсіі супраць Польшчы.
    (1933 )
Партрэт графа Пала Тэлекі (1933 год)Foto: Bertalan Karlovszky, Wikimedia Commons/dp

У сераду,4 лістапада на тэрыторыі Ваяводскай бібліятэкі ў Кракаве быў адкрыты помнік графу Палу Тэлекі – прэмʼер-міністру Вугоршчыны (1920-1921 і 1939-1941), які дапамагаў Польшчы падчас польска-бальшавіцкай вайны, а таксама пасля нямецкай агрэсіі 1939 года, пішуць на партале гістарычнай тэматыкі dzieje.pl.

Цырымонія адкрыцця помніка, аўтарства Стэфана Доўза, павінна была адбыцца 9 і 10 лістапада, напярэдадні Дня незалежнасці Польшчы. Аднак з-за эпідэмічнай сітуацыі ўрачыстая цырымонія была перанесеная на больш позні тэрмін. Ініцыятарам устаноўкі помніка стаў грамадскі камітэт, створаны для гэтай мэты. Помнік фінансаваўся за кошт грантаў Малапольскага ваяводства.

Кракаўскае адзяленне Інстытуту нацыянальнай памяці нагадвае, што Пал Тэлекі быў вялікім сябрам Польшчы. У ліпені 1920 года ў пераломны момант польска-бальшавіцкай вайны тагачасны прэмʼер-міністр Вугоршчыны Пал Тэлекі звярнуўся са зваротам да дзяржаў Антанты з просьбай, каб Еўропа падтрымала Польшчу. Услед за словамі рушылі справы – у перыяд ключавых баёў 12 жніўня 1920 года ў Скерневіцы прыбыў транспарт з 22 мільёнамі снарадаў з завода Манфрэда Вайса ў Кепелі. Усяго ў 1919-1921 гадах урад Вугорскага Каралеўства перадаў Польшчы каля 100 мільёнаў гарматных снарадаў, незлічоную колькасць ваеннай тэхнікі і амуніцыі.

Калі Пал Тэлекі ў другі раз займаў пасаду прэмʼер-міністра, летам 1939 года ён без ваганняў адмовіў Гітлеру ва ўдзеле ва ўзброенай агрэсіі супраць Польшчы. Пасля нападу Вермахта і Чырвонай Арміі менавіта дзякуючы Тэлеку Вугоршчына прымала польскіх салдат і мірнае насельніцтва.

Тады ў Вугоршчыну трапіла больш за 100 тысяч палякаў, для якіх тагачасны прэмʼер Тэлекі адкрыў межы. У красавіку 1941 года III Рэйх настойліва спрабаваў уцягнуць Вугоршчыну ў вайну супраць Югаславіі. Будучы не здольным гэта перадухіліць, 3 красавіка 1941 года прэмʼер Пал Тэлекі здзейсніў самагубства, выказаўшы ў перадсмяротнай запісцы сваё абурэнне парушэннем дадзеных Югаславіі абавязацельстваў.

У 2001 годзе Пал Тэлекі быў пасмяротна ўзнагароджаны камандорскім крыжам Ордэна Заслугаў перад Рэспублікай Польшчай.

Вугорскага прэмʼера, вялікага сябра Польшчы Пала Тэлекі ўзгадвалі на партале dzieje.pl.

эж