Беларуская Служба

Аляксандр Аўдзевіч: У Польшчы для беларусаў з інваліднасцю найперш стаіць пытанне бюракратыі

28.12.2022 14:24
Аляксандр Аўдзевіч, інвалід-вазочнік, развівае ў Варшаве праект «Інклюзіўны барыста».
Аўдыё
  • Аляксандр Аўдзевіч: Хацеў бы стварыць Inclusive Barista Social Club, каб людзі з розных гарадоў і краін аб’ядноўваліся ў адно кам’юніці. Гэта ўваход у прафесію праз інваліднасць.
 .
Аляксандр Аўдзевіч.Фота: Radyjo.net

Аляксандр Аўдзевіч – вядомы ў Беларусі сацыяльны прадпрымальнік. Ён стварыў праект «Інклюзіўны барыста» ў сваёй краіне, які даволі паспяхова дзейнічаў. Цяпер Аляксандр спрабуе тое ж самае рэалізаваць у Варшаве.

Слухайце далучаны файл!

«Інклюзіўны барыста» – праект, у межах якога людзі з інваліднасцю засвойвалі прафесію барыста – вучыліся варыць каву, каб пасля мець магчымасць працаўладкавацца.
Цяпер Аляксандр спрабуе рэалізаваць гэты праект у Варшаве. Тым больш і беларусаў з інваліднасцю тут цяпер таксама нямала. Але ў Польшчы для беларусаў з інваліднасцю найперш стаіць пытанне афармлення ўсіх дакументаў.

– Тут больш складана аформіць дакументы – інвалід-вазочнік тут не мае першапачаткова такіх магчымасцяў, як мясцовыя жыхары. Аб зрабіць гэта, трэба ўкласці шмат працы, прайсці шмат бюракратыі. Нават я цяпер не магу пакінуць сваё аўто на месцы для людзей з інваліднасцю, бо яго забярэ паліцыя. Гэта бюракратычная форма, можа быць, нехта ў нейкі момант пачаў злоўжываць такімі магчымасцямі. Добра, што цяпер ёсць прабеларускаія арганізацыі, якія дапамагаюць усё гэта зрабіць.

Аляксандр Аўдзевіч гаворыць, што спачатку спрабавалі здымаць памяшканне пад кавярню, але гэта было невыгодна. Таму цяпер праект «Інклюзіўны барыста» працуе ў фармаце кейтэрынгу – выязной кавярні, выязнога абслугоўвання падчас публічных мерапрыемстваў, канферэнцый. Таксама ідзе працэс навучання людзей з інваліднасцю.
У Беларусі Аляксандр навучыў прафесіі барыста каля пяцідзесяці людзей з інваліднасцю.

– Я аб’ехаў усе вобласці. Рабіў адукацыйныя заняткі ва ўсіх абласных цэнтрах. Нехта прыходзіў за прафесіяй, нехта за фанам. Але трэба ведаць, што людзі з інваліднасцю крыху не разумеюць, што прафесія – гэта час, дысцыпліна. Гэта і пра навучанне таму, як быць запатрабаваным у гэтай прафесіі, гэта рэальная праца.

Аляксандр вядомы і як па дарожнік. На адмысловым ровары з ручным прывадам ён праехаў тысячы кіламетраў.

– Рыхтуюся да новага падарожжа, хачу развіваць свой брэнд. Хацеў бы стварыць Inclusive Barista Social Club, каб людзі з розных гарадоў і краін аб’ядноўваліся ў адно кам’юніці. Гэта ўваход у прафесію праз інваліднасць. Такая ідэя.

Наступным падарожжам будзе Аўстралія ці Афрыка. Я пачаў вандраваць ужо ў вазку, самае галоўнае – гэта чалавечая дапамога. Калі ў самых дзікіх месцах трэба было некуды трапіць, вучышся камунікацыі і разумееш, што ўсе людзі – людзі, і ўсе хочуць, каб у цябе ўсё было добра, з радасцю дапамогуць.

вх