Сённяшні суразмоўца — былы выконваючы абавязкі дырэктара Аршанскага хакейнага клуба «Лакаматыў» Яўген Мазура. Яўген працаваў у клубе фактычна ад моманту яго заснавання.
Калі вядомыя спартсмены ў 2020 годзе пачалі выказвацца супраць гвалту сілавікоў і фальсіфікацыі выбараў, Яўген таксама далучыўся і падпісаў адкрытае пісьмо спартыўных функцыянераў. У сувязі з гэтай падпіскай на яго пачаўся ціск, урэшце Яўген звольніўся, а ў хуткім часе і з’ехаў з Беларусі.
Слухайце гісторыю ў далучаным файле.
— Быў разлік на тое, што 7 студзеня, Раство, памежнікі будуць не вельмі свежыя. Ехаў праз лес, на мяжы Расіі і Латвіі мяне 6 гадзін дапытвала ФСБ. Можа быць, іх напружылі беларускія нумары на аўтамабілі. Зіма, шмат снег. Да Вільнюса дабраўся толькі глыбокай ноччу. Пазней пераехаў у Польшчу. Я першапачаткова сюды хацеў ехаць.
Любога кіраўніка імкнуцца прыціснуць па эканамічным артыкулам. Я звольніўся ў кастрычніку 2020 года. І праз тыдзень пасля майго звальнення прыйшоў дзяржкантроль з праверкаю, Дэпартамент фінансавых расследаванняў, допыты. Таму я быў вымушаны з’ехаць. Мяркую, я іх апярэдзіў на некалькі тыдняў. У мяне быў час сабраць рэчы, з’ехаць. Але я разумеў, што гэта надоўга. Польшча, бо я ведаю мову. Магу камунікаваць. Гэта нашмат прасцей.
Да беларусаў добра ставяцца ў Польшчы. Ды і да гэтага часу някепска ставіліся. Мы ж былі адной дзяржавай. Асабліва калі пачынаеш гаварыць на іх мове, то ніякіх праблем у камунікацыях. Агулам ёсць паразуменне.
Цяпер Яўген мае дачыненне да Фонду спартыўнай салідарнасці.
— Пачалося з таго, што ў жніўні мінулага года з’явіўся ліст салідарнасці спартсменаў супраць гвалту. Я яго падпісаў. Пасля чаго ў мяне была доўгая размова з Дзмтрыем Баскавым. Такім чынам я пачаў камунікаваць з многімі спартсменамі, а пазней і неяк так склалася, што быў створаны Фонд спартыўнай салідарнасці. Найперш ён быў скіраваны на падтрымку спартсменаў, якім забаранялі выступаць. А потым пачалі працаваць на тое, каб адмяняць вялікія спартыўныя старты ў Беларусі. Людзі з вялікім міжнародным досведам. Мы шмат пісалі зваротаў. Нядаўна выйшла расследаванне пра дамоўныя гульні ў хакею. Што чэмпіёны вызначаюцца не на лёдзе, а ў кабінеце. Гэта абсалютна супярэчыць этычным спартыўным стандартам.
Фонд спартыўнай салідарнасці запусціў Спартыўную акадэмію анлайн. Я зорны амбасадар гэтай акадэміі, кансультую і сам адначасова там вучуся. Гэта цікавы праект. Каб пасля пераменаў у Беларусі мы мелі кваліфікаваных менеджараў у спорце. Бо цяпер праблема беларускага спорту ў тым, што ёсць заімшэлыя кіраўнікі, якія не разумеюць, што яны робяць, для чаго і які вынік ад гэтага хочуць атрымаць.
Яўген кажа, што ў Беларусі засталіся яго былая жонка і сын, з якім у яго цёплыя адносіны. Вымушанае расставанне цяпер найбольш цяжка перажываць. Ён не адмаўляе, што аднойчы можа вярнуцца ў Беларусь.
— Цяпер я разглядаю такую магчымасць. Але, калі адбудуцца перамены, будуць цікавыя прапановы, то з задавальненнем вярнуся, каб працаваць дзеля сваёй краіны. Гэта яшчэ добра, што я не маю праблем з моваю. А тыя, хто прыязджае без мовы, ім нашмат больш складана.
Маральна цяжка. Бо калі ўкладаеш шмат сілаў, душу ў нейкі праект і кідаеш яго, можна сказаць, на піку развіцця, ды вымушаны займацца іншымі справамі, гэта няпроста. Я прафесійны спартыўны менеджар. Але знайсці тут працу складана, я не магу знайсці па сваёй прафесіі. Таму даводзіцца вывучаць абсалютна новыя рэчы, развівацца ў новым кірунку.
Яўген кажа, што людзі, якія з’ехалі, у сваёй большасці шмат што згубілі.
— У мяне была добрая праца, з высокім заробкам. Я займаўся любімай справай. Але я не мог застацца ў баку ад тых падзей, што адбываліся. Меркантыльныя інтарэсы ў такой сітуацыі адыходзяць на іншы план, калі адбываецца нематываваная жорсткасць, пераслед. Мусіш быць грамадзянінам найперш, а не функцыянерам.
Я не шкадую. Мне не характэрна шкадаваць пра свае рашэнні. Я б не змог там цяпер працаваць. Мне прапаноўвалі памаўчаць, супакоіцца. Але хваля рэпрэсій дакацілася б, крыху пазней. Не, шкадавання няма. Я гэта ўспрымаю як новы выклік. Як магчымасць нечага дасягнуць тут, у тым ліку
На пытанне, ці будуць у Беларусі перамены да лепшага, Яўген Мазура адказвае так:
— Перамены непазбежныя. Пытанне часу толькі.
вх