Газета Rzeczpospolita апублікавала інтэрв’ю з дарадцам прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага па пытаннях пандэміі каранавіруса Анджэям Горбанам. Прафесар шчыра расказвае пра тое, у якой сітуацыі апынулася Польшча і гэта зусім не вясёлая карціна.
Паводле звестак, у некаторых шпіталях смяротнасць сярод хворых на COVID-19 дасягае 65% адсоткаў, а Горбан прагназуе, што лічбы могуць толькі павялічвацца. На мяжы трываласці знаходзіцца і сістэма штучнай вентыляцыі лёгкіх, шмат якія шпіталі не падрыхтаваныя да пастаяннай падачы кіслароду пацыентам, бо хворым на каранавірус патрабуецца аж 60-80 літраў кіслароду ў хвіліну.
Акрамя таго, уся польская сістэма аховы здароўя перайшла ўжо мяжу сваёй эфектыўнасці – таму і неабходна будаваць часовыя шпіталі для хворых на кавід. Паводле падлікаў прафесара Горбана, максімальная колькасць даступных ложкаў складае каля 30 тысяч. Калі да гэтага дадамо ложкі, даступныя ў новапабудаваных шпіталях, іх колькасць складзе 50 тысяч, што ўсцяж вельмі мала, у сітуацыі калі штодзённа інфекцыя пацвярджаецца ў 30 тысяч чалавек, з каторых 5-6 тысяч неабходна адправіць у шпіталь.
Анджэй Горбан таксама падкрэслівае: «Трэба забараніць людзям выхадзіць з дамоў без прычыны, хіба што яны працуюць ва ўстановах, якія неабходныя для функцыянавання краіны. Усе астатнія прадпрыемствы ды ўстановы трэба закрыць на месяц».
Rzeczpospolita/аев