У Польшчы ўзнікне Кампенсацыйны фонд, з якога будуць выплачваць кампенсацыі ў выпадку ўзнікнення постпрышчэпкавых рэакцый і ўскладненняў, выкліканых вакцынай супраць COVID-19. Паводле выдання Dziennik Gazeta Prawna, Міністэрства аховы здароўя неўзабаве прадставіць адпаведны законапраект па гэтай справе.
Верагодна, сёлета сродкі з фонду атрымлівалі б асобы, у якіх пасля вакцынацыі ўзніклі нейкія ўскладненні і постпрышчэпкавыя рэакцыі. У наступных гадах закранулі б таксама абавязковую вакцынацыю дзяцей. На дадзены момант выплаты будзе фінансаваць дзяржаўны бюджэт.
Паводле газеты, праект прадугледжвае выплату кампенсацыі ў выпадку, калі б вакцына выклікала ў пацыента анафілактычны шок, альбо ўзніклі б іншыя сімптомы, якія патрабуюць шпіталізацыі пацыента тэрмінам больш за 14 дзён.
Максімальная кампенсацыя, паводле штодзёнкі, можа скласці 100 тысяч злотых. Аднак выданне, дадае, што паколькі законапраект аб узнікненні Кампенсацыйнага фонду не быў яшчэ афіцыйна прадстаўлены, то да апошняй хвіліны ў яго могуць быць унесены розныя змены.
Верагодна, спецыяльная камісія, прызначаная Міністэрствам аховы здароўя, будзе ацэньваць, ці ўскладненні сапраўды ўзніклі ў выніку вакцынацыі супраць COVID-19. У яе склад увойдуць лекары і юрысты.
Тым часам у інтэрв’ю выданню Dziennik Gazeta Prawna юрыст Артур Завольскі кажа, што выплаты кампенсацый павінны быць цалкам дэцэнтралізаванымі і незалежнымі ад дзяржавы. На яго думку, трэба распрацаваць простую сістэму паведамлення пра ўскладненні, узніклыя пасля прывіўкі, а кампенсацыі павінны выплачваць страхавыя кампаніі, з якімі дзяржава заключыць кантракт. Паводле юрыста, кампенсацыі павінны ахопліваць не толькі раптоўныя ўскладненні пасля вакцынацыі, але таксама адтэрмінаваныя непажаданыя рэакцыі арганізма на вакцыну.
аз