На будучым тыдні ў Польшчу павінны быць пастаўленыя другая вакцына, выпушчаная канцэрнам Moderna. Гэта другая пасля Pfizer/BionTech прывіўка, на выкарыстанне якой згадзілася Еўракамісія.
Нацыянальная праграма вакцынацыі супраць COVID-19 стартавала ў Польшчы 27 снежня і колькасць прывітых палякаў павольна набліжаецца да 200 тысяч. Аднак, як заяўляюць эксперты, каб працэс вакцынацыі быў эфектыўны прывіцца павінны ад 70%-80% грамадзянаў.
Старшыня Агенцтва матэрыяльнага рэзерву Міхал Кучмяроўскі(Michał Kuczmierowski) паведаміў, што першыя пастаўкі вакцыны супраць COVID-19 канцэрну Moderna ў Польшчу павінны адбыцца на наступным тыдні.
Нагадваем, прывіўка фармацэўтычнага канцэрну Moderna была зацверджаная Еўракамісіяй у апошнюю сераду. У рамках механізму сумесных закупак ЕС Польшча павінна атрымаць 6,7 млн дозаў. Зараз вядуцца перамовы з вытворцам па справе графіка паставак:
- На дадзены момант мы пацвердзілі пастаўку 29 тысяч дозаў на будучым тыдні. Чарговая пастаўка павінна адбыцца да канца студзеня. Агулам да канца бягучага месяца мы павінны атрымаць каля 70 тысяч дозаў гэтай вакцыны. Паводле заяваў, у першым квартале бягучага года Польшча павінна атрымаць каля 840 тысяч вакцынаў канцэрну Moderna.
Старшыня Агенцтва матэрыяльнага рэзерву дадаў, што прывіўку канцэрну Moderna лягчэй транспартаваць і захоўваць:
- Яе лягчэй захоўваць. Калі вакцына захоўваецца больш за 30 дзён, то трэба яе трымаць у тэмпературы – 20 градусаў Цэльсія. У сваю чаргу ў кароткім тэрміне яе можна захоўваць у тэмпературы 2-8 градусаў Цэльсія. Гэта азначае спрашчэнне працэсу вакцынацыі ў лячэбніцах.
Прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Войцех Андрусевіч(Wojciech Andrusiewicz) запэўнівае, што эфектыўнасць абедзвюх прышчэпак супраць COVID-19, то бок як канцэрну Pfizer/BionTech, так і канцэрну Moderna практычна ідэнтычная:
- Паспяховасць вакцыны канцэрну Moderna ацэньваецца на 94%, а вакцыны канцэрну Pfizer – на 95%. У гэтым аспекце для сярэднестатыстычнага пацыента розніцы няма. Розніца зводзіцца да ўмоваў захоўвання і размеркавання. Дзякуючы таму, што вакцына канцэрну Moderna можа быць захоўваная ў вышэйшай тэмпературы, то бок паміж ад -20 да -25 градусамі Цэльцыя, то яна можа даўжэй знаходзіцца ў звычайным халадзільніку.
Апрача таго, другая доза прышчэпкі канцэрну Pfizer павінна быць пададзеная праз 21 дзень пасля першай, а ў выпадку вакцыны канцэрну Moderna – пасля 28 дзён.
Кіраўнік Канцылярыі прэм'ер-міністра Міхал Дворчык(Michał Dworczyk) паведаміў, што колькасць прывітых палякаў павольна набліжаецца да 200 тысяч. У цэнтры вакцынацыі і лячэбніцы былі пастаўленыя больш за 200 000 дозаў вакцыны супраць каранавіруса.
Міхал Дворчык падкрэсліў, што ў адпаведнасці з графікам, узровень вакцынацыі будзе павялічаны цягам бліжэйшых тыдняў:
- Працэс вакцынацыі будзе паскарацца цягам бліжэйшых тыдняў. Зараз, калі гаворка ідзе пра колькасць прышчэпленых грамадзян, Польшча займае трэцяе месца ў Еўрасаюзе. На першым месцы Германія, на другім - Італія і на трэцім месцы - Польшча.
Міністр Дворчык дадаў, што сярод прышчэпленых пацыентаў зарэгістраваныя толькі 8 выпадкаў лёгкіх непажаданых рэакцый на вакцыну.
Тым часам прэс-сакратар польскага ўрада Пётр Мюлер (Piotr Muller) заявіў, што ў Польшчы маглі б прышчэпліваць ад каранавіруса нават чатыры мільёны чалавек у месяц. Паводле палітыка, зараз найбольшай праблемай з’яўляюцца пастаўкі вакцыны, якую заказала Еўрапейская камісія.
Пётр Мюлер звярнуў увагу на тое, што механізм сумесных закупак ЕС шырока крытыкуецца ў Еўропе:
- Праблемай з’яўляюцца пастаўкі вакцыны. Зараз амаль ва ўсіх еўрапейскіх краінах крытыкуюць супольны механізм закупак, паколькі, напрыклад, у Ізраілі ці Вялікабрытаніі пастаўкі больш эфектыўныя. У сваю чаргу, калі гаворка ідзе пра лагістыку, мы маглі б прывіваць ад каранавіруса да чатырох мільёнам чалавек у месяц.
На праблему абмежаванай колькасці дозаў вакцыны адрэагавала Еўракамісія, якая вядзе перамовы з канцэрнамі Pfizer і BioNTech на гэтую тэму.
Нацыянальная праграма вакцынацыі супраць COVID-19 стартавала ў Польшчы 27 снежня. Паводле яе, спачатку прывіваюць асобы з гэтак званай „нулявой групы”, то бок супрацоўнікаў медыцынскіх службаў.
Рэгістрацыя ахвотнікаў з „першай групы” пачнецца 15 студзеня. Войцех Андрусевіч нагадаў, што гаворка ідзе пра людзей, якім больш за 70 гадоў. Прэс-сакратар Мінздароўя нагадаў, што ёсць тры спосабы запісу на прышчэпку.
- Першая магчымасць – гэта інтэрнэтны рахунак пацыента. Пры яго дапамозе мы можам зарэгістравацца на канкрэтны дзень, у канкрэтнай лячэбніцы. Другая магчымасць – гэта адмысловы нумар тэлефону. Трэці спосаб – гэта асабістая рэгістрацыя ў сваёй лячэбніцы. Вакцынацыя прадстаўнікоў „першай групы” пачнецца 25 студзеня.
Пасля таго, як будуць прышчэпленыя пажылыя людзі пачнуць прывіваць настаўнікаў і супрацоўнікаў сілавых службаў.
Нагадваем, вакцынацыя супраць COVID-19 добраахвотная, хоць улады намякаюць пра магчымасць увядзення розных ільготаў для тых грамадзян, якія прышчапіліся. Паводле апытанняў грамадскай думкі, жадае прывіцца толькі палова насельніцтва Польшчы. Тым часам эксперты заяўляюць, што для поўнай эфектыўнасці ўзровень вакцынацыі супраць каранавіруса павінен дасягнуць 70-80% грамадзян.
З мэтай заахвоціць палякаў прышчапляцца ўлады рыхтуюць адмысловую грамадскую кампанію. Міхал Дворчык паясніў, што яна будзе праводзіцца як у традыцыйных СМІ, так і ў інтэрнэце.
- Кожны тыдзень рэкламныя споты з’яўляюцца ў радыёстанцыях і ў тэлевізійных каналах. Кампанія праводзіцца таксама ў інтэрнэце. У студзені муніцыпальныя ўлады будуць распаўсюджваць улёткі, плакаты і іншыя інфармацыйныя матэрыялы па ўсяе Польшчы.
Міхал Дворчык дадаў, што па ўсёй краіне праходзіць таксама акцыя расклейвання білбордаў.
Нагадваем, у агульнай складанасці Еўрапейская камісія ад імя краін ЕС правяла перамовы аб пастаўках вакцын з шасцю фармацэўтычнымі канцэрнамі і заключыла кантракт на пастаўкі двух мільярдаў дозаў.
Эксперты Еўрапейскага агенцтва па леках аналізуюць вакцыну канцэрну Astra Zeneca.
аз