Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

З 1 лютага ў Польшчы адмяняюць частку эпідэміялагічных абмежаванняў

29.01.2021 12:04
Улады адмяняюць аблежаванні асцярожна і падкрэсліваюць, што сітуацыя з эпідэміяй надалей дынамічная.
Аўдыё
  • Улады адмяняюць аблежаванні асцярожна і падкрэсліваюць, што сітуацыя з эпідэміяй надалей дынамічная.
M
Mіністр аховы здароўя Адам Нядзельскі PAP/Marcin Obara

З 1 лютага ўрад Польшчы адмяняе частку абмежаванняў, уведзеных у краіне ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса. З панядзелку зноў можна будзе рабіць пакупкі ў гандлёвых цэнтрах. Таксама будуць адкрытыя ўстановы культуры, у тым ліку музеі і мастацкія галерэі. Апрача таго, будуць адмененыя гадзіны для пажылых людзей у крамах.

Улады адмяняюць толькі невялікую частку абмежаванняў, паколькі, як кажа міністр аховы здароўя Адам Нядзельскі (Adam Niedzielski), Польшчы надалей пагражае рост інфекцый. Пра гэта, паводле яго, сведчыць сітуацыя ў іншых еўрапейскіх краінах, напрыклад, у Іспаніі, якая па колькасці жыхароў падобная нa Польшчу:

- У апошні аўторак колькасць новых інфекцый у Іспаніі склала больш за 36 тысяч.

Апрача таго ў Польшчы былі выяўленыя выпадкі мутаванага каранавіруса з
 Вялікабрытаніі. Менавіта таму, калі гаворка ідзе пра абмежаванні, з бліжэйшага панядзелка памяняецца няшмат:

- Прынцыпы, якія датычаць сходаў, арганізаваных дома сямейных імпрэзаў, працы рэстаранаў, гасцініц, гарналыжных стокаў, спартыўнай інфраструктуры – усе яны не мяняюцца.

Міністр аховы здароўя Адам Нядзельскі нагадаў, што надалей дзейнічае абавязковы каранцін для людзей, якія вяртаюцца з-за мяжы на грамадскім транспарце. Хоць у гэтым пытання будуць ўведзеныя пэўныя змены:

- Усіх, якія вяртаюцца з-за мяжы на грамадскім транспарце, датычыць абавязковы каранцін. Аднак мы плануем адмяніць гэты абавязак для тых, хто на 48 гадзінаў перад уваходам на борт самалёта зробіць тэст на наяўнасць каранавіруса.  

Новыя правілы будуць дзейнічаць да 14 лютага. Да гэтага часу вучні старэйшых класаў базавых школаў і вучні сярэдніх школаў будуць працягваць дыстанцыйнае навучанне:

- Традыцыйнае, стацыянарнае навучанне ахоплівае вучняў наймалодшых класаў 1-3. У сваю чаргу ўсе старэйшыя вучні надалей будуць вучыцца дыстанцыйна. Наш падыход асцярожны, кансерватыўны. Мы абапіраемся на доказах, а не на прагнозах.     

Міністр Нядзельскі нагадаў, што перад адкрыццём школаў для вучняў наймалодшых класаў сярод настаўнікаў праводзіліся скрынінгавыя тэсты на COVID-19. Яны пацвердзілі заражэнне каранавірусам у 2% настаўнікаў. Тэсты для настаўнікаў будуць паўтарацца:

- Тэсты будуць паўтораныя ў другім тыдні лютага. Гэта з мэтай праверкі, які ўплыў на пашырэнне эпідэміі мае адкрыццё школаў. Таму найраней 14 лютага будуць прынятыя чарговыя рашэнні, датычныя адукацыі ў Польшчы.

Нагадваем, з 18 студзеня вучні 1-3 класаў вярнуліся ў базавыя школы ў строгім санітарным рэжыме. Вучні апошніх класаў базавых і сярэдніх школаў, якіх сёлета чакаюць выпускныя экзамены могуць сустракацца з настаўнікамі ў школе для кансультацый, але выключна невялікімі групамі да пяці чалавек.

Працягванне абмежаванняў неабходнае для захавання стабільнай эпідэмічнай сітуацыі ў краіне. Міністр Адам Нядзельскі падкрэсліў, што на мінаючым тыдні штодня колькасць новых заражэнняў каранавіруснай інфекцыяй і колькасць смерцяў скарацілася на 10 адсоткаў у параўнанні з папярэднім тыднем.

Меншая сярэдняя колькасць новых інфекцый уплывае на паляпшэнне сітуацыі ў шпіталях, у якіх змяншаецца колькасць занятых ложкаў:

- Колькасць шпіталізаваных асобаў упала ніжэй 14 тысяч. Гэта найлепшы вынік за даўжэйшы час. Нагадваю, што падчас піку эпідэміі колькасць шпіталізаваных пацыентаў складала больш за 23 тысячы.

Тым ня менш сітуацыю ўскладняюць першыя выпадкі мутаванага віруса з Вялікабрытаніі, нагадаў міністр:

- Гэтая мутацыя ўжо зафіксаваная ў нашай краіне. Праблема ў тым, што гэты вірус хутчэй пашыраецца сярод людзей.

Адам Нядзельскі таксама паведаміў, што ўрад вырашыў замовіць дадатковую партыю вакцын Moderna. Згодна з заявамі фармацэўтычнай кампаніі, дадатковыя дозы вакцыны будуць даступныя ў трэцім квартале гэтага года.

Міністр нагадаў, што на дадзены момант у Еўрапейскім Саюзе дазволена выкарыстоўваць вакцыны дзвюх кампаній Pfizer/BionTech і Moderna. Польшча заключыла кантракт на пастаўкі 48 мільёнаў доз гэтых вакцын:

- Гэта азначае, што мы зможам прывіць 24 мільёны чалавек, то бок больш за 70% дарослай папуляцыі палякаў. Нагадваю, столькі складае паказчык, які дазваляе дасягнуць імунітэт насельніцтва. Сітуацыя дынамічная, паколькі паяўляюцца новыя вакцыны, якімі мы таксама зацікаўленыя.

Кіраўнік міністэрства аховы здароўя дадаў, што кантракты, заключаныя з вытворцамі вакцын праз Еўрапейскую камісію, гарантуюць Польшчы доступ да 85 мільёнаў вакцын. Такая колькасць дазволіць вакцынаваць усё дарослае насельніцтва ў краіне, а хуткасць вакцынацыі будзе залежаць ад выканання кантрактаў і своечасовай пастаўкі прэпаратаў.  У цяперашні час, паводле Нацыянальнай праграмы вакцынацыі,  у Польшчы прывіваюць людзей якім больш за 70 гадоў.

Ад пачатку эпідэміі ў Польшчы былі выяўленыя амаль 1,5 мільёна каранавірусных інфекцый. Агулам памерлі амаль 36,5 тысячы пацыентаў хворых COVID-19.  

аз