Беларуская Служба

Інстытут Пілецкага зладзіў канферэнцыю «Злачынства ў Курапатах 1937-1941: Праўда і свабода»

24.02.2021 12:39
Курапаты зʼяўляюцца сімвалам камуністычных злачынстваў супраць беларускай інтэлігенцыі. 
Аўдыё
  • Інстытут Пілецкага зладзіў канферэнцыю «Злачынства ў Курапатах 1937-1941 Праўда і свабода»
   1937-1941:
«Злачынства ў Курапатах 1937-1941: Праўда і свабода»Інстытут Пілецкага

24 лютага праходзіць вялікая анлайн-канферэнцыя «Злачынства ў Курапатах 1937-1941: Праўда і свабода». Яе арганізатарамі з'яўляюцца польскі Інстытут Пілецкага і Беларускі дом у Варшаве.

Курапаты зʼяўляюцца сімвалам камуністычных злачынстваў супраць беларускай інтэлігенцыі. Менавіта там саветы ў 1937–1941 гадах расстралялі, паводле розных ацэнак, ад 100 да 250 тысяч чалавек.

Злачынства ў Курапатах звязвае палякаў і беларусаў агульным, трагічным досведам камуністычнага тэрору – напісаў прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі ў лісце ўдзельнікам канферэнцыі «Злачынствы ў Курапатах 1937-1941: праўда і свабода».

Ліст прэмʼер-міністра зачытаў дырэктар Інстытута Пілецкага Войцех Казлоўскі на адкрыцці канферэнцыі. Матэвуш Маравецкі, між іншым, пісаў, што надзвычай важна высветліць праўду пра тое, што адбылося ў Курапатах:

-Ад забойстваў мінулі дзесяцігоддзі. Хоць разваліўся Савецкі Саюз, то ў справе Курапат ставіцца больш пытанняў, чым ёсць адказаў. Па сёння мы не ведаем дакладнай колькасці ахвяр і іх імёнаў. Не ведаем імёнаў забойцаў. Да адкрыцця цэлай праўды пра Курапаты маглі б нас наблізіць эксгумацыі і аналіз дакументаў, захаваных у расійскіх і беларускіх архівах. Таму настолькі каштоўнымі з’яўляюцца гістарычныя даследаванні і навуковая дыскусія пра гэтае злачынства.

Упаўнаважаны дырэктара па праграмных пытаннях Інстытуту Пілецкага Томаш Стэфанек падкрэсліў, што гэтая канферэнцыя, хаця і датычыцца трагедыі, якой была злачынная палітыка саветаў у дачыненні да беларусаў і палякаў, таксама звязана з сённяшнім днём:

-Гісторыя злачынства ў Курапатах – гэта нашая сумесная гісторыя, якая дадаткова адносіцца да ключавога досведу ХХ стагоддзя – канфрантацыі з таталітарызмам і масавым забойствам мірных жыхароў. Гэта сведчанне супольнасці лёсу. Сёння мы сустракаемся і бачым намаганні паставіць пад сумнеў гэтую супольнасць лёсу, бачым маніпуляцыі гісторыяй камуністычных злачынстваў.

Перспектывы даследавання камуністычных рэпрэсій у Беларусі, асабліва ў Курапатах, неаптымістычныя – гаварыў падчас дыскусіі беларускі гісторык Алесь Пашкевіч. Паводле яго, палітычныя перамены могуць істотна змяніць сітуацыю.

-Гэта адзін з прыярытэтаў беларускай гістарыяграфіі ХХ стагоддзя. За даследаваннем рэпрэсій фактычна стаіць зразуменне камунізму ў савецкім варыянце, беларускім варыянце. Гэта вельмі важна, бо развітанне з камунізмам у Беларусі вельмі моцна зацягнулася. Спадзяюся, што калі памяняецца гістарычная палітыка Беларусі і тэма Курапатаў стане прыярытэтнай, то знойдзецца дастаткова даследчыкаў, а сітуацыя будзе спрыяльнай для даследавання тэмаў рэпрэсій.

Сумесная канферэнцыя Інстытуту Пілецкага і Беларускага дома ў Варшаве прысвечана масавым рэпрэсіям, якія перажылі беларусы і палякі з боку таталітарнай савецкай улады ў 1937–1941 гг. Арганізатары канферэнцыі імкнуцца прадставіць сучасны стан ведаў пра злачынствы ў Курапатах, якія засталіся па-за асноўнай плынню гістарычнай свядомасці палякаў, а ў Беларусі тэма бліжэй вядомая толькі ў апазіцыйных колах.

Мэта канферэнцыі – паразважаць пра ролю памяці Курапатаў і – шырэй – савецкага тэрору ў працэсе пашырэння магчымасцяў і фарміравання беларускага грамадства, новай беларускай палітычнай ідэнтычнасці.

ав