Беларуская Служба

Выезд за мяжу, праца з сацсеткамі – як беларускія медыя спрабуюць выратаваць сябе ў рэаліях

01.09.2021 16:15
10 газет спынілі выпуск на паперы, многія рэдакцыі былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі, каб ахаваць калектыў ад магчымых рэпрэсій.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock/wellphoto

Улады з 2020 года вядуць мэтанакіраваную кампанію супраць беларускіх незалежных медыя. Мінулым летам мы назіралі шматлікія затрыманні журналістаў, далей быў вал адміністратыўных арыштаў калег, а на сённяшні дзень мы маем катастрафічную сітуацыю з недзяржаўнымі СМІ. 10 газет спынілі выпуск на паперы, многія рэдакцыі былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі, каб ахаваць калектыў ад магчымых рэпрэсій. На сёння 27 супрацоўнікаў медыйнай сферы знаходзяцца за кратамі.

На мінулым тыдні ў Львове адбыўся Вялікі Медыяфорум, дзе беларускія праблемы абмяркоўваліся асобна. Медыяэкспертка Марыя Садоўская-Колмач распавядае, якія лініі паводзінаў абралі ў гэтай сітуацыі беларускія медыйшчыкі.

Мы ўсе, канешне, спадзяёмся, што не трэба чакаць чарговыя пятнаццаць, ці дзесяць, ці нават пяць год. Але, з іншага боку, планаваць менш, чым на год, для тых, хто выехаў, я б лічыла немэтазгодным і некаторыя журналісты ўжо ўсвядомілі гэта і пачынаюць арганізоўваць сваю дзейнасць.

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў кажа, што цяпер востра стаіць праблема захавання якасці медыйнага прадукту.

Беларускі медыясектар у складанай сітуацыі. Бо за кампанію зімы-вясны-лета гэтага года сілавікі зрабілі ўсё магчымае, каб спыніць эфектыўную працу найбольш папулярных выданняў. Большасць выданняў на дадзены момант выехалі з Беларусі. Хтосьці часткова, хтосьці цэлымі рэдакцыямі, каб захаваць аўдыторыю, магчымасць працаваць, каб увогуле сам медыясектар не знік. Беларуская якасная журналістыка цяпер пад вялікім пытаннем – размова пра рэпартажы, матэрыялы, бо журналісты не могуць хадзіць на месцы падзей. З другога боку, выехаўшы, рэдакцыі могуць захаваць сам медыяпрадукт, выданне, паспрабаваць утрымаць аўдыторыю, каб яна не перацякала на смеццевыя рэсурсы, якія цяпер спрабуюць запаланіць сабой інфармацыйную прастору. Бо, калі знікае якасная журналістыка, людзі пераходзяць на нізкасортныя рэсурсы. Чалавек не можа не цікавіцца інфармацыяй, не чытаць навін.

Гродзенскі партал Hrodna.Life быў паспяховым праектам і застаецца такім. Але пасля шэрагу судоў і шматлікіх аграмадных штрафаў улады пастанавілі ліквідаваць медыя, праз ліквідацыю юрыдычнай асобы. Вось што расказвае рэдактарка спецпраектаў Hrodna.Life Ірына Новік:

Hrodna.Life працуе. На абедзвюх моўных версія сайта кожны дзень з’яўляюцца матэрыялы. Ён не заблакаваны, не прызнаны экстрэмісцкім. Людзі чытаюць рэсурс гэтак жа, як і раней. Сацыяльныя сеткі таксама працуюць, як і раней. Тое, што суд ліквідаваў юрыдычную асобу, мала ўплывае на працу сайта ці асобных журналістаў. Людзі робяць тую працу, якую любяць і хочуць рабіць. Мы разумеем, што ўлады могуць заблакаваць рэсурс, не даць тэхнічнай магчымасці працаваць. Але нешта прыдумаем: ёсць VPN, Тэлеграм-канал, Інстаграм. Будзем выкарыстоўваць тыя магчымасці, да якіх раней не даходзілі рукі. Зрэшты, у кожнага ёсць свае сацыяльныя сеткі і кожны можа быць self-made медыя, індывідуальны праект. У нас ёсць і план «B», і план «C». У залежнасці ад сітуацыі, якая складзецца.

Заўважу, што сітуацыя з журналістамі і медыя ў Беларусі выклікае шмат увагі з боку калег у розных краінах. У Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску прайшла першая цырымонія ўручэння медаля «За свабоду слова». Сярод трох узнагароджаных – Андрэй Пачобут. Ён знаходзіцца за кратамі ад 25 сакавіка, затрыманы па так званай «польскай справе», якую Генеральная пракуратура завяла «за распальванне рэлігійнай і нацыянальнай варожасці на Анжаліку Борыс і іншых чальцоў Саюзу палякаў у Беларусі. Цяпер Пачобут знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА. На мінулым тыдні яму працягнулі тэрмін знаходжання пад вартай яшчэ на тры месяцы.

Як бачым, нават у такой цяжкай сітуацыі, беларускія медыя шукаюць магчымасці і шляхі для сваёй працы і развіцця.

мк