Беларуская Служба

Лукашэнка перавёў кіраўнікоў СПБ у ізалятар, дзе выконваюццa смяротныя прысуды

31.03.2021 09:32
„Валадарка” ўжо некалькі разоў упісалася ў гісторыю Польшчы. Тут утрымлівалі ўдзельнікаў паўстанняў і Юзафа Пілсудскага.
   2012 .
Пішчалаўскі замак у 2012 годзе.Аўтар: Александр Липилин - http://lipilin2010.livejournal.com/49146.html?view=399610#t399610, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=32428658

Затрыманых і абвінавачаных беларускай генпракуратурай у распальванні нацыянальнай варожасці актывістаў Саюза палякаў у Беларусі перавялі ў „Валадарку” ў Мінску. Гэтае месца - сімвал спрадвечных рэпрэсій - дае ўладам магчымасць свабодна здзеквацца над зняволенымі. Сумна вядомая „Валадарка” таксама неаднойчы запісалася ў гісторыі Польшчы, нагадвае Gazeta Wyborcza.   

Следчы ізалятар № 1 пабудаваў у 1826 годзе памешчык Рудольф Пішчала па даручэнні царскага ўрада. У мінскай „губернатарскай крэпасці”, якую ад прозвішча будаўніка называлі таксама Пішчалаўскім замкам, расейцы ў надзвычай складаных умовах утрымлівалі ўдзельнікаў паўстання 1830 года, а пазней таксама 1863 года. Менавіта адсюль у 1887 годзе, спачатку ў крэпасць у Санкт-Пецярбургу, а пазней у сібірскую ссылку, быў этапаваны Юзаф Пілсудскі.

У сваю чаргу ў 1939 і 1940 гадах НКУС прывозіў у згаданую турму сотні палякаў, арыштаваных на ўсходніх памежных землях, акупаваных Чырвонай Арміяй, а затым расстраляных паводле загаду Сталіна.  

„Валадарка” пры цары і бальшавіках была катоўняй і месцам шматлікіх расстрэлаў. І так працягваецца да сённяшняга дня. Менавіта тут Лукашэнка загадвае прывозіць  прысуджаных да смяротнага пакарання. І тут іх расстрэльваюць.

„Валадарка”, якой стары комплекс зараз знаходзіцца ў руінах, дае адміністрацыі, следчым і пракурорам шырокія магчымасці „ўплываць” на арыштаваных.  

„Гэта сапраўднае гестапа ў цэнтры Еўропы, дзе незаконна ўтрымліваюцца сотні абсалютна невінаватых людзей”, - так сваё знаходжанне ў СІЗА-1 у 2017 годзе ўспамінае блогер Аляксандр Лапшын. Апрача здзеку ён кажа таксама пра холад, бруд і смурод каналізацыі ў аб’екце, які не рамантаваўся апошнія сто гадоў.

Таксама ў „Валадарцы”, але на гэты раз гарачым летам сядзеў каардынатар Хартыі-97 і ініцыятывы „Еўрапейская Беларусь” Дзмітрый Бандарэнка. „Сонечнага святла няма, бо гэта склеп, а вокны заслепленыя. Гарачая. Ад пары па сценах сцякае вада. Смурод”, - успамінае актывіст.

„Польшча, польскія ўлады павінны сачыць за зняволенымі лідарамі польскай меншасці і патрабаваць іх вызвалення. І было б вельмі добра, каб кіраўнік турмы атрымліваў лісты ад урада, амбасады і няўрадавых арганізацый, каб ён ведаў, што хтосьці ўвесь час глядзіць на яго рукі”, - пераконвае Бандарэнка ў размове з выданнем Gazeta Wyborcza.

аз