Беларуская Служба

На гадавіну выбараў беларусы ў Варшаве сабраліся пад Палацам Культуры

10.08.2021 15:54
Свае гісторыі расказвалі беларусы, вумышаны збягаць з дому.
Аўдыё
  • На гадавіну выбараў беларусы ў Варшаве сабраліся пад Палацам Культуры
   ,  9.08.2021
Пікет «Салідарнасці з беларусамі», Варшава 9.08.2021radyjo.net/Альберт Ежы Вежбіцкі

На гадавіну фальсіфікацыі выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года ў Варшаве прайшоў пікет «Салідарнасці з беларусамі». Мерапрыемства адбывалася на плошчы Дэфіляд каля Палаца культуры і навукі. Падчас сустрэчы гучалі песні ў выкананні «Вольнага хору», удзельнікі чыталі вершы, сярод іх Андрэй Хадановіч, свае гісторыі расказвалі беларусы, вумышаны збягаць з дому.

Беларусаў прывітала дэпутат польскага парламента Уршуля Зеліньска (Urszula Sara Zielińska):

- Добры вечар. Выбачаюся, што сёння яшчэ я не магу звяртацца да вас па-беларуску, буду гаварыць па-польску, але пастараюся папрацаваць над беларускай мовай, бо думаю, што яна мне будзе патрэбнай у будучыні. Я хачу вам сказаць, што вы для мяне ўжо год з'яўляецеся вялікай інспірацыяй. Я назіраю, з якой адвагай як вы змагаецеся за свабодную Беларусь, часам нават звыш чалавечых сіл. Але я таксама ведаю, што мы - вашыя суседзі -  павінны падмацоўваць вашыя сілы, надзею і энергію. Мы мусім быць вашым апірышчам.

Удзельнікі мітынгу пісалі лісты палітвязням. Да супольнага пісання заахвочвала Яна Шостак:

- Я знаю, што цяжка пісаць чалавеку, якога не ведаеш, якога ніколі не бачыў. Сяргея Ярашэвіча пасадзілі на 5,5 гадоў калоніі жорсткага рэжыму, Антаніне Канавалавай далі 5,5 гадоў агульнага рэжыму. У іх двое дзетак, якіх вы тут бачыце. Яны ў Польшчы з бабуляй. Я вам цяпер даю картку паперы, перадавайце яе і няхай кожны напіша хоць адзін сказ супольнага нашага ліста.

Беларусы распавядалі свае гісторыі з 9 жніўня. Хлопец, які выйшаў пад Стэлу, жыхарка Плошчы «Перамен».

- 9 жніўня я была ў Мінску і мы выйшлі разам з маім участкам (35-я школа Мінска). Нас выйшла мала – 20-30 чалавек. Пераважна жанчыны і моладзь. Мы выйшлі паглядзець колькі людзей агулам прагаласавала. Падʼехаў бус. Страшна білі жанчын, дзяцей, старых. Я паспела збегчы. 30 студзеня я прыехала ў Польшчу, таму, што да гэтага часу аказвалі на мяне вельмі моцны ціск. Я сама жыву на Плошчы «Перамен», мне ўзламалі дзверы ў кватэру. Мой сусед быў забіты. Усе мае сябры-суседзі фактычна ўжо ўсе адсядзелі. На мяне ціснулі, былі званкі. І самае цікавае, што я сюды прыехала 30 студзеня, а 16 лютага мяне ўжо асудзілі ў Беларусі.

аев/яс
Слухайце аўдыё


 Падчас сустрэчы гучалі песні ў выкананні «Вольнага хору» Падчас сустрэчы гучалі песні ў выкананні «Вольнага хору»