Беларуская Служба

Сёння Тры каралі - адно з самых важных каталіцкіх святаў

06.01.2022 08:09
6 студзеня ў каталікоў важнае свята – Аб'яўлення Пана, якое найчасцей усё ж называюць Трыма Каралямі.
Аўдыё
  • Сёння Тры каралі - адно з самых важных каталіцкіх святаў
Варшаўскія Тры каралі PAP/Tomasz Gzell

Тры каралі – адно з галоўных святаў у каталіцкім календары, якое ўзнікла яшчэ ў першыя стагоддзі хрысціянства. У каталіцкай традыцыі Аб’яўленне Пана святкуецца з 4 стагоддзя, а ягоная сімволіка звязваецца з аповедам пра паганскіх каралёў Каспара, Мельхіёра й Балтазара, якія прыйшлі пакланіцца немаўляці Езусу й прынеслі яму дары. Хрысту як каралю прынеслі золата, як Богу – ладан, а як чалавеку – міру.

Асвечанай у гэты дзень у храмах крэйдай на дзвярах дамоў вернікі пішуць першыя літары імёнаў трох каралёў, а паміж літарамі малююцца крыжыкі ды пішацца год.

У Польшчы некалькі гадоў існуе сучасная традыцыя, звязаная з Трыма каралямі. Гэта святочныя шэсці па вуліцах гарадоў і мястэчак, у якіх пройдуць пераапранутыя каралі са світамі.

Сёлета яны пройдуць у 668 населеных пунктах Польшчы пад лозунгам «Сёння шчаслівы дзень». У Варшаве мерапрыемства пачнецца малітвай «Анёл Панскі», затым тры каралі пройдуць на плошчу Пілсудскага, расказвае адзін з арганізатараў шэсця Пётр Гертых.

-У сувязі з пандэміяй у шэсці ўдзел прыме 100 чалавек. Мы пройдзем з Замкавай плошчы на Пляц Пілсудскага. Там на сцэне стаіць прыгожая батлейка са Святой сямʼёй, якой каралі і паклоняцца. Мы заспяваем калядкі і будзем танцаваць паланэз.

Каралём Афрыкі Бальтазарам у гэтым годзе будзе айцец Бенуа Азамэці, які зʼяўляецца манахам-місіянерам і паходзіць з Тога. Ён кажа, што шэсцяў, як у Польшчы, у іншых краінах не бачыў.

-Я працаваў у Італіі, але не бачыў падобнага. Магу сказаць, што гэта прыгожая традыцыя. Цудоўны спосаб святкавання і сведчання сваёй веры.


Варшаўская Святая сям'я Варшаўская Святая сям'я

У ролі Святой сям’і выступілі Аляксандра і Якуб Секежыньскія з сынам Стэфанам.

-Удзел у шэсці мае сваю вартасць у розным кантэксце. У першую чаргу для нас гэта рэлігійны кантэкст. Мы ідзем, каб пакланіцца народжанаму Пану Езусу і Святой сямʼі. Гэта таксама важны сямейны і грамадскі характар, адчуванне прыналежнасці да супольнасці, таксама нас, як палякаў. Гэта таксама спосаб калядавання.
-Уся нашая сямʼя цешыцца з удзелу ў шэсці. Мы спадзяемся, што гэта нас будзе матываваць да працы над сабой, паколькі Святая сямʼя зʼяўляецца недасяжным узорам.

Свята Трох каралёў у Польшчы – свабодны ад працы дзень. У пасляваеннай Польшчы гэта быў свабодны ад працы дзень ажно да 16 лістапада 1960 году. Свята адмяніў Сейм Польскай Народнай Рэспублікі. Змены адбыліся ў 2010 годзе, калі зноўку пачаліся працы над тым, каб свята Трох каралёў было вольным днём. Адпаведны закон прыняў Сейм, а ў лістападзе яго падпісаў прэзідэнт.

ав


Раство Хрыстова – гэта свята, якое нясе радасць і надзею

07.01.2022 05:16
З каляднымі віншаваннямі да ўсіх беларусаў звяртаецца айцец Уладзімір Місяюк, настаяцель праваслаўнага прыхода ў Саколцы.