Міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі заявіў, што цяпер ідзе планамерная падрыхтоўка да хвалі распаўсюду амікрона – штама каронавіруса.
– На працягу некалькіх дзён мы назіраем трывожную тэндэнцыю росту заражэнняў. Мы трактуем гэтыя вынікі як паслясвяточную анамалію, а не як змену трэнду. Падобная з'ява назіралася ў мінулым годзе. Пад Каляды часова павялічылася колькасць выпадкаў. Пасля была тэндэнцыя да зніжэння, – паведаміў міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі (Adam Niedzielski).
Цяпер каля 15 працэнтаў аналізаў на кавід паказваюць станоўчы вынік.
Міністр аховы здароўя сказаў, што на падставе дадзеных заходніх краін можна зрабіць выснову – амікрон больш заразны. Але першыя назіранні паказваюць, што ўзровень шпіталізацыі не павялічваецца.
– Мы сістэмна рыхтуемся да ўдару амікрона, – сказаў міністр Нядзельскі. – Прагназуем, што ён пачне дамінаваць у Польшчы прыкладна ў канцы студзеня. Ужо павялічваем запасы лекаў і колькасць ложкаў у бальніцах.
Ёсць задача давесці бальнічную інфраструктуру спачатку да 40 тысяч ложкаў, затым – да 60 тысяч ложкаў. Другі варыянт – гэта для больш песіместычнага сцэнару.
Разам з тым у краіне няма магчымасці нарошчваць бальнічную інфраструктуру настолькі, каб мець магчымасць лячыць стацыянарна ўсіх хворых з COVID-19. Таму ёсць намер павялічыць дабальнічную дапамогу пацыентам хворым на каронавірус на ранніх стадыях захворвання, цытуе міністра аховы зароўя Польшчы Адама Нядзельскага polskatimes.pl.
вх