Беларуская Служба

У 1939 годзе палякі планавалі ўзарваць Гітлера пры дапамозе 500 кг тратылу

07.10.2022 06:02
5 кастрычніка 1939 года ў Варшаве прайшоў парад перамогі Вермахту, які прымаў сам фюрэр. 
Аўдыё
  • У 1939 годзе палякі планавалі ўзарваць Гітлера пры дапамозе 500 кг тратылу
Hitler odbiera defiladę w Warszawie na Al. Ujazdowskich. Nigdy nie dowiedział się, że kilkaset metrów dalej czekała na niego śmiertelna pułapka
Hitler odbiera defiladę w Warszawie na Al. Ujazdowskich. Nigdy nie dowiedział się, że kilkaset metrów dalej czekała na niego śmiertelna pułapkaNAC

5 кастрычніка 1939 года ў Варшаве прайшоў парад перамогі Вермахту. Такім чынам нямецкая армія святкавала перамогу над Польшчай. Парад прымаў сам Адольф Гітлер. Нямецкі дыктатар не ведаў, што польскія сапёры падрыхтавалі для яго смяротны сюрпрыз. Калі б план палякаў удалося б рэалізаваць, то лёс свету мог бы выглядаць інакш.

1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу. Дата нападзення – гэта таксама пачатак Другой сусветнай вайны. Гітлер прыехаў у Варшаву праз два дні пасля таго, як горад занялі нямецкія войскі. 2 кастрычніка капітуляваў гарнізон на балтыйскім паўвостраве Хэль, а бітва пад Коцкам – найбольшая бітва польскіх войск восенню 1939 года, – набліжалася да канца. Такім чынам, нямецкі дыктатар ужо мог аб’явіць аб перамозе і меў намер гэта зрабіць з тэатральнай пампезнасцю.

Калі Гітлер прыбыў на самалёце ў Варшаву, яго сустракалі высокапастаўленыя чыны Вермахту на чале з генерал-палкоўнікам Яганэсам Бласкавіцам – камандуючым войскамі, якія акружалі Варшаву. Фюрэра суправаджалі, у прыватнасці, вядомая кінарэжысёр Лені Рыфеншталь і яго асабісты фатограф Хуга Ягер. Цэнтр гораду быў зачышчаны, а жыхары Варшавы, якія пражывалі на трасе праезду Гітлера, былі выселеныя альбо зачыненыя ў кватэрах.

Тым часам пад двума руінамі будынкаў на адным са скрыжаванняў польскія патрыёты схавалі выбухоўку, а ў падвалах папулярнай установы Café Club засела баявая група.
Пра планаванне замаху гісторыкам вядома няшмат, таму што акцыя рыхтавалася ў глыбокай таямніцы. У сувязі з гэтым дакументы аб аперацыі практычна адсутнічаюць. Пра ход аперацыі вядома з аповеду яе ўдзельнікаў.

На месца правядзення тэракту выбуховыя матэрыялы былі дастаўленыя 25 верасня. Тратыл на падводзе завёз у цэнтр гораду паручнік Дамінік Жэлязка. Выбухоўку афіцэр перадаў непасрэдным выканаўцам замаху: паручніку Францішку Унтэрбергеру, капітану Эдварду Брудніцкаму і паручніку Чаславу Савіцкаму. Яны былі афіцэрамі 60-га сапёрнага батальёну, якім камандаваў маёр Францішак Непакульчыцкі. Сапёры падрыхтавалі дзве скрыні, у кожную паклалі па 250 кг тратылу і схавалі іх пад руінамі разбураных будынкаў.

Парад прайшоў па Уяздоўскай алеі ў самым цэнтры гораду. Пасля параду Гітлер накіраваўся на плошчу імя Пілсудскага, якая пазней была перайменаваная ў Адольф Гітлер пляц. Дыктатар перамяшчаўся на вялікім кабрыялеце маркі «Мэрсэдэс», стоячы на месцы пасажыра. Аўто фюрэра накіроўвалася наўпрост на падкладзеную выбухоўку. Але... тратыл не выбухнуў. Ужо пасля вайны ўдзельнікі аперацыі патлумачылі, што здарылася.

Аказалася, што маёру Непакульчыцкаму, які павінен быў камандаваць аперацыяй, не ўдалося трапіць на месца правядзення тэракту, таму што немцы раней закрылі вуліцы, па якіх перамяшчаўся Гітлер. А афіцэр, які назіраў блізка ад месца знаходжання тратылу і які павінен быў даць сігнал непасрэдным выканаўцам, раней атрымаў дазвол на прывядзенне ў дзеянне «адскай машыны» без загаду, але толькі ў выпадку, калі будзе ўпэўнены, што ў машыне сапраўды знаходзіцца фюрэр. Але ён завагаўся і не падаў знаку калегам, каб яны націснулі на кнопку дэтанатара. Магчыма, ваганне было звязанае з тым, што ў варшаўскай мэрыі ў якасці закладнікаў немцы зачынілі каля 500 чалавек.

У той жа самы дзень Гітлер вылецеў у Берлін. У Варшаву ён ніколі ўжо не вярнуўся. А польскі сапёры незаўважана размініравалі скрыжаванне.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

на фота: Гітлер прымае парад у Варшаве


Больш на гэтую тэму: Машына часу