Беларуская Служба

Cабака Стыў тройчы ўцякаў ад беларускіх службаў на польскай мяжы

21.06.2022 09:59
Яму восем гадоў, ён надзвычай прыязны, і яго гісторыя – нешта нечуванае.
Сабака Стыўфота: Stowarzyszenie "Zakątek Weteranów"

Гісторыю апісвае polsatnews.pl.

Стыў – бельгійская аўчарка, якая ўцякла ад беларускіх памежнікаў і дабралася да польскай мяжы. Тры разы.

– «Дэзерцір» – непрыемны тэрмін, хаця трэба сказаць: ён дэзерціраваў са службы, – кажа валанцёр «Ветэранскага кутка» Агнешка Заворская.

Сабака патруляваў польска-беларускую мяжу ў Белавежы.

– На другім баку былі польскія жаўнеры. Здавалася, ён адчуў добрую аўру, – кажа Гжэгаж Хмялеўскі, кіраўнік таварыства «Ветэранскі куток».

Стыў уцёк ад беларускіх жаўнераў на польскі бок. – Дык ён ведае, дзе правільны кірунак, – кажа Томаш, жыхар Гнезна.

Стыў трапіў да польскіх функцыянераў. Там яго пакармілі. Пазней польскія жаўнеры адвезлі сабаку на мяжу. Было тры спробы перадаць Стыва беларускім службам. Беспаспяхова. Стыў вяртаўся тройчы. Сам праходзіў некалькі дзясяткаў кіламетраў праз лес. Пасля трэцяга разу сабака застаўся на польскім баку.

Гэта незвычайна, таму што абучаныя сабакі не кідаюць сваіх апекуноў. Сабакі, якія працуюць у спецслужбах, не мяняюць працоўнае месца.

- Калі яны ўцякаюць, то толькі таму, каб знайсці свайго апекуна, – кажа Станіслаў Врык, рэпарцёр Polsat News.

Стыў, аднак, уцёк ад свайго апекуна. У яго былі сур'ёзныя скурныя захворванні, яго кепска кармілі.

- Наколькі нам вядома, гэты сабака, верагодна, не атрымліваў ежы, толькі хлеб з вадой, – сказала Агнешка Заворска. Яна дадала, што сабаку білі нагамі, калі ён не выконваў загадаў.

- Ён знайшоў добрае месца, лепшае месца, дзе адчуванне бяспекі было большым, – сказаў Лукаш Цымер, біхевіярыст.

Стыў апынуўся ў кутку ветэранаў. Ён сабачы пенсіянер. Ён занадта стары, каб вярнуцца на службу.

– Ён вырашыў паспрабаваць лепшае жыццё, як бачыце, у яго атрымалася. Ён задаволены, ён з намі ладзіць, – падкрэсліла Агнешка Заворска.

– Ён ведае, дзе ёсць добрыя людзі, якія дапамагаюць іншым. Гэты сабака зрабіў правільны выбар, – кажа Томаш, жыхар Гнезна.

ав/polsatnews.pl