Беларуская Служба

Таццяна Хоміч: Каб дапамагчы палітвязням, трэба пра іх расказваць, пісаць ім лісты і падтрымліваць фінансава

14.04.2022 09:32
Увага да праблемы беларускіх палітвязняў моцна знізілася з пачаткам вайны ва Украіне.
Аўдыё
  • Таццяна Хоміч: Каб дапамагчы палітвязням, трэба пра іх расказваць, пісаць ім лісты і падтрымліваць фінансава
 ,
Таццяна Хоміч, сястра Марыі КалеснікавайЛ.Вялічка/radyjo.net

Зменшылася і фінансавая патрымка сем’ям палітычных зняволеных. Пра гэта расказвае актывістка ў сферы правоў чалавека, прадстаўніца Каардынацыйнай рады па пытаннях палітзняволеных Таццяна Хоміч, сястра Марыі Калеснікавай.

Таццяна, якія апошнія навіны ад Марыі? Здаецца, яны не самыя лепшыя?

-7 красавіка адбылося паседжанне камісіі выпраўленчай калоніі нумар 4 у Гомлі. На Марыю наклалі ўжо другое спагнанне і пазбавілі кароткатэрміновага спаткання з роднымі, то бок з нашым татам. А яшчэ раней, 30 сакавіка, у яе таксама было спагнанне ў выглядзе доўгатэрміновай сустрэчы. Прычыны розныя. У адным выпадку яе абвінавацілі ў тым, што яна нагрубіла супрацоўніку калоніі, у другім – перабівала. Калі будзе трэцяе спагнанне, то яе могуць прызнаць злосным парушальнікам. У панядзелак Марыю наведаў адвакат, самаадчуванне ў яе добрае. Яна працуе швачкай, у яе ўжо трэці разрад, а ў лістах яна піша, што ёй гэта нават падабаецца. Гэта цяжка, Марыя працуе шэсць дзён, адначасова іх прыцягваюць да іншай працы – дапамога па кухні, зімой ачыстка снегу. Маша піша ў лістах, што няма часу для сябе. Няма часу пісаць лісты, няма часу пабыць сам на сам з сабою.

Ці Марыя атрымлівае лісты? Родныя палітвязняў кажуць, што даходзіць толькі іх малая частка.

-Цяпер даходзяць лісты толькі ад самых блізкіх сваякоў. Хоць я ведаю, што ёй пішуць і далейшыя сваякі, сябры, знаёмыя. Але атрымлівае яна толькі ад самых блізкіх.

Ці ў калоніі да Марыі ёсць нейкае асаблівае стаўленне?

-За Машай стала сочаць. Падчас перапынку на працы нехта стала з ёй знаходзіцца. Таксама, як і іншыя палітвязні, яна знаходзіцца на прафілактычным уліку, на вопратцы – жоўтая бірка, як схільная да экстрэмізму. Гэта значыць, што яна спіць на верхняй паліцы, цягам дня праходзяць дадатковыя праверкі, на ўсіх праверках яна першая ў чарзе, самастойна нікуды хадзіць не можа. Яна вельмі абураная, што ёй не дазваляюць хадзіць у спартыўную залу, каб заставацца актыўным і здаровым чалавекам.

Вы агучваеце праблему беларускіх палітычных зняволеных у заходніх краінах, прадстаўляеце дэмакратычныя сілы Беларусі на замежных сустрэчах, у еўрапейскіх структурах. Ці ў сувязі з апошнімі падзеямі ва Украіне вы бачыце змяншэнне зацікаўлення тэмай парушэння правоў чалавека ў Беларусі? Ці складаней стала адстойваць правы палітвязняў, а значыць і змяншаецца надзея на іх хутчэйшай вызваленне ў выніку адсутнасці ціску на беларускі рэжым?

-Я гэта заўважаю, сапраўды з першых тыдняў вайны такое назіраецца, паколькі грамадская думка ў іншых краінах цяпер засяроджаная на Украіне. Гэта натуральна адбіваецца на ўвазе да сітуацыі ў Беларусі, асабліва да сітуацыі з палітычнымі вязнямі. Тым, хто цяпер знаходзіцца ў еўрапейскіх краінах, цяпер асабліва важна гаварыць пра гэта як мага больш. Палітвязні застаюцца, гэта людзі, якія змагаліся за свае правы і працягваюць гэта рабіць у турмах. Гэта нашыя героі. Мы чуем ад ініцыятываў, якія збіраюць сродкі на перадачы, на аплату адвакатаў, што зменшылася колькасць фінансавай дапамогі. І гэта складаная сітуацыя, паколькі нельга дапусціць, каб родныя заставаліся са сваёй бядой адныя. Насамрэч патрэбная і маральная, і фінансавая падтрымка.

Пасля пачатку вайны ва Украіне быў момант, калі ў розных структурах у якасці агрэсара ставілі не толькі беларускую ўладу, але і ўсіх беларусаў. Ці падчас размоваў з еўрапейскімі палітыкамі і арганізацыямі Вы заўважаеце, што яны адрозніваюць рэжым і беларусаў, якія з 2020 году змагаюцца за свае правы, а многія з іх за гэта апынуліся ў турмах?

-Спадзяюся, што так. На гэтым тыдні я была на паседжанні Камісіі па эканамічных і сацыяльных справах Еўрапарламента. На ім выступаў кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзірк Шубель. Ён таксама гаварыў пра сітуацыю з палітвязнямі, пра дапамогу. Я лічу, што гэта добры паказальнік таго, што прадстаўнік дэлегацыі ЕС у Еўрапарламенце таксама гаворыць пра беларусаў. Гэта натуральная сітуацыя, калі на фоне смерцяў ва Украіне ўвага да нашых праблем змяншаецца. І таму я лічу, што задача кожнага з нас – пра гэта нагадваць і гаварыць. Таксама я бачу, што менш увагі стала менавіта ў СМІ, але на палітычным, інстытуцыянальным узроўні яна засталася нязменнай.

Пісаць лісты, дапамагаць фінансава, расказваць пра палітзняволеных. Ці яшчэ нешта можна зрабіць?

-Так, пісаць лісты, дапамагаць фінансава. Ёсць розныя ініцыятывы, пры дапамозе якіх гэта можна зрабіць. Напрыклад, фонд «Краіна для жыцця» збірае сродкі для канкрэтных сем'яў. Можна ўзяць папячыцельства і дапамагаць нейкай канкрэтнай сям’і, якая сустракаецца з фінансавымі праблемамі. Ёсць зборы на politzek.me. То бок ёсць розныя магчымасці. Гэтыя арганізацыі правяраюць тых, хто звяртаецца па дапамогу, перадаюць яе родным так, каб гэта было бяспечна для абодвух бакоў. Самае галоўнае – гэта працягваць гаварыць пра зняволеных у краінах, якіх жыве кожны з нас. Мне здаецца, вельмі важна дагрукацца да грамадства і людзей, праваабарончых арганізацый, каб данесці думку, што беларусы надалей змагаюцца за свае правы, за свабоду і дэмакратыю. У еўрапейскіх краінах гэтыя каштоўнасці здаюцца відавочнымі. Трэба казаць, што тыя, хто сядзіць у турмах, змагаюцца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі.

Дзякуй за размову.

слухайце аўдыё

ав

П. Усаў: Вайна цалкам развязала рукі рэжымным карнікам для расправы над беларусамі

23.03.2022 12:40
Беларускі рэжым, які кінуў за краты тысячы людзей, штодзённа вядзе пераслед над звычайнымі людзьмі, а таксама беларускія палітвязні сышлі з міжнароднай павесткі дня.