Як толькі пачаўся працэс вакцынацыі па ўсяму свету, з’явілася інфармацыя пра новыя штамы каранавіруса – брытанскі, паўднёваафрыканскі, бразільскі. Такім чынам пацвердзілася тое, пра што казалі эксперты на самым пачатку пандэміі, што эфектыўнасць змагання можа залежаць ад таго як хутка каранавірус будзе мутаваць. Як аказваецца тры, прыгаданыя мною, версіі віруса не першыя мутацыі на працягу больш чым года са з’яўлення «першага» віруса.
Вірусы могуць мутаваць у кожным арганізме і з кожнага забіраць нешта, дадаваць новыя ўласцівасці да сваёй структуры – моцна спрашчаючы менавіта так працуюць мутацыі. Напрыклад у Еўропе ўлетку папулярным была «гішпанская» або «канікульная» версія віруса. Вы маглі нічога пра яе не чуць, таму што яна не была больш небяспечнай за першапачатковы варыянт віруса. Нягледзячы на гэта, навукоўцы назіралі некаторыя змены ў геноме віруса. Таксама некалькі дзясяткаў людзей заразілася «шатландскім» варыянтам, яшчэ ў сакавіку 2020 года. Назіраліся дзясяткі іншых мутацый у розных краінах свету. Насамрэч кожны з нас можа стаць «фабрыкай» новага штаму любога віруса. Пытанне заключаецца толькі ў тым, наколькі «наш» вірус памацнее і ў выніку стане пераломнай, вартай назірання версіяй ці не. Пра гэта выданню «Нямецкая хваля» расказала генэтык Гарвардскага ўніверсітэта прафесар Пардыс Сабеці:
-Гэта кажа нам, што мы проста не можам сабраць дастатковай інфармацыі. Не ведаем якім чынам вірус з’явіўся ў канкрэтнай мутацыі і як распаўсюдзіўся. Праўда такая. Што навукоўцы робяць нашмат больш чым раней, каб папярэдзіць вірус, але праўда такая, што маем мільёны выпадкаў і гэта стварае зусім іншую карціну, вельмі моцна пашырае дыяпазон дзеянняў. І ў параўнанні да колькасці выпадкаў мы надалей выдзяляем мала генетычных дадзеных. І папраўдзе кажучы, у нас няма часу. Кожны раз, калі вірус размнажаецца, пераходзіць на новы арганізм, шанцы мутацыі павялічваюцца. Калі гэта адбываецца мільёны разоў, шанец сур’ёзнай мутацыі ёсць. Так што, кожны новы выпадак заражэння – магчымасць, што вірус «захопіць нешта новае». І зараз мы хвалюемся, бо выглядае на тое, што вірус можа стаць больш заразлівым, мацней уплываць на імунітэт, ён можа таксама неўзабаве дзейнічаць і на дзяцей, не ведаем да чаго гэта прывядзе. Таму, у нас няма часу на хістанні.
Тое, што ведаем зараз пра некаторыя новыя варыянты каранавіруса – яны хутчэй пераносяцца, а таксама, выклікаюць больш вострыя рэакцыі, чым «стандартны» штам. Напрыклад «брытанскі» вірус стварае ў два разы больш заразлівых часціц чым той, які, пачынаючы з Кітая, апанаваў свет летась. Тымчасам з бразільскага горада Манаус даходзяць звесткі, што тамтэйшы штам заразіў людзей, якія ўжо перахварэлі раней. Паўстае пытанне: што з працай антыцелаў? Ці не павінны яны спыняць і зменшаць шанцы захварэць? І які ўплыў на гэта маюць вакцыны? Ці спатрэбіцца новая вакцына, супраць новых мутацый? На гэтыя пытанні адказаў прафесар каліфарнійскага ўніверсітэта Шэйн Кроты ў навуковай праграме MedCram.
-Калі кажам пра мутацыі, якіх не спыняюць антыцела, тут задача для В-лімфацытаў – вырабляць больш антыцелаў, каб спрабаваць спыніць распаўсюд віруса ў арганізме. Адна цудоўная рэч пра В-лімфацыты – наш імунітэт стварае бібліятэку гэтых лімфацытаў, яны ўсе розныя і галоўная справа ў тым, што гэтая бібліятэка мае ў сабе розныя варыянты таго, што можа адбыцца, здарыцца з вірусам. І яны аналізуюць сітуацыю – можа ты захварэў, бо ў цябе не было дастаткова антыцелаў, а можа таму, што вірус змяніўся. І гэтыя лімфацыты самі па сабе мутуюць, і разам з вакцынай атрымліваем ужо шмат «асноўнай» інфармацыі, таму ім лягчэй ствараць антыцелы супраць новага варыянта віруса. І гэтыя новыя штамы, канешне выклікаюць клопат, бо яны эфектыўней распаўсюджваюцца, таму пры адсутнасці вакцыны больш людзей захварэе і памрэ. Важна надалей насіць маскі і трымаць дыстанцыю, бо калі вірус «лепш» перадаецца, неабходна не дапусціць чрговага масавага заражэння. Ну і таксама важна вакцынавацца як мага хутчэй, бо паводле апошніх звестак – гэта лепшы спосаб рухацца наперад.
Цяпер амаль немагчыма зрабіць дакладныя высновы новыя штамы віруса. Калі мы спынім выконваць сацыяльныя абмежаванні, перастанеам насціь маскі, штамы віруса будуць множыцца, і абыходзіць даступныя нам сродкі абароны.
Пазітыў можна угледзець у тым, што «сур’ёзныя» змены ў геноме віруса, які апанаваў увесь свет, з’явіліся толькі, пасля гадавога “браджэння”. Гэта абнадзейвае, што раней ці пазней, удасца перамагчы каранавірус.
Альберт Ежы Вяжбіцкі