На дадзены момант у Беларусі 121 чалавек прызнаны палітвязнем. І адзін вязень, не прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітычным, але прызнаны Міжнароднай амністыяй вязнем сумлення (Яўген Разнічэнка). Адной з форм падтрымкі і салідарнасці з палітзняволенымі з’яўляюцца лісты, якія можна дасылаць ім у месцы зняволення.
Яна Ганчарова, правабааронца «Human Constanta» адзначае, што пісаць палітзняволеным важна. Палітвязні знаходзяцца ва ўмовах моцнай інфармацыйнай ізаляцыі, ізаляцыі ад людзей. Яны знаходзяцца ў цяжкіх умовах, на іх ціснуць псіхалагічна. Лісты – гэта фактычна адзіная сувязь са знешнім мірам: з навінамі, са сваякамі, сябрамі, новымі знаёмымі, з эмоцыямі.
-Я заклікаю пісаць палітзняволеным, расказваць навіны, свае гісторыі, што адбываецца ў вашым жыцці, паколькі ў іх нічога не адбываецца. Многія баяцца, а што можна пісаць. Многія не ведаюць, што ёсць цэнзары, які чытаюць гэтыя лісты. Паяўляецца шмат пытанняў. Ці можна пісаць ім пра тое, як я быў у падарожжы? Ці ім не будзе сумна гэта чытаць. Ці можна пісаць пра радасныя рэчы, калі яны сядзяць у такіх умовах. Вельмі шмат незразумення, як гэта працуе. Таму я і пішу ў сацсетках, каб адказаць на асноўныя пытанні, падштурхнуць тых, хто перажывае ці сумняваецца, ці пісаць такі ліст.
Праваабаронца гаворыць, што ў СІЗА ці калоніях няма абмежаванняў па колькасці лістоў, якія могуць атрымліваць вязні. З іншага боку лісты з’яўляюцца часткай псіхалагічнага ціску на палітзняволеных. Вядома, што Марфе Рабковай, праваабаронцы цэнтру «Вясна», не перадаюць лісты ад блізкіх і сяброў, каб аказаць ціск, але пры гэтым перадаюць лісты ад чужых. «Гэта латарэя, у якую ніколі не вядома, ці можна выйграць, – дадае Яна Ганчарова. -Ліст можа альбо дайсці, альбо не. Яго можа прапусціць цэнзар, альбо не прапусціць. Я б сказала, што важна пісаць як мага больш лістоў, каб прайшла таксама большая іх колькасць».
Ёсць яшчэ адзін фактар.
-Лісты ўплываюць не толькі на адрасата, але і тых, хто па дарозе: на цэнзараў, на аперупаўнаважаных, адказных за перапіску. Яны бачаць, што да чалавека ёсць цікавасць, што аб ім клапоцяцца. Гэта зніжае верагоднасць дадатковага ціску. Гэта фактар, які можа абараніць зняволенага ад нейкіх іншых праблем.
Пісанне лістоў важнае і для тых, хто іх піша. Гэта праяўленне салідарнасці, падтрымка людзей, якія пацярпелі за агульную справу. Не кожны можа выйсці на пратэст, а ліст можа напісаць ужо кожны.
Яна Ганчарова збірае пра палітзняволеных усю магчымую інфармацыю, якая можа быць карысная для тых, хто збіраецца ім напісаць. Сама яна аб’явіла акцыю бестэрміновай дзейнасці, калі напіша ўсім 122 чалавекам, з нікім асабіста Яна Ганчарова не знаёмая. Што пісаць такім людзям?
-Самы звычайны пачатак: Прывітанне, мяне завуць так і так. Можна напісаць, чаму вы выбралі напісаць менавіта гэтаму палітзняволенаму, нават калі ён быў выбраны лёсава. Я ў сваёй табліцы давала дадатковую інфармацыю пра зняволеных. Магчыма, у вас ёсць агульныя інтарэсы. Сярод затрыманых ёсць танцоры, ёсць дзяўчына, якая цікавіцца яздой на матацыкле. Можна знайсці чалавека з агульным зацікаўленнем і пра яго пагаварыць. Можна расказаць пра сябе, дзе вы працуеце, нейкую гісторыю, якая здарылася з вамі апошнім часам і вас парадавала, здзівіла. То бок даць нейкую эмоцыю. Для першага знаёмства гэтага будзе дастаткова. Потым чалавек адкажа і перапіска пойдзе сама сабой.
Частым элементам, які таксама можна выкарыстоўваць, з’яўляюцца малюнкі.
Варта ў канверт укласці чыстыя канверты і маркі, каб зняволены меў магчымасць адправіць адказ.
Спісы палітзняволеных, складзены Янай Ганчаровай, можна знайсці тут. Таксама спіс ёсць на старонцы праваабарончага цэнтру «Вясна».
ав