У польскіх СМІ не сціхаюць водгукі ад Маршу Незалежнасці, які адбыўся ў сераду, у 102 гадавіну здабыцця незалежнасці пасля першай сусветнай вайны. Марш традыцыйна арганізуецца ўжо некалькі гадоў запар і збірае сотні тысяч удзельнікаў – напамінае Rzeczpospolita.
У гэтым годзе сітуацыя павінна была быць іншай. У сувязі з пандэміяй каранавіруса, арганізатары заклікалі да ўдзелу ў Маршы ў мабільнай форме – у машынах і на матацыклах. Нягледзячы на афіцыйныя заклікі, удзельнікі пайшлі пешшу і здарылася некалькі інцыдэнтаў. Між іншым, пацярпела больш за 30 паліцыянтаў, у непасрэдных сутычках з групамі футбольных псеўдафанатаў.
Удзельнікі маршу выкрыквалі крыўдныя лозунгі і кідалі фаеры ў паліцыянтаў. Некалькі фаяраў было кінута ў дом, на балконе якога вісеў плакат страйку жанчын, які ахапіў Польшчу 3 тыдні таму. У выніку загарэлася адна кватэра.
Паліцыя затрымала больш за 300 асоб, супраць 36 будуць распачатыя крымінальныя справы. Праваахоўнікі кажуць, што правакацыі ладзілі ўдзельнікі маршу, а арганізатары шэсця абвінавачваюць другі бок. Як бы там не было, у чарговы раз Свята Незалежнасці Польшчы выклікала шмат неадназначных рэакцый і канфліктаў у польскім грамадстве. Парламентарны клуб левых сілаў падаў хадайніцтва аб дэлегалізацыі арганізатара шэсця – Таварыства «Марш Незалежнасці».
Rzeczpospolita/аев