«Беларусы не забудуць пра забойствы» – піша Gazeta Wyborcza. Праваабаронцы налічылі ўжо дзесяць чалавек, якія сталі ахвярамі падчас разгонаў сёлетніх пратэстаў або падазраецца, што іх смерць была звязана з рэпрэсіямі. Праўда, беларускія ўлады пацвердзілі толькі чатыры смяротныя выпадкі, але ні разу ў афіцыйных заявах не было фармуліроўкі, якая дазволіла б меркаваць, што ўлады бяруць на сябе адказнасць за смерць сваіх грамадзян. У астатніх выпадках праваабаронцы называюць гібель людзей «падазронай», паколькі няма доказаў, што іх забілі прадстаўнікі сілавых структур, але існуюць такія падазрэнні.
Незалежныя СМІ падвялі вынікі першых ста дзён беларускай рэвалюцыі. За гэты час было затрымана 25800 чалавек, 24 тыс. з якіх атрымалі адміністрацыйныя пакаранні, было ўзбуджана 900 крымінальных справаў. Нягледзячы на тое, што чатыры тысячы асоб падалі заявы на сілавікоў, з абвінавачаннем у катаванні, жорсткім абыходжанні і гвалце, СК не ўзбудзіў аніводнай справы супраць прадстаўнікоў сілавых ведамстваў. Таксама, дарэчы, як у выпадку смерцяў ахвяр.
Прадстаўнікі ўладаў на пытанні пра ахвяр, або пазбягаюць адказу, або пераводзяць адказ на іншую тэматыку. Напрыклад, кажучы пра забойства Рамана Бандарэнкі на мінулым тыдні, Лукашэнка заявіў, што на працягу сутак загінула пяць чалавек у дарожна-транспартных здарэннях, а пра іх ніхто не згадвае.
Тым не менш, беларусы шануюць памяць забітых падчас разгону пратэстаў. «Мы не забудзем яго забойства. Імя Рамана ўвойдзе на старонкі сучаснай гісторыі Беларусі як імя героя», – заверыла Святлана Ціханоўская.
нг