Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

BSSF: Спорт па-за палітыкай - гэта не пра Беларусь

03.12.2020 14:29
Аднымі з тых, хто выказаў сваю незадаволенасць паслявыбарчымі падзеямі ў Беларусі, былі спартоўцы.
Аўдыё
  • Спорт па-за палітыкай - гэта не пра Беларусь
.
.BSSF

У выніку на іх пачалі аказваць ціск, запужваць, звальняць, пазбаўляць стыпендыі, зарплат, трэніровак. Каб дапамагчы спартоўцам працягваць спартыўную кар’еру, быў створаны Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (BSSF), які аказвае матэрыяльную, юрыдычную і псіхалагічную падтрымку. Сёння прайшла прэс-канферэнцыя фонду, на якой былі агучаныя яго галоўныя дасягненні.

З пачатку працы фонд зрабіў многае – гаварыла сёння на прэс-канферэнцыі старшыня фонду, трохразовая алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя. Сярод галоўных дасягненняў, якія яна назвала, ёсць стварэнне ўмоваў для далейшай кар’еры спартоўцаў, пазбаўленых такой магчымасці:

-Мы пабудавалі камунікацыю з Міжнародным алімпійскім камітэтам, міжнароднымі федэрацыямі. Адным з самых важных дасягненняў нашага фонду з’яўляецца тое, што мы накіравалі ліст у МАК, дзе мы расказвалі пра факты парушэння правоў спартоўцаў, расказвалі пра канкрэтныя факты звальненняў і выдалення калегаў з нацыянальных зборных.

Стала вядома, што 26 кастрычніка Міжнародны алімпійскі камітэт распачаў фармальную працэдуру супраць беларускага камітэта ў сувязі з пераследам спартоўцаў. У адказ Фонд спартыўнай салідарнасці выслаў юрыдычны дакумент з дакладным апісаннем парушэння правоў спартоўцаў у Беларусі, выдаленых з нацыянальнай алімпійскай зборнай.

Выканаўчы дырэктар фонду Аляксандр Апейкін расказаў, што гэта шэсць прадстаўнікоў беларускага спорту: чатары прадстаўнікі лёгкай атлетыкі і два дзюдо:

-Гэта алімпійскі прызёр у Пекіне, чэмпіён Еўропы Андрэй Краўчанка, чэмпіёнка міра Вольга Мазуронак, Дар’я Барысевіч, член нацыянальнай зборнай Святлана Кудзеліч. Правы гэтых лёгкаатлетаў былі груба парушаныя. Яны былі пазбаўленыя доступа да трэніровачнай базы, былі пазбаўленыя фінансавання, на іх аказваўся рознабаковы ціск. Андрэй Краўчанка і Святлана Кудзеліч былі выдаленыя з нацыянальнай каманды, што з’яўляецца грубым парушэннем Алімпійскай хартыі. Калі казаць пра дзюдо, то гэта Аляксандар Махавяк і Дзмітры Шэршэнь. Усе гэтыя людзі падпісалі ліст супраць насілля.

Спартоўцаў дзюдаістаў таксама выключылі з нацыянальнай каманды і пазбавілі магчымасці трэніравацца.

Заява Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці была падмацавана экспертным аналізам нямецкай адвакацкай канторы Клінкер ПРО, якая спецыялізуецца ў правах спартоўцаў. Паводле нямецкіх адмыслоўцаў, НАК Беларусі груба парушае Алімпійскую хартыю. У выніку парушэнняў хартыі МАК абавязаны прадпрыняць крокі ў дачыненні да Беларусі і ўвесці санкцыі.

BSSF таксама адправіў у МАК спіс усіх спартоўцаў, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю. На сённяшні дзень, паводле Аляксандра Апейкі, гэта больш за 60 чалавек. Сярод іх 15 чалавек прайшлі праз турэмнае зняволенне. «У сувязі з гэтым парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, у прыватнасці правоў спартоўцаў, з’яўляецца аб’ектыўным», – дадаў Апейка.

Да трагічных падзей у Беларусі, у прыватнасці да смерці Рамана Бандарэнкі, датычныя высокія спартыўныя функцыянеры – нагадаў на прэс-канферэнцыі кіраўнік міжнароднага дэпартамента фонду, старшыня камісіі па этыцы Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь Анатоль Котаў.

Смерць Рамана стала апошнім штуршком для заявы ў Міжнародную федэрацыю хакея і МАК, асабліва напярэдадні Чэмпіяната міру па хакею, лёс якога яшчэ не вырашаны. Анатоль Котаў перакананы, што іх зварот у федэрацыю хакея толькі дапаможа прыняць рашэнне аб тым, што ў Беларусі не павінны праводзіцца матчы Чэмпіянату свету.

- Не час для свята, асабліва калі яго арганізоўваюць людзі, якія дэкларуюць, што спорт па-за палітыкай. Адначасова ў другім сваім абліччы прасоўваюць палітычную павестку дня, не дазваляюць спартоўцам выказваць сваё меркаванне, аказваюць ціск на сваіх падначаленых, тых, хто ад іх залежыць. А самае жахлівае – яны становяцца датычнымі да смерці людзей, якія спрабавалі адстаяць свае палітычныя погляды. Хоць справа Рамана Бандарэнкі не мае прамых адносін да спорту, то ўсё ж немагчыма аддзяліць персанальна кіраўніка Федэрацыі хакея Беларусі і члена выканкама НАК Беларусі, кіраўніка хакейнага клуба «Дынама» ад чалавека, які хавае пад маскай свой твар. Ёсць маса сведчанняў, якія пацвярджаюць дачыненне Дзмітрыя Баскава да смерці Рамана Бандарэнкі і да парушэнне правоў беларускіх спартоўцаў.

Анатоль Котаў перакананы, што Міжнародная федэрацыя хакея не зможа не звярнуць увагу на відавочныя парушэнні Кодэкса этыкі гэтай жа федэрацыі. BSSF перакананы, што Дзмітрый Баскаў павінен адказаць за свае злачынствы.

Спорт знаходзіцца па-за палітыкай – гэта сцвярджэнне не адпавядае актуальнай сітуацыі ў Беларусі. У гэтым годзе ўся краіна была ўцягнутая ў палітыку, спорт у тым ліку – канстатаваў Анатоль Котаў.

ав