Беларуская Служба

Усё менш і менш дзяцей, усё больш адзінокіх

31.01.2023 15:09
Новыя дадзеныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення паказваюць карціну старэння і дэпапуляцыі Польшчы.
 .
Ілюстрацыйнае фота.DarSzach / Shutterstock.com

У пачатку студзеня дэмографы падлічылі, што ў 2022 годзе нарадзілася 305 тысяч дзяцей, што было зноў рэкордна нізкай лічбай. Гэта на 50 тысяч менш, чым у 2020-ым, піша Dziennik Gazeta Prawna.


- Вынік мяне здзівіў, аказалася, што апошнія два месяцы мінулага года былі горшымі, чым мы ацэньвалі, – кажа праф. Пётр Шукальскі (Piotr Szukalski), дэмограф з ўніверсітэту ў Лодзі.

Старшыня Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Дамінік Розкрут (Dominik Rozkrut) канстатуе: у гэтай сітуацыі няма асаблівай розніцы, на 5 ці 10 тысяч менш – у 2022 годзе было зафіксавана найменш нараджэнняў дзяцей за пасляваенны час, і самае кепскае, што гэта тэндэнцыя да зніжэння, якая доўжыцца гадамі.

Прафесар Шукальскі зазначае, што меншая за чаканую колькасць народжаных у апошнія два месяцы году сведчыць пра наступствы вайны, якая пачалася ў лютым.

«Большасць дзяцей у Польшчы – жаданыя дзеці, нараджэнне якіх – свядомае рашэнне бацькоў. Можна чакаць, што першыя тыдні канфлікту, страх і няўпэўненасць, у якім кірунку пойдзе сітуацыя, прымусілі многія пары адкласці такія рашэнні», – падкрэслівае Пётр Шукальскі.

Як адзначае ў інтэрв'ю DGP Дарота Шалтыс (Dorota Szałtys), дырэктар дэпартаменту дэмаграфічных даследаванняў Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, каэфіцыент нараджальнасці вагаецца ў межах 1,3. Ён даўно не можа гарантаваць замену пакаленняў. Колькасць жанчын, якія могуць мець дзіця, скарачаецца. У той жа час расце група людзей старэйшых за 65 гадоў. Не спрыяе сітуацыі і той факт, што расце працэнт пар, для якіх рашэнне аб нараджэнні дзяцей не звязана з рашэннем аб шлюбе. Дзяцей маюць пераважна сямейныя пары – іх 41,8 працэнта. Нежанатыя пары з дзецьмі складаюць толькі 2,8 працэнта. Гэта няшмат, але можна заўважыць некаторыя змены ў параўнанні з мінулым перапісам. Найбольш традыцыйная мадэль поўнай сям'і тыповая для Усходняй Польшчы.

Для параўнання, у Чэхіі, дзе каэфіцыент нараджальнасці расце і зʼяўляецца адным з самых высокіх у Еўропе, працэнт дзяцей, народжаных па-за афіцыйнымі саюзамі, вельмі высокі. Гэта важна, таму што ў Польшчы адсутнасць вяселля, якое часта адкладваецца з фінансавых прычын, прыпыняе рашэнні адносна нараджальнасці.

Працэнт адзінокіх бацькоў гадамі быў аднолькавым: у 2011 годзе доля маці-адзіночак складала 19,8 працэнта, праз 10 гадоў – 18,8 працэнта. У мужчын, у сваю чаргу, гэты працэнт па-ранейшаму вельмі нізкі, хоць і вырас – з 3 працэнтаў да амаль да 4 працэнтаў.

Яшчэ адна трывожная карціна вынікае з дадзеных перапісу насельніцтва ў сакавіку 2021 года, таксама апублікаваных учора: колькасць семʼяў скарачаецца, а колькасць людзей, якія жывуць адны, павялічваецца. І хоць Польшчы яшчэ далёка да Швецыі, дзе больш за палову насельніцтва жыве ў самоце, колькасць хатніх гаспадарак з аднаго чалавека за дзесяцігоддзе павялічылася. У гарадах іх працэнт дасягае 27 працэнтаў. Падчас апошняга перапісу гэты працэнт складаў каля 23 працэнтаў. На вёсцы сітуацыя не мяняецца, такі стан зафіксаваны прыкладна ў 14 працэнтах гаспадарак.

Кіраўнік Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення звяртае ўвагу на той факт, што не толькі зніжаецца ўзровень нараджальнасці, але і расце колькасць смерцяў. Мяркуецца, што на кожныя 10 тысяч насельніцтва ў 2022 годзе памерлі 37 чалавек, а ў 2021 годзе гэты паказчык быў 47 (час пандэміі).

Рэзка скарачаецца і колькасць семʼяў у грамадстве. Цяпер сем’яў ажно на 814 тысяч менш, чым дзесяць гадоў таму. «Гэта на 8 працэнтаў менш. Гэта велізарныя змены, можна меркаваць, што гэта эфект старэння і росту колькасці несямейных хатніх гаспадарак», – падкрэслівае праф. Пётр Шукальскі.

вх