У Беларусі запусцілі праект падтрымкі адвакацкай супольнасці «Права на абарону»
Мэтай новага некамерцыйнага праекту «Права на абарону» з'яўляецца інфармацыйная падтрымка адвакатаў і праваабаронцаў.
Яго ініцыятарамі сталі прадстаўнікі беларускай адвакацкай супольнасці пры падтрымцы праваабарончай арганізацыі Human Constanta. Паводле іх, адвакатуру ў Беларусі цяпер цяжка назваць «незалежнай, кансалідаванай, моцнай і ўплывовай», таму яны вырашылі аб’яднацца, каб забяспечваць абарону не толькі кліентаў, але і ўласных прафесійных правоў, а таксама прасоўваць міжнародныя стандарты адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў нацыянальнае заканадаўства і практыку.
Яна Ганчарова з Human Constanta адзначае, што цяпер адвакатура ў Беларусі знаходзіцца ў даволі неспрыяльных умовах:
-Адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзіі. Сталыя пагрозы і ад калегіі, і ад іншых органаў. Таму галоўная ідэя праекту – гэта інфармацыйная падтрымка, разбор нацыянальнага заканадаўства, выкарыстоўванне лепшых практык зарубежных заканадаўстваў. Гэта таксама падтрымка пры дапамозе розных фарматаў, як правядзенне мерапрыемстваў, дзе будуць абмяркоўвацца нормы, як можна абараняць свае правы, правы грамадзян, з якімі працуюць адвакаты. На дадзены момант ідэя такая, а далей будзем сачыць за развіццём праекту.
Прафесійная сітуацыя адвакатаў пасля выбараў стала яшчэ больш складанай, прызнае Яна Ганчарова. Іх не дапускаюць да падабаронных, супраць іх нават заводзяць справы, пазбаўляюць ліцэнзій.
-Цяпер тыя адвакаты, якія абараняюць людзей умоўна па «пратэстных артыкулах», як арганізацыя масавых беспарадкаў і гэтак далей, знаходзяцца ў вялікай рызыцы. Мы ведаем выпадкі, калі адвакатаў пазбаўлялі ліцэнзіі за сказаныя словы, ці выклікалі на размову ў калегію з-за пастоў у фэйсбуку. На адвакатаў аказваецца ціск, незалежнымі іх назваць складана. Цяжка акрэсліць іх пазіцыю ў цяперашняй сітуацыі. Яны стараюцца знаходзіць выхад. Іх асноўная мэта – абараняць права, а з правам у Беларусі цяпер дастаткова складана. Законы ігнаруюцца тымі органамі, якія павінны іх як раз абараняць. Таму я б сказала, што сітуацыя для адвакатаў сапраўды праблематычная. Менавіта таму мы вырашылі запусціць гэты праект, каб нейкім чынам ім дапамагчы. Магчыма, зрабіць асацыяцыю адвакатаў, дзе б яны маглі знаходзіць зразуменне, кантакты з калегамі і распрацоўваць далейшыя крокі дзейнасці.
На сайце праекту сабраныя ўзоры дакументаў, аналітычныя матэрыялы, петыцыі і тэматычныя артыкулы пра адвакатуру, абарону правоў і міжнародных стандартах, а таксама дзейсныя алгарытмы прававой абароны ў міжнародных інстанцыях у выпадках, калі беларускія органы такую абарону не забяспечваюць. Адзін з блокаў праекту – прафесійна арыентаваныя навучальныя семінары і вебінары для юрыстаў і праваабаронцаў.
Праект адкрыты для ўсіх жадаючых да яго далучыцца адвакатаў і праваабаронцаў.
ав
слухайце аўдыё