Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Фірмы выкарыстоўваюць страйк жанчын у Польшчы дзеля ўласных інтарэсаў

14.11.2020 14:00
Чырвоная маланка – сімвал страйку – паяўляецца на розных прадуктах і таварах.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/Clker-Free-Vector-Images/CC0 Creative Commons

У Польшчы аб’яўлены страйк жанчын – пратэст супраць забароны правядзення абортаў у выпадку цяжкага пашкоджання плоду. Чырвоная маланка – сімвал страйку – паяўляецца на розных прадуктах і таварах – пячэнні, кашульках і масках, а нават на сайце аднаго з банкаў – піша выданне Sieci.

На думку прафесара Дамінікі Маісон (Dominika Maison) з факультэту псіхалогіі Варшаўскага ўніверсітэту, заангажаванне вялікага банку ў такі востры канфлікт парушае прынцып нейтральнасці, якога стараюцца прытрымлівацца кампаніі. Дарэчы, як паказваюць даследаванні, часта большасць кліентаў розных устаноў ці спажыўцоў абсалютна не ведае, пра што ідзе гаворка, нават калі фірма ўключаецца ў нейкі канфлікт, які, па меркаваннях СМІ, вядомы шырокаму колу людзей. Аказваецца аднак, што бальшыня пра яго зусім не чула і не хоча ангажавацца.

Маланка павілася не толькі на сайце другога па велічыні прыватнага банку ў Польшчы, але таксама на пірожных адной з кандытарскіх, гэтым жа знакам дэкарыруе сваю каву адна з варшаўскіх кавярняў. Пра падтрымку страйку жанчын заяўляюць невялікія кампаніі па продажу вопраткі і касметыкі, сярод кліентаў якіх пераважаюць маладыя жанчыны. Гэта здарылася вельмі хутка, паколькі ў выпадку фірмаў, якія абслугоўваюць маладых кліентаў, час рэакцыі мае фундаментальнае значэнне.

«Няма сумненняў, што канфлікт, звязаны з рашэннем Канстытуцыйнага суду наконт абортаў, гэта глыбокі ідэалагічна-палітычны канфлікт. Для многіх людзей, суб’ектаў гаспадарання, гэта можа быць нагода, якую магчыма выкарыстаць у палітычных, грамадскіх або камерцыйных мэтах», – адзначае сацыёлаг прафесар Малгажата Багуня-Бароўска з Ягелонскага ўніверсітэту ў Кракаве.

Спецыялісты кажуць, што некаторыя фірмы выкарыстоўваюць страйк жанчын, каб павялічыць сваё абарачэнне, а ў далейшай перспектыве заваяваць лаяльных кліентаў, якія могуць ідэнтыфікаваць сябе з канкрэтнай маркай. Маладыя людзі, купляючы, напрыклад, вопратку, кіруюцца эмоцыямі. Марка павінна паказаць іх «Я». Купляючы рэчы канкрэтнай маркі, якая адкрыта выражае свае погляды, маладыя высылаюць акружэнню сігнал «Я так адчуваю, я так думаю», – кажа Агнешка Вільчак з факультэту ўпраўлення Варшаўскага ўніверсітэту.

нг