Беларуская Служба

1 ліпеня - Дзень сабакі

01.07.2022 08:09
Дата – невыпадковая. Менавіта летам большасць сабак трапляюць у прытулкі, бо іх не вельмі адказныя апекуны не ўяўляюць, што з імі рабіць падчас адпачынкаў. 
Аўдыё
Сабака на ланцугуkropekk_pl/pixabay.com/CC0

Дзень сабакі – адносна новая ініцыятыва, створаная ў 2007 годзе. Хаця шмат дзе можна сустрэць іншы варыянт яе назвы – Сусветны дзень сабакі – насамрэч свята не міжнароднае. Дзень быў вызначаны па ініцыятыве польскага часопіса «Przyjaciel Pies» (Сябар сабака).

Дата 1 ліпеня – невыпадковая. Менавіта летам большасць сабак трапляюць у прытулкі, бо іх не вельмі адказныя апекуны не ўяўляюць, што з імі рабіць падчас адпачынкаў. Дзень сабакі – гэта добрая магчымасць паразважаць пра тое, як ставяцца да сабак у грамадстве, асабліва ў вакацыйным сезоне. Гэта таксама частая адпраўная кропка для акцый па ўзяцці сабакі ў прытулку і кампаній па аказанні дапамогі, якія праводзяцца арганізацыямі, якія займаюцца абаронай жывёлы.

Галоўны рэдактар сайтаў psy.pl і koty.pl і часопіса «Moje pies i kot» Паўліна Круль расказвае, што ўладальнікі хатняй жывёлы, адпраўляючыся ў адпачынак, забываюць, што жывёла – гэта жывая істота, здольная адчуваць і пакутаваць. – Гэта тое, што абурае тых, хто сапраўды ставіцца да хатняй жывёлы як да членаў сям'і, – кажа Паўліна Круль.

-Няма залатой рады, што зрабіць, каб гэта не адбывалася. Напэўна, вельмі патрэбная адукацыя. То бок, усё трэба пачаць з асноваў. Паказваць дзецям, як трэба ставіцца да жывёлы. Што кіруе людзьмі, якія кідаюць жывёлу? Думаю, па-рознаму. Часамі гэта сапраўды адсутнасць эмпатыі. Падыход да жывёлы, як да прадмету. Здаецца, гэта галоўная прычына. У выніку такія людзі нават не хочуць задумацца, што такую жывёлу можна ў кагосці пакінуць, прыклаўшы крыху намаганняў. Людзі лянуюцца і думаюць толькі пра сябе. Усё ж цяжка адказаць, што гэтымі людзьмі кіруе. Думаю, што ў першую чаргу поўная адсутнасць сэрца.

Людзі, якія выкідваюць сабак, гэта адна катэгорыя людзей. Іншай зʼяўляюцца асобы, якія ідуць да ветэрынара і просяць усыпіць сабаку. Ветэрынарныя службы адзначаюць, што час вакацый – гэта павялічаная колькасць зваротаў. Многія гаспадары нават не ўтойваюць, што прычына ўсыплення – выезд на адпачынак.

На працягу многіх гадоў прытулак для бяздомнай жывёлы ў Цэлестынаве праводзіць інфармацыйную кампанію аб тым, каб не кідаць жывёлу перад вакацыямі, – расказвае дырэктар прытулку Лукаш Бальцэр. На жаль, перыяд адмовы ад жывёлы ўжо пачынаецца, дадае ён.

-Цяпер былі два тыдні, калі мы знаходзілі шчанят у вельмі розных месцах. Каля дарог, дзе гэтыя шчаняты напэўна не нарадзіліся і не жылі. Мы гадамі назіраем за гэтым нелегальным прэцэдэнтам. Нядаўна ў нас быў такі выпадак, калі сямʼя падʼехала пад вароты прытулку і выкінула чатырох шчанят. Не раз жывёлу пакідаюць у лесе ці рове каля дарогі, якая вядзе да нашага прытулку. Прывязаць да нашай агароджы сабаку ноччу, у 3 ці 4 гадзіны ноччу. А самае страшнае, што шчанюкоў могуць пакінуць у лесе ў зачыненай каробцы, што ў спякотны час можа быць забойчым.

Біхевіярыст, трэнер сабак Катажына Баргелоўская гаворыць, што можна параўнаць дзіця і сабаку, якія змянілі семʼі. На думку эксперта, чалавек – дзіця – можа дамовіцца з іншым чалавекам, расказаць пра свае цяжкасці і такім чынам справіцца з імі, а сабака не можа пераадолець траўму, якую перажывае ў сувязі з адмовай.

-Сабака перажывае стрэс. Цяпер у маім доме жыве восем сабак. Значная большасць з іх гэта сабакі пасля траўмы, кінутыя сабакі, жывёла, да якой вельмі кепска ставіліся папярэднія гаспадары. Яны засталіся ў нас, паколькі іншым людзям было б вельмі цяжка з імі працаваць. Мая практыка паказвае, што час працы з канкрэтным сабакам, каб вярнуць яго да нармальнага псіхічнага стану, ніколі не бывае аднолькавым. Кожнай жывёле патрэбны індывідуальны час. Гэта звязана з тым, якім чынам гэтая жывёла перажывае ўсе гэтыя імпульсы. Калі жывёла будзе здольная нам даверыцца, зможа есць, піць, адпачываць, то яна здольная вучыцца новых рэчаў.

Жорсткае абыходжанне з хатняй жывёлай не застаецца беспакараным. За жорсткае абыходжанне з хатняй жывёлай можна нават трапіць за краты. Аднак, гэта вельмі рэдкае пакаранне.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце