Беларуская Служба

Прайшлі вобшукі ў прадстаўнікоў экалагічных арганізацый

03.09.2021 17:16
Улады ліквідавалі цягам апошніх месяцаў каля двухсот грамадскіх арганізацый.
Аўдыё
  • Прайшлі вобшукі ў прадстаўнікоў экалагічных арганізацый
.
.photoshopper24/pixabay.com/CC0

На гэтым тыдні сілавікі ў Беларусі заняліся экалагічнымі арганізацыямі. З вобшукам прыходзілі ў арганізацыю «Ахова птушак Бацькаўшчыны», былога кіраўніка Віктара Фенчука арыштавалі на 12 сутак. У пятніцу з вобшукамі прыйшлі да эколагаў: дадому да рэдактаркі «Зялёнага парталу» Яніны Мельнікавай (выламалі дзверы, забралі тэхніку, Яніну павезлі на допыт у Следчы камітэт). Вобшук быў і ў Ірыны Сухій, члена Рады ГА «Экадом».

Намесніца галоўнага рэдактара «Зялёнага парталу» Ганна Валынец распавяла, што ў Яніны Мельнікавай была нагода меркаваць: яе асобаю цікавяцца сілавікі. А чаму менавіта цяпер прыйшлі да эколагаў? Гучыць ненармальна, але рэальнасць такая ў краіне, што людзі проста разумеюць: прыйшла чарга.

- Калі прыйшлі да АПБ, то я зразумела, што засталося не так шмат арганізацый, якіх не ліквідавалі і да якіх не прыходзілі, было зразумела, што арганізацыя Зялёная сетка» і партал у групе рызыкі. А чаму? Можа, таму, што іншыя з’ехалі, ці іншых ужо перасаджалі.

Ганна, як і Ірына Сухій, знаходзіцца цяпер не ў Беларусі. Улады прыклалі шмат намаганняў, каб дзясяткі тысяч людзей з’ехалі з краіны.

-Усе вельмі знерваваныя, але мы спрабуем адпаведна адрэагаваць на гэтую сітуацыю. Раней я думала, што калі знаходзішся не ў Беларусі, то такую сітуацыю перажыць прасцей, бо ты ў бяспецы. Але гэта тычыцца свету, у якім ты жывеш шмат гадоў. І таму гэта складана.

Рэдактарка падкрэслівае, што вынішчэнне медыйнага, незалежна ад яго скіраванасці, небяспечнае для грамадства.

- Калі ў нас робіцца менш медыяў, то знікае аб’ектыўная інфармацыя пра рэчаіснасць ад людзей, якія свядома імкнуцца пазбягаць прапаганды, не скажаць рэальнасць. І гэта важна, бо ў такім выпадку мы трапляем у выдуманы свет, які мы будзем бачыць праз медыя, якія не хочуць трымаць планку якасці. Гэта можна параўнаць з днямі пасля выбараў 9 жніўня, калі быў адключаны інтэрнэт і распаўсюджвалася шмат чутак. Не ўсе яны пазней пацвердзіліся. У выніку мы можам патрапіць у свет сімулякраў. І гэта кепска.

На мінулым тыдні Вярхоўны суд ліквідаваў ГА «Экадом» – найстарэйшую арганізацыю Беларусі. Сёння з вобшукам прыходзілі да Ірыны Сухій, члена Рады ГА «Экадом».
Яна кажа, што візіт сілавікоў не быў нечаканасцю. А ліквідацыя, на тле агульных падзей, калі працаваць нікому не даюць, таксама ўжо нічога не значыць.

-Я думаю, што гэта будзе набліжаць калапс дзяржавы і дзяржаўных органаў. Бо, нягледзячы на тое, што яны цяпер зачышчаюць усё, бо баяцца таго, што людзі нешта робяць самі. Але людзі сапраўды шмат робяць самастойна. Калі рабіць толькі тое, што дазволена і не праяўляць ініцыятывы, то ў дзяржавы проста не хопіць ні сродкаў, ні рук. Грамадскія арганізацыі запаўнялі вялікую нішу сацыяльных праектаў. Тым самым яны наблізяць свой канец, бо проста не змогуць многае выконваць. Гэта бязглузды падыход, які набліжае канец гэтага рэжыму.

Улады ліквідавалі цягам апошніх месяцаў каля двухсот грамадскіх арганізацый. У краіне працягваюцца затрыманні, вобшукі, судовыя працэсы супраць людзей, якія не падтрымліваюць існую дзяржаўную сістэму.

МК