X
Паважаны карыстальнік!
25 траўня 2018 году ўвайшло ў сілу Распараджэнне Еўрапейскага парламента і Еўрапейскага савета (ЕС) 2016/6/79 за 27 красавіка 2016 (RODO). Прапануем азнаёміцца з інфармацыяй пра апрацоўку асабістых дадзеных на сайце Polskieradio.pl
1.Адміністратарам асабістых дадзеных з'яўляецца Polskie Radio S.A з сядзібай у Варшаве, Al. Niepodległości 77/85, 00-977 Warszawa
2.Па пытанню, звязаным з вашымі дадзенымі, звяртайцеся да Інспэктара аховы асабістых дадзеных па электроннай пошце iod@polskieradio.pl альбо па тэл. (0048) 22 645 34 03.
3.Асабістыя дадзеныя апрацоўваюцца ў маркетынгавых мэтах на падставе дазволу карыстальніка.
4.Асабістыя дадзеныя могуць быць даступныя толькі для выканання паслуг, указаных у палітыцы прыватнасці.
5.Асабістыя дадзеныя не будуць перададзены за межы Еўрапейскай эканамічнай прасторы або міжнародным арганізацыям.
6.Асабістыя дадзеныя будуць захоўвацца на працягу 5 гадоў пасля адключэння профіля ў адпаведнасці з законам.
7.Вы маеце права атрымаць доступ да вашых асабістых дадзеных, выпраўляць іх, выдаляць або абмяжоўваць апрацоўку.
8.Вы маеце права забараніць далейшую апрацоўку; у выпадку, калі вы раней далі згоду на апрацоўку вашых асабістых дадзеных, вы можаце яе адклікаць. Ажыццяўленне права на адмену згоды не ўплывае на апрацоўку, якая адбылася да адклікання згоды.
9.Вы маеце права падаць скаргу ў назіральны орган.
10.Polskie Radio S.A. паведамляе, што падчас апрацоўкі асабістых дадзеных аўтаматычныя рашэнні не прымаюцца, а прафіляванне не ўжываецца.
Больш падрабязная інфармацыя знаходзіцца на старонках dane osobowe, а таксама polityka prywatności.
ЗГОДЗЕН
Беларуская Служба

Пісьменнікі з Беларусі змогуць бясплатна жыць і тварыць у Варшаве

13.05.2021 10:03
Заяўкі на адбор пісьменнікаў, якія змогуць прыехаць на некалькі тыдняў у сталіцу Польшчы, варшаўскі Старамесцкі дом культуры прымае да 30 чэрвеня.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". П.Андручык пра рэзідэнцыі для пісьменнікаў у Варшаве.
        .
Другі будынак злева — Старамесцкі дом культуры ў Варшаве.Viktar Korbut

«Першабытныя радзімы межаў не мелі», — пісаў польскі пісьменнік Цыпрыян Каміль Норвід. Сёлета спаўняецца дзвесце год з дня яго нараджэння — вандроўнага паэта, які пісаў у дарозе, удалечыні ад дома, у чужых дамах. Гэты настрой сёння актуальны і для многіх літаратараў з Беларусі. З ліпеня да снежня гэтага года некалькі пісьменнікаў і перакладчыкаў з Беларусі атрымаюць магчымасць бясплатна пажыць і заняцца творчасцю ў Варшаве. 

Варшаўскі Старамесцкі дом культуры сёлета дорыць пісьменнікам, пісьменніцам, перакладчыкам і перакладчыцам з Беларусі, Украіны і Расіі ўнікальную магчымасць правесці некалькі тыдняў у Варшаве. Бясплатна. І з сутачнымі. Першы тур прыёму заявак ад кандыдатаў  скончыўся 7 мая. Тыя, каго выбера журы, наведаюць Варшаву ўжо ў маі-чэрвені. Але ёсць шанс прыехаць у сталіцу Польшчы па выніках другога туру адбору.

Паўліна Андручык, каардынатар праектаў Старамесцкага дома культуры:2021 год Сейм і Сенат Польшчы аб’явілі Годам польскіх пісьменнікаў Цыпрыяна Каміля Норвіда, Кшыштафа Каміля Бачыньскага, Тадэвуша Ружэвіча і Станіслава Лема. Праўда, у гэтым пераліку імён няма ніводнай жанчыны. Таму Старамесцкі дом культуры да спісу творцаў і патронаў дадаў Юлію Хартвіг, і 2021 год мы абвясцілі годам адзначэння гадавін літаратараў.

У сувязі з гэтым мы распрацавалі праграму рэзідэнцый для літаратараў — пісьменнікаў, пісьменніц, перакладчыкаў і перакладчыц з Беларусі, Украіны і Расіі ў Варшаве. Мы запрашаем іх правесці некалькі творчых тыдняў у цэнтры сталіцы Польшчы пад апекай Старамесцкага дома культуры. Мы выберам пяцярых рэзідэнтаў для пражывання на працягу двух-шасці тыдняў.

Арганізоўваючы гэтыя рэзідэнцыі, мы хочам далучыць замежных пісьменнікаў і перакладчыкаў да варшаўскага літаратурнага свету. Мы запрашаем іх правесці некалькі тыдняў у Варшаве і пазнаёміцца ​​з мясцовай мастацкай сцэнай, гісторыяй горада і культурнай панарамай сталіцы. Мы выдзяляем нашым рэзідэнтам кватэру ў цэнтры са зручным месцам для творчай працы, стыпендыю ў памеры 840 злотых брута (амаль 180 еўра) на тыдзень, лагістычную і матэрыяльна-тэхнічную падтрымку, а таксама далучаем іх да дзейнасці нашай установы.

Праект ажыццяўляецца ў рамках партнёрства польскіх гарадоў-арганізатараў рэзідэнцый — Кракава, Гданьска і Варшавы і двух літаратурных аб'яднанняў: таварыства “Літаратурны саюз” і Таварыства перакладчыкаў літаратуры. Гэтае супрацоўніцтва прывядзе не толькі да знаходжання пісьменнікаў і перакладчыкаў з Беларусі, Украіны і Расіі ў трох гарадах Польшчы, але і да стварэння сумеснага сайта, які будзе пашыраць ідэю літаратурных рэзідэнцый, а таксама да складання базы даных аб стыпендыях у Польшчы і за мяжой.

Паўліна Андручык:Мы запрашаем да ўдзелу ў адборы пісьменнікаў і перакладчыкаў з Беларусі, Украіны і Расіі, у т.л. тых, хто цяпер жыве ў Польшчы. Кандыдаты павінны адпавядаць наступным крытэрыям: у іх ёсць хаця б адна кніга, том паэзіі альбо пераклад, якія з’явіліся ў друку, яны павінны размаўляць на англійскай ці польскай мове, а таксама ў гэты момант працаваць над літаратурным праектам. У Варшаву яны могуць прыехаць са сваім партнёрам або сям’ёй. Мы прапануем ім кватэру ў поўнае распараджэнне.

Рэзідэнты будуць мець вельмі шырокія магчымасці для творчага і асабістага жыцця ў Варшаве.

Паўліна Андручык:Рэзідэнты могуць правесці ў Варшаве ад двух да шасці тыдняў. І могуць самі вырашаць, на што прысвяціць гэты час. Ці будуць у гэты час пісаць кнігу, на якой працуюць — паэтычную або пераклад. Мы таксама заахвоцім іх да кантактаў з мясцовымі творчымі людзьмі з супольнасці літаратараў Варшавы. Таксама будзем заахвочваць пазнаць гісторыю горада, прагуляцца па прыгожых ваколіцах Старога горада. Таму я ўпэўнена, што нашы госці правядуць час у Варшаве вельмі актыўна і згодна са сваімі патрэбамі.

Мы таксама папросім рэзідэнтаў, каб яны расказалі пра сваю працу і творчасць у польскіх СМІ, а таксама ў тых польскіх СМІ, якія арыентаваны на ўкраінскую меншасць у Польшчы. Там можна будзе расказаць пра сваю творчасць і працу.

Рэзідэнцыі для пісьменнікаў і перакладчыкаў варшаўскі Старамесцкі дом культуры арганізуе ўпершыню. Але летась, напрыклад, была ажыццёўлена праграма стыпендый для пісьменнікаў і перакладчыкаў, якая працягваецца і сёлета. Старамесцкі дом культуры невыпадкова стаў пляцоўкай для майстроў пяра.

Паўліна Андручык:Старамесцкі дом культуры на працягу многіх гадоў супрацоўнічае з літаратарамі і перакладчыкамі, на працягу многіх гадоў падтрымлівае асяродкі маладых творцаў. Таму мы запрашаем падаваць заяўкі на нашы рэзідэнцыі ў т.л. тых, хто яшчэ толькі пачынае свой шлях у літаратуры. 

Старамесцкі дом культуры — само па сабе незвычайнае месца ў самым сэрцы Варшавы.

Паўліна Андручык:Старамесцкі дом культуры знаходзіцца ў самым цэнтры варшаўскага Старога горада, у камяніцы на плошчы Рынак Старога горада. Гэта месца з багатай гісторыяй. І я адчуваю, што гэта месца натхніць творчых людзей.

Паўліна Андручык спадзяецца, што беларускія пісьменнікі на пэўны час знойдуць у Варшаве спакойны другі дом — творчы закуток для ажыццяўлення сваіх ідэй.

Паўліна Андручык:У кантэксце тых гарачых падзей за ўсходняй граніцай Польшчы мы прыйшлі да вываду, што варта накіраваць нашу прапанову да творцаў з суседніх з Польшчай дзяржаў, з якімі ўвесь час адносіны складваюцца па-рознаму, якія часта мяняюцца і з’яўляюцца вельмі інтэнсіўнымі, але, як я адчуваю, вельмі шчырыя.

Заяўкі можна дасылаць па адрасе rezydencje@sdk.pl да 30 чэрвеня 2021 года. І магчымасць пражывання ў рэзідэнцыях будзе доўжыцца да канца гэтага года.

Заяўкі будзе разглядаць журы ў складзе: Ханна Янкоўская з Таварыства перакладчыкаў літаратуры, Агнешка Драткевіч з таварыства “Літаратурны саюз”, а таксама прадстаўнік Старамесцкага дома культуры.

Умовы і час знаходжання рэзідэнтаў у Варшаве будуць абмяркоўвацца ў кожным выпадку індывідуальна.

Заяўка павінна складацца з запоўненага фармуляра, CV са спісам апублікаваных літаратурных твораў, суправаджальнага ліста з апісаннем канцэпцыі творчай працы на час знаходжання ў Варшаве (не болей за 5000 знакаў з прабеламі), фрагмент апублікаванай працы (максімум 10 старонак А4). Пра падрабязнасці таксама даведвайцеся на сайтах:

literaryresidenciespoland.pl

https://sdk.pl/wydarzenia/literary-residencies-in-warsaw-for-writers-and-translators-from-belarus-ukraine-and-russia/

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост