X
Паважаны карыстальнік!
25 траўня 2018 году ўвайшло ў сілу Распараджэнне Еўрапейскага парламента і Еўрапейскага савета (ЕС) 2016/6/79 за 27 красавіка 2016 (RODO). Прапануем азнаёміцца з інфармацыяй пра апрацоўку асабістых дадзеных на сайце Polskieradio.pl
1.Адміністратарам асабістых дадзеных з'яўляецца Polskie Radio S.A з сядзібай у Варшаве, Al. Niepodległości 77/85, 00-977 Warszawa
2.Па пытанню, звязаным з вашымі дадзенымі, звяртайцеся да Інспэктара аховы асабістых дадзеных па электроннай пошце iod@polskieradio.pl альбо па тэл. (0048) 22 645 34 03.
3.Асабістыя дадзеныя апрацоўваюцца ў маркетынгавых мэтах на падставе дазволу карыстальніка.
4.Асабістыя дадзеныя могуць быць даступныя толькі для выканання паслуг, указаных у палітыцы прыватнасці.
5.Асабістыя дадзеныя не будуць перададзены за межы Еўрапейскай эканамічнай прасторы або міжнародным арганізацыям.
6.Асабістыя дадзеныя будуць захоўвацца на працягу 5 гадоў пасля адключэння профіля ў адпаведнасці з законам.
7.Вы маеце права атрымаць доступ да вашых асабістых дадзеных, выпраўляць іх, выдаляць або абмяжоўваць апрацоўку.
8.Вы маеце права забараніць далейшую апрацоўку; у выпадку, калі вы раней далі згоду на апрацоўку вашых асабістых дадзеных, вы можаце яе адклікаць. Ажыццяўленне права на адмену згоды не ўплывае на апрацоўку, якая адбылася да адклікання згоды.
9.Вы маеце права падаць скаргу ў назіральны орган.
10.Polskie Radio S.A. паведамляе, што падчас апрацоўкі асабістых дадзеных аўтаматычныя рашэнні не прымаюцца, а прафіляванне не ўжываецца.
Больш падрабязная інфармацыя знаходзіцца на старонках dane osobowe, а таксама polityka prywatności.
ЗГОДЗЕН
Беларуская Служба

Гісторык Аляксандр Фрыдман: Ёсць нянавісць і жаданне помсціць, людзі не перажылі гэтую траўму

21.09.2021 16:24
Размаўляем пра даносы, якія вярнуліся ў Беларусь, з гісторыкам, доктар філасофіі Аляксандрам Фрыдманам, даследчыкам гісторыі Еўропы.
Аляксандр ФрыдманФота з прыватнага архіву

Ініцыятыва «кіберпартызаны» рэгулярна апублічвае перамовы сярод прадстаўнікоў улады, сілавікоў. На днях была апублікаваная карта Беларусі з зафіксаванымі летам мінулага года званкамі ў міліцыю са скаргамі на пратэстоўцаў. Своеасаблівая база даносаў на пратэстоўцаў.

Публікацыя гэтых дадзеных выклікала дыскусіі і эмацыйную рэакцыю: у сацсетках абмяркоўваюць, на каго даносілі ці не даносілі суседзі, ці маральна апублічваць асабістыя дадзеныя і як іх можна выкарыстаць супраць тых, хто даносіў.

Размаўляем пра такі інструмент, як данос з гісторыкам, доктар філасофіі Аляксандрам Фрыдманам, даследчыкам гісторыі Еўропы ў ХХ стагоддзі.

– Пагаворым спачатку пра такую з’яву, як данос: наколькі ўвогуле гэта кепска? Бо, калі падумаць, то прыхільнікі Лукашэнкі лічаць іншых правапарушальнікамі і паведамляюць пра гэта ў міліцыю. Можа быць, гэта варта называць свядомай грамадзянскай пазіцыяй?

– Трэба ўлічваць, у якім грамадстве гэта адбываецца. Калі б размова была пра дэмакратычную краіну і людзі нешта сур’ёзна парушалі, займаліся непрыстойнымі, крымінальнымі ўчынкамі, то справа была б іншая. У дэмакратычным грамадстве людзі, якія так робяць, могуць разлічваць, што да іх паставяцца нармальна і суд, і паліцыя. Але ў Беларусі зусім іншая сітуацыя. Усім зразумела, што Беларусь нічога супольнага не мае з прававой дзяржавай, гэта – дыктатура, паліцэйская дзяржава. І тыя людзі, якія звярталіся ў міліцыю, рабілі гэтыя паведамленні, то яны, напэўна ж, ведалі, ці чулі, што адбываецца з людзьмі, якія трапляюць у пастарункі, на Акрэсціна. Сапраўды, сярод гэтых, хто званіў ёсць тыя, хто лічыць недапушчальным ці антыдзяржаўным збор людзей з бел-чырвона-белым сцягам. Але некаторыя, відаць, вырашалі і асабістыя пытанні такім чынам. Гэта разнапланавая тэма. Агулам, калі мы разважаем на гэтую тэму, трэба ўлічваць кантэкст Беларусі. Традыцыя даносаў доўгая, савецкая традыцыя. І мы ўсе ведаем, што адбывалася з людзьмі, на якіх даносілі ў сталінскую эпоху.

– Адсюль жа пытанне пра этыку: публікуюцца асабістыя дадзеныя тых, хто званіў і скардзіўся на бел-чырвона-белы сцяг, на пратэстоўцаў. І гэтыя людзі без суда і следства трапляюць ва ўразлівую сітуацыю.

– Гэта, безумоўна, непрымальна, як сродак палітычнай барацьбы ў дэмакратычным грамадстве. Але ў Беларусі няма дэмакратычнага грамадства, у Беларусі няма дэмакратычных інстытутаў, няма незалежных судоў, міліцыя з’яўляецца інструментам, з дапамогай якой рэжым Лукашэнкі вырашае свае палітычныя мэты. У Беларусі з боку дзяржавы і з боку тых, хто супрацьстаіць рэжыму, ідзе барацьба без правілаў. Таму ніхто і не задумваецца пра этычныя моманты. У Гэтым сэнсе цягам апошняга года адбыўся жахлівы перакос. І гэта траўма, якая будзе ўплываць на дальнейшае развіццё Беларусі. Мы бачым тыя ж прадзяржаўныя Тэлеграм-каналы, якія публікуюць зняважлівыя, жахлівыя прызнальныя відэа. З этыкай гэта ўвогуле нічога агульнага не мае. А з іншага боку, тыя ж кіберпартызаны, якія, відавочна, мяркуюць, што не месца для этычных паводзінаў – чаму мы павінны карыстацца этычнымі прынцыпамі? Якая барацьба ідзе супраць нас, так і мы адказваем. Калі гэтая барацьба скончыцца, застанецца шмат пытанняў – якія ўвогуле этычныя крытэры мусяць быць?

– Чаму практыка даносаў такая папулярная менавіта ў дзяржавах, якія абапіраюцца на сілавыя структуры, у паліцэйскіх дзяржавах?

– Бо яны зацікаўленыя ў тым, каб усе праявы, якія лічацца антыдзяржаўнымі, іншадумствам, былі выкараненыя. Гэта ўспрымаецца не як іншы погляд на падзеі, а менавіта як варожасць. Людзі, якія крытыкуюць Лукашэнку, ці тыя, хто выходзіў на пратэсты, іх абвінавачваюць у акцыях супраць дзяржавы, а не супраць Лукашэнкі і яго ўрада. Ва ўсведамленні гэтага рэжыму Лукашэнка і яго атачэнне – гэта і ёсць беларуская дзяржава. А тыя, хто супраць іх, супраць дзяржавы і ворагі дзяржавы. У такой сітуацыі прапаганда наадварот падкрэслівае, што трэба даносіць як мага больш і часцей. І, калі вернемся да першага пытання, то такі рэжым зацікаўлены ў знішчэнні вонкавага іншадумства. Яны вымушаныя карыстацца дапамогаю даносчыкаў, бо, калі іх не будзе, то і выкараніць іншадумства будзе складана.

 

– Афіцыйная прапаганда цяпер шмат кажа пра адзінства народу, прымірэнне і гэтак далей. Што вы агулам можаце сказаць пра магчымасці прымірэння пасля такога супрацьстаяння?

– Зразумела, значная беларускага насельніцтва, якая не цікавіцца палітыкай ці імкнецца заставацца па-за палітыкай, не так балюча рэагуе на тое, што адбываецца. Тое, што людзі імкнуцца аберагаць сябе ад непрыемных навінаў, нармальна. Бо жыць з гэтым, тым больш знаходзячыся ў Беларусі, вельмі цяжка. Гэта зразумела. Але я назіраю за рэакцыяй на матэрыялы, якія сыходзяць ад кіберпартызанаў. Цікаўнасць вялікая: гэта і абмеркаванні, і прагляды. Гэта значыць, што падзеі, якія былі і працягваюцца, па-ранейшаму ўплываюць на значную колькасць людзей. Многія ўцягнутыя ў гэтую тэму. Так, ты не можаш адкрыта пра гэта казаць. Але, відавочна, ёсць нянавісць і жаданне помсціць. Гэта бачна ў абмеркаваннях, у прыватных размовах. Людзі не перажылі гэтую траўму. Спатрэбіцца вялікі час, каб траўма прайшла. Прыйдзе момант і гэтыя пачуцці зноў выплюхнуцца. Так грамадства не працуе, старонку немагчыма перагарнуць. Сапраўдная перапрацоўка гэтай тэмы і гэтых эмоцый – гэта ўсё наперадзе.

Аляксандр Фрыдман – гісторык, доктар філасофіі, спецыяліст у гісторыі Еўропы ХХ стагоддзя, выкладае гісторыю краінаў Усходняй Еўропы ва Універсітэце імя Генрыха Гэйне (Дзюсельдорф) і найноўшую гісторыю Еўропы ў Саарландскім універсітэце (Саарбрукен).

ВХ