Беларуская Служба

Чым жыве беларуская нацыянальная меншасць у Польшчы

27.06.2022 17:06
Агляд 26-га нумару «Нівы» – тыднёвіка беларусаў Польшчы.
Аўдыё
  • Агляд 26-га нумару «Нівы» – тыднёвіка беларусаў Польшчы
Рэдакцыя тыднёвіка ў Беластокуфота: Наталля Грышкевіч/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Люблін, асабліва ў летнія месяцы, мае багатую культурную прапанову, – піша Уршуля Палюховіч. – Пачынаючы з траўня, турыстаў прыцягваюць цыклічныя фестывалі, якія цягам гадоў карыстаюцца безупыннай папулярнасцю. У Любліне праходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі ўсходняй культуры, акцыі падтрымкі бежанцаў з Украіны, сустрэчы з пісьменнікамі. Сам Люблін абвешчаны быў Сэрцам беларускага тэатра ў Польшчы. І менавіта тут у рамках фестывалю «Блізкі Усход» прайшла прэм'ера спектакля «Гусі-людзі-лебедзі» Аляксандра Гарцуева. Гэтым разам рэжысёр прадставіў візію будучыні, створанай на аснове адной з частак рамана «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча, якога літаратура зараз у Беларусі лічыцца экстрэмісцкай. У рамках фестывалю прайшла віртуальная прэмера Дзядоў – таксама ў выкананні купалаўцаў. За ўсю гісторыю беларускага тэатра Дзяды– ставіліся толькі чатыры разы. Да гэтага часу рэжысёр Павел Пасіні паставіў іх двойчы на беларускай мове – сем гадоў таму ў Брэсце і Мінску. У рамках фестывалю прайшла сустрэча з Юліяй Цімафеевай, беларускай паэткай, якая жыве ў эміграцыі. Яна падкрэсліла, што зараз літаратура, мастацтва маюць адказныя нацыянальныя і грамадскія задачы, а менавіта супрацьставіцца вайне. Павел Пасіні адзначыў, што не кожны заўважае як многа людзей зʼехала з Беларусі ў Польшчу. Гэта не толькі тыя, якія зехалі пасля выбараў у Беларусі, але таксама натоўп беларускіх уцекачоў з Украіны. Люблін за апошнія месяцы ператварыўся ў мультыкультурны кацёл, а нашы ўсходнія суседзі сталі яшчэ бліжэйшыя нам, чым раней.

******************
Па запрашэнні Алеся Зарэмбюка, старшыні Беларускага дома ў Варшаве, рэдактар «Нівы» меў магчымасць выступіць у сталіцы са сваімі думкамі наконт беларускай нацыянальнай меншасці. «Для мяне – піша Яўген Вапа – вялікім выклікам і цікаўнасцю было сустракацца з беларусамі, якія зараз зʼявіліся ў Варшаве ў іншым выглядзе – не як класічная меншасць перш за ўсё з Беласточчыны як раней бывала, але ў выглядзе свежай, беларускай дыяспары. Палітычныя падзеі эпохі лукашызму і асабліва апошнія два гады прымусілі сотні тысяч беларусаў да эміграцыі па ўсім свеце, у тым ліку і ў Польшчу. Другая справа, у час такіх сустрэч за размовай і пытаннямі можна найлепей адчуць эмоцыі і настроі дыяспары перад новымі выклікамі ва ўсіх планах, таксама нацыянальна-асветных. Менавіта выхаванне і навучанне маладой, беларускай дыяспары на роднай мове гэта выклік, з якім справіцца найцяжэй. Паездка ў сталіцу была для мяне таксама сентыментальным падарожжам. Тут у студэнцкія гады мы стваралі наш беларускі студэнцкі рух і мелі шчасце пазнаёміцца са старэйшымі беларусамі, такімі як Юры Туронак і Янка Жамойцін. Таму для мяне Варшава гэта месца сустрэчы менавіта тых беларусаў, якія, нягледзячы на ўсе палітычныя, гістарычныя цяжкія хвіліны для беларускага народа, ніколі не перасталі верыць у Беларусь».

******************
14 чэрвеня 1942 года група партызан абстраляла на дарозе між Райскам і Храбаламі, кіламетр ад Райска, нямецкую легкавушку. У рэванш 16 чэрвеня з раніцы вёску ачапілі атрады эсэсаўцаў, гестапа і вермахта ды жандары з бельскага і храбалаўскага пастарункаў. Жыхароў сагналі на пляц перад царквою і ўчынілі крвавую распраую У васьмідзясятую гадавіну пацыфікацыі гітлераўцамі Райска і расстрэлу 149 жыхароў вёскі былі адслужаны ў царкве літургія, а на брацкай магіле малебен, – піша Аляксандр Вярбіцкі. – Зʼехалася мноства народу – спрыяльнай нагодай было дзяржаўнае свята Божага Цела. Набажэнствы служыў бельскі архіепіскап Грыгорый. Прысутнічалі прадстаўнікі самаўрадаў. Была, як штогод, нямецкая пастар Барбара Філер, якая каялася: «Выказваю глыбокі сум і сорам. Вайна заўсёды страшная, але тут не была звычайная вайна, тут быў генацыд. У агульнай нямецкай культуры гэтага няма. Схіляю галаву перад усімі замардаванымі. Вечная памяць усім ахвярам». Душа раенскага грамадскага жыцця на працягу апошніх дзесяцігоддзяў Яўгенія Шумская, сведка тадышняй трагедыі, адзначыла, што Райск не загінуў, што на нашых вачах вырасла трэцяе пакаленне, а нават чацвёртае, здольных, працавітых, зладжаных маладых жыхароў пакутнай вёскі. Пасля вызвалення з розных бакоў Польшчы вярнуліся круглыя сіроты Райска на папялішчы, але ўласныя.

********************
Сёлета ІХ Пікнік з беларусам адбыўся без усялякіх перашкод, але з-за дрэннага надворʼя праводзіўся ў актавай зале Агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым навучаннем беларускай мове ў Гайнаўцы, – піша Аляксей Мароз. – Невыпадкова пікнік адбыўся 1 чэрвеня, калі ў пачатковых школах Гайнаўкі традыцыйныя ўрокі былі адменены па прычыне Дня дзіцяці. Вучні з гэтай нагоды маглі наведаць Гайнаўскі белліцэй у час рэкламнага беларускага мерапрыемтва. Перад публікай у актавай зале побач белліцэістаў выступілі вучні пачатковых школ, дарослыя асобы і дашкольнікі. Удзельнікі мерапрыемства знаёміліся з беларускай культурай і адначасна з атмасферай у белліцэі. Прадстаўнікі Школьнага самаўрада раздавалі вучням пачатковых школ рэкламныя матэрыялы, якія заахвочвалі паступаць у Гайнаўскі белліцэй. Вучні ж будуць пазней вырашаць куды ім паступаць на далейшую вучобу і частка малодшых удзельнікаў пікніка пасля паступае менавіта ў гэты ліцэй. У ходзе пікніка быў праведзены конкурс аб жыцці беларусаў Беласточчыны. Белліцэісты паспяхова адказвалі на пытанні, якія тычыліся таксама беларускіх медыя ў Падляшскім ваяводстве.

Віталь Луба


Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы