Беларуская Служба

Польскія эмігранты перавялі ў айчыну менш грошай

27.04.2021 13:12
Найбольш грошай, перавялі ў Польшчу палякі, якія працуюць у Германіі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:PublicDomainPictures/pixabay.com/CC0 Public Domain

Палякі, якія працуюць за мяжой, у мінулым годзе накіравалі ў краіну амаль 15,2 мільярда злотых (больш за 3 мільярды 340 мільёнаў еўра). Гэта на амаль 93 мільёны еўра (423 мільёны злотых) менш, чым у папярэднім годзе, піша Dziennik Gazeta Prawna.

Штодзёнка спасылаецца на дадзеныя Нацыянальнага банку Польшчы, якія паказваюць, што агульнае зніжэнне звязанае ў асноўным з меншым прытокам грашовых сродкаў з Вялікабрытані. Палякі, якія працуюць у гэтай краіне даслалі ў айчыну больш за 417,5 мільёна еўра (1,9 мільярда злотых), то бок на амаль 136,5 мільёна еўра (621 мільён злотых) менш, чым у 2019 годзе.

Па дадзеных газеты, існуе некалькі прычын скарачэння грашовых пераводаў з Вялікабрытані. „Па-першае, пэўная група палякаў пакінула выспы з-за брэксіта. Гэта знайшло адлюстраванне ў памеры пералічаных у айчыну сродкаў”, - кажа прафесар Павел Качмарчык з Цэнтра даследаванняў міграцыі Варшаўскага універсітэта.

Гэта пацвярджаюць ацэнкі брытанскага статыстычнага ўпраўлення, паводле якіх, толькі ў першай палове мінулага года колькасць мігрантаў з польскім грамадзянствам зменшылася на выспах на 85 тысяч, то бок да 815 тысяч чалавек.

Па-другое, паводле прафесара Качмарчыка, на памер грашовых пераводаў суайчыннікаў паўплывала і пандэмія, якая стварыла шмат нявызначанасці.

„Лакдаўн у Вялікабрытані быў больш жорсткі, чым у Польшчы. Таму некаторыя людзі вырашылі забяспечыць сваё існаванне замест таго, каб пералічыць грошы ў айчыну", - кажа эксперт.

Паводле штодзёнкі, у доўгатэрміновай перспектыве можна чакаць далейшага зніжэння грашовых пераводаў, бо многія суайчыннікі вырашылі застацца ў Вялікабрытані назаўсёды ці надоўга.

Зменшыўся таксама паток грошай, якія паступаюць ад палякаў з Ірландыі – краіны, якая займае пятае месца ў рэйтынгу дзяржаў па колькасці пералічаных у Польшчу сродкаў. Гаворка ідзе пра падзенне на ўзроўні больш за 9 мільёнаў еўра (42 мільёнаў злотых), то бок да амаль 69 мільёнаў еўра (313 мільёнаў злотых). Гэта, верагодна, у асноўным эфект пандэміі, у выніку якой краіна перыядычна ўводзіла поўны лакдаўн, і таму некаторыя палякі маглі страціць працу.

Найбольш грошай, накіравалі ў Польшчу палякі, якія працуюць у Германіі. У мінулым годзе гэта было амаль 1 мільярд 121 мільёнаў еўра (5,1 мільярдаў злотых), то бок на амаль 13 мільёнаў 187 тысяч еўра (60 мільёнаў злотых) больш, чым у папярэднім годзе, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

аз