Беларуская Служба

Любоў да свабоды і гатовасць памерці за яе набралі для нас новае, вельмі актуальнае значэнне

01.03.2022 15:24
Ёсць людзі, якія на столькі любяць свабоду, што гатовыя аддаць за яе жыццё.
Аўдыё
  • 1 сакавіка - Дзень памяці выклятых жаўнераў
Адзначэнне Дня памяці выклятых жаўнераўфота: PAP/Przemysław Piątkowski

Любоў да свабоды і барацьба да поўнай страты дыхання – яшчэ нядаўна гэтыя словы гучалі для большасці палякаў, асабліва маладых, як гучныя пафасныя лозунгі старых, мінулых часоў, якія ўжо ніколі не вернуцца. Вайна ў Еўропе? Ну, вы што, якая вайна? Былі, канешне, прарокі, якія папярэджвалі пра намеры Пуціна, як загінулы прэзідэнт Лех Качыньскі ў Польшчы ці палітык Барыс Нямцоў у Расіі. Але гісторыя любіць паўтарацца, як цяпер пачалі казаць многія. І, відаць, мы ўжо на столькі добра забылі ўсе жахі вайны, што дапусцілі наступную.

Аднак, аб тым, ці свабоднаму свету ўдасца стрымаць хворыя імперскія амбіцыі Пуціна, мы сёння не будзем разважаць. Мы хочам згадаць людзей, якія на столькі любілі свабоду, што былі гатовыя аддаць за яе жыццё. Гаворка ідзе пра так званых выклятых жаўнераў – так іх называюць у Польшчы. Гэта змагары шэрагаў падпольнай арміі, якія пасля заканчэння Другой сусветнай вайны не пагадзілася з падзелам Еўропы паміж заходнімі хаўруснікамі і Савецкім Саюзам. На жаль, Польшчы выпаў лёс трапіць у другі блок. Што немінуча прынесла палякам гора, слёзы, галечу, карткі на прадукты і насаджэнне расійскай мовы ў школах. Каб мяне добра зразумелі – я не маю нічога супраць расійскай мовы, гэта цудоўная, вельмі прыгожая мова, але кожны народ мае права сам выбіраць, на якой мове ён хоча размаўляць, і ніхто звонку не павінен за яго вырашаць.

Антыкамуністычны падпольны рух у Польшчы быў вельмі масавым. Паводле розных ацэнак, у ім удзельнічала ад 120 да 180 тысяч чалавек. Акупанты паступалі з імі вельмі жорстка, палявалі на камандзіраў, забівалі жаўнераў. Але і так рух дзейнічаў значна даўжэй, чым можна было спадзявацца. Апошні член руху супраціву, Юзэф Франчак загінуў праз 18 гадоў пасля заканчэння вайны – у кастрычніку 1963 года.

Кожны год 1 сакавіка ў Польшчы адзначаецца дзяржаўны Дзень памяці, прысвечаны членам узброенага антыкамуністычнага падполля. У гэты дзень у 1951 годзе быў выкананы смяротны прысуд у адносінах 7 членаў кіраўніцтва антысавецкай арганізацыі «Свабода і незалежнасць».

З нагоды Дня выклятых жаўнераў кожны год адбываецца Бег памяці – забег «Воўчай сцяжынай» на дыстанцыю адна 1963 метры. Сёлета, у сувязі з нападзеннем расійскіх войскаў на Украіну, ушаноўваюць памяць украінскіх салдат, якія загінулі пад жоўта-блакітным сцягам, змагаючыся з акупантамі. На забег у Шчэціне прыйшлі не толькі дарослыя, але таксама маленькія бегуны.

- Каб ушанаваць памяць выклятых герояў.

- Цяпер мы павінны быць разам з імі, яны гінуць за нас. Калі б яны не ахвяравалі сваім жыццём, невядома, якая была б цяпер наша сітуацыя. І таму мы сёння ўшаноўваем як салдат, так і цывільных жыхароў, якія змагаюцца з акупантамі на ўсёй лініі фронту.

- Я сам – салдат, і лічу, што патрыятычныя каштоўнасці вельмі важныя, і трэба адзначаць такія істотныя гістарычныя даты.

У Шчэціне забег ужо адбыўся, а іншыя мерапрыемствы пад лозунгам «Бяжым дапамагчы Украіне» адбываюцца з 1 па 6 сакавіка ў розных гарадах як Польшчы, так і за мяжою. Бягуць больш за 300 гарадоў, 600 школаў, Войскі тэрытарыяльнай абароны, а таксама жаўнеры кантынгенту саюзных сілаў НАТА. «Удзельнікі яднаюцца ў імя Украіны», – кажа каардынатарка праекту Барбара Канарска.

- Гэта не толькі забег памяці, але таксама забег дзейнасці. Гэта вялікая акцыя дапамогі нашым суседзям з усходу. Мы бяжым дапамагчы Украіне. Забег у больш чым тысячах месцаў па ўсёй Зямлі адбываецца менавіта пад гэтым лозунгам – дапамога Украіне будзе аказаная дзякуючы забегу «Воўчай сцяжынай» па ўсім свеце.

Дзякуючы акцыі будзе аказана канкрэтная дапамога ўкраінцам і Украіне, – дадае Барбара Канарска.

- Мы ведаем дакладна, што і каму патрэбна. Каб гэтая дапамога не была хаатычная, каб людзі атрымалі тое, што ім патрэбнае. А сам прабег таксама ўключае магчымасць збіраць сродкі на самыя важныя патрэбы Украіны. Мы будзем таксама збіраць кроў. Гэтая кроў патрэбная не толькі для нас, для палякаў, магчыма, узнікне неабходнасць перадаць частку крыві на ўсход.

Гісторыкі мяркуюць, што большасць падпольных узброеных арганізацый у Польшчы была разгромлена саветамі ды іх памагатымі ў выніку адсутнасці рэакцыі ЗША і Вялікабрытаніі. Хай пра гэта сёння памятаюць заходнія палітыкі, калі разважаюць, як стрымаць чалавека, які марыць адрадзіць Расійскую імперыю.

нг