Беларуская Служба

Праблемы з Нацыянальнай праграмай вакцынацыі

19.01.2021 12:01
Супрацоўнікі фармацэўтычных кампаній прывіваюцца супраць COVID-19 разам з медыкамі.
  COVID-19.
Вакцына супраць COVID-19. PAP/EPA/FRIEDEMANN VOGEL

Супрацоўнікі аднаго з найбуйнейшых фармацэўтычных канцэрнаў у Польшчы прывіваюцца супраць COVID-19 разам з прадстаўнікамі гэтак званай нулявой групы, то бок урачамі і медсёстрамі. Сваіх працаўнікоў на „прыярытэтную” вакцынацыю адпраўляюць  таксама іншыя фармацэўтычныя кампаніі, паведамляе Rzeczpospolita і нагадвае, што гэта  супярэчыць правілам.

„Мы атрымалі па электроннай пошце загад зрабіць вакцынацыю. У дэкларацыі ўсе напісалі, што належаць да „нулявой” групы. Ніхто не пытаўся, але калі пра гэта стане вядома - будзе скандал”, - кажа ў размове з выданнем супрацоўнік адной з такіх кампаній. Газета нагадвае, што гэта парушэнне прынцыпаў Нацыянальнай праграмы вакцынацыі.

Тым часам пазіцыя Нацыянальнага фонду аховы здароўя і Міністэрства аховы здароўя відавочная : супрацоўнікі фармацэўтычных кампаній не адносяцца да „нулявой” групы.

„ За арганізацыю вакцынацыі адказвае кіраўніцтва канкрэтнага шпіталя, дзе яна адбываецца. Таму аб усіх парушэннях трэба паведамляць непасрэдна каардынатару вакцынацыі ў ваяводскім аддзяленні Нацыянальнага фонду аховы здароўя”,  - паясніла ў размове з газетай Юстына Малетка з Міністэрства аховы здароўя.

У сваю чаргу прэс-сакратар Паморскага аддзялення Фонду аховы здароўя Марыюш Шыманьскі нагадвае, што супрацоўнікі фармацэўтычных кампаній не працуюць у непасрэдным кантакце з пацыентамі ў медыцынскіх установах і не займаюцца медыцынскай прафесіяй, таму ў прынцыпе яны маюць права на вакцынацыю на трэцім этапе нацыянальнай праграмы.

Rzeczpospolita нагадвае, што да гэтага часу прышчэплены амаль паўмільёна чалавек з „нулявой” групы. Колькі з іх з'яўляюцца супрацоўнікамі фармацэўтычных кампаній? - у Міністэрстве аховы здароўя і Нацыянальным фондзе аховы здароўя не ведаюць.

Як гэта магчыма, што асобы, якія не павінны былі прышчэпленыя? Паводле выдання, гэта з-за таго, што пацыентаў не правяраюць адпаведным чынам. Вузлавыя бальніцы, то бок бальніцы, якія праводзяць вакцынацыю, атрымліваюць спісы пацыентаў , у тым ліку заяву працадаўцы, што яны належаць да „нулявой” групы. Аднак за несапраўднасць гэтай заявы працадаўцы не пагражае  крымінальная адказнасць.

аз