Беларуская Служба

Цяперашняя моладзь не спяшаецца сталець

05.03.2021 15:34
Здымак мае ілюстрацыйны характарShutterstock/StudioRomantic

Маладыя людзі ўсё часцей застаюцца ў доме бацькоў да 30, а нават 35-гадовага ўзросту. На гэта ўплываюць змены, якія перажывае еўрапейскае грамадства. Сённяшні тып сям’і ўжо не абапіраецца на шматдзетнасці, а кар’ера, спалучаная з эканамічнай няўпэўненасцю, спрыяе адкладванню рашэння аб стварэнні сям’і, чытаем у інтэрв’ю з сацыёлагам Марцінам Сіньчухам, апублікаваным у Dziennik Gazeta Prawna.

Паводле адмыслоўца, у маладых людзей ствараецца супярэчлівая карціна свету. З аднаго боку, усе падштурхоўваюць, каб хутка развіваць кар’еру, бо тое, чаго ўдасца дасягнуць за першыя 5-10 гадоў на рынку працы вызначае будучыню. З іншага, улады, блізкія, Каталіцкі касцёл патрабуюць ствараць сем’ю і нараджаць дзяцей. У цяперашняй эканамічнай сітуацыі часта немагчыма спалучыць гэтыя два аспекты. Сённяшняя моладзь не разумее аргументаў пра дзяцей, як гарант дабрабыту, ці паказнік пашаны ў грамадстве. Моладзь ведае, што ў выпадку патрэбы не дачакаецца дапамогі з боку грамадства. Магчыма, з гэтае прычыны ім давядзецца прыпыніць развіццё сваёй кар’еры назаўсёды.

Да змены мадэлі дарослага жыцця спрычыняцца і ўрбанізацыя. З вёсак часцей за ўсё ўцякаюць жанчыны. Маладыя дзяўчыны раней пакідалі сямейны дом, каб пераехаць у хату жаніха. Сёння ж хату жаніха замяніла вучоба, горад ды праца. Іх равеснікі мужчынскага полу застаюцца працаваць у сельскай гаспадарцы, але не могуць заснаваць сям’і. У выніку апошні бастыён традыцыйнай мадэлі дарослага жыцця павольна знікае.

Пра гэтыя ды іншыя аспекты сталення сучаснай польскай моладзі чытаем у пятнічным выданні Dziennik Gazeta Prawna.

аев