Гэта будуць дарагія Каляды, піша выданне «Polska». Усе знакі на небе і на зямлі, а асабліва вынікі даследаванняў сведчаць аб тым, што палякаў чакаюць дарагія Каляды. Прынамсі палова плануе зацягнуць пас: зэканоміць на падарунках, але і на святочным стале. Цэны на алей, масла, цукар, яйкі і гародніну ўзляцелі, таму сам калядны вечар можа каштаваць рэкордна высока.
З лістапада новыя вынікі апытанняў грамадскай думкі, сацыяльных настрояў і спажывецкіх настрояў сведчаць аб тым, што надыходзячыя Каляды ўдараць па кішэні.
Ажно 63% палякаў маюць намер скараціць свае калядныя выдаткі, якія ў сярэднім складуць 1415 злотых – гаворыцца ў справаздачы «Калядны гаманец палякаў 2021» Польскай асацыяцыі банкаў. Амаль палова плануе абмежаваць выдаткі на падарункі, а кожная чацвёртая – на пакупкі прадуктаў і арганізацыю святаў.
Справаздача асацыяцыі адна з найноўшых у сваім родзе. Гэта паказвае, што сярэдні паляк з тых 1415 злотых, прызначаных на Каляды, выдаткуе больш за ўсё на ежу і прыгатаванне святаў: у сярэднім 557 злотых. Наступным пунктам будуць падарункі (517 злотых). У сярэднім на праезд у святочным перыядзе палякі трацяць 340 злотых. Аднак, цэны паліва надалей растуць, таму гэтая сума таксама можа змяніцца.
У гэтым апытанні палякаў таксама распытвалі, як яны спраўляліся ў апошнія тры месяцы. І тут галасы разышліся. 42% з апытаных сказалі, што іх матэрыяльнае становішча пагоршылася, але 45% рэспандэнтаў не адчулі змены. З іншага боку, 13% палякаў адзначылі паляпшэнне сітуацыі.
У згаданым даследаванні амаль кожны пяты паляк заявіў, што не зможа дазволіць сабе ўсе традыцыйныя калядныя прадукты. Амаль 45% рэспандэнтаў, хоць і планавалі набыць усё неабходнае на сёлетнія святы, вырашылі выбраць самыя танныя прадукты.
ав