Перад гэтым прэзентаваліся вынікі па Літве. Даследчыкі апрацавалі даступныя афіцыйныя дадзеныя краін, каб зразумець маштабы міграцыі беларусаў у еўрапейскія краіны.
Існуе вялікая дыскусія аб тым, колькі беларусаў пасля 2020 году выехалі з Беларусі. Называюцца вельмі розныя лічбы: ад 200 да 500 тысяч, некаторыя эксперты кажуць нават пра мільён беларусаў. Без дакладных дадзеных аб маштабах міграцыі, яе характары, прычынах, людзях, якія мігравалі, калі яны прыехалі, цяжка надзейна даследаваць беларускую дыяспару, гавораць аўтары даследавання. Іх асноўны вынік: міграцыя не настолькі вялікая, як усім падавалася.
Калі казаць пра віды на жыхарства, то пераважае сталы від, часовы знаходзіцца ў меншасці. Рост іх колькасці адбываецца раней, чым у 2020 годзе, расказвае Андрэй Казакевіч:
-2020 і 2022 год далі істотны імпульс гэтым працэсам, але сам рост пачынаецца недзе з 2017-2018 года. З таго часу колькасць людзей, якія ў Польшчы атрымлівалі сталы від на жыхарства, паслядоўна павялічвалася. Яшчэ больш паказальная сітуацыя з часовымі відамі на жыхарства. Тут на пачатку перыяду – у 2015-2016 гадах – гэтая колькасць была невялікая (2,5-3,8 тысячы), з 2017 года зноў жа ўстойлівы рост. Асабліва значны ў 2021 годзе. Напэўна гэта вынік 2020 года. Але яшчэ большы рост – у 2022 годзе. Зараз мы знаходзімся ў стане рэвалюцыйных зменаў, што тычыцца міграцыі беларусаў. 2022 год з’яўляецца надзвычайны. Не 2020 ці 2021 год, а менавіта вайна змяніла сітуацыю беларусаў кардынальным чынам. Калі казаць пра Польшчу, то сталы від на жыхарства маюць 30 тысяч чалавек, 28 тысяч – часовы. Калі прыплюсаваць іншыя катэгорыі (бежанства, міжнародная абарона), то колькасць яшчэ большая. Атрымліваецца, што цалкам тут знаходзіцца 64 тысячы грамадзян Беларусі.
Гэта дадзеныя на канец лістапада, не ўлічаны снежань 2022 году. Для параўнання – у Літве 48 тысяч беларусаў.
Андрэй Казакевіч патлумачыў, што ёсць група людзей, якія знаходзяцца ў стадыі чакання, у працэсе атрымання дакументаў. Яны, зразумела, не ўлічаныя ў статыстыку. Іх можа быць каля 15 тысяч (без уліку статыстыкі за 2022 год).
Пачатак значнага росту колькасці беларусаў у Польшчы пачынаецца ў 2017 годзе.
-Напэўна гэта можна звязаць з двума фактарамі. Першы: пачатак стагнацыі, потым крызіс у Беларусі і Расіі, які прывёў да перанакіравання міграцыйных патокаў на Захад. Другі фактар: з 2017 году ў Польшчы і Літве мяняецца падыход і міграцыйная палітыка, спрашчаецца доступ да рынку працы. Пачынаецца сістэмная палітыка па прыцягненні працоўных рэсурсаў, – тлумачыць Андрэй Казакевіч.
Згаданыя дадзеныя абвяргаюць тэзу, якія паяўляюцца і ў СМІ, і ў дыскусіях беларусаў, што ў Польшчу з’ехалі сотні тысяч чалавек. Калі браць пад увагу афіцыйныя звесткі, іх не такая вялікая колькасць. Тое ж самае тычыцца тэзы, што тысячы штогод атрымліваюць польскае грамадзянства. Насамрэч гэта сотні, а не тысячы, звяртаў увагу Андрэй Казакевіч.
Істотным фактарам з’яўляюцца колькасць дазволаў на працу, па якіх выдаюцца візы тыпу D. Тут, аднак, невядома, колькі людзей стала пражывае ў Польшчы. Мяркуецца, што большасць з іх жыве на дзве краіны. Гэта колькасць 18 тысяч.
Чарговая катэгорыя адлюстроўвае шакуючую тэндэнцыю, казаў Андрэй Казакевіч:
-Гэта тычыцца людзей, якія атрымліваюць дазвол на працу па спрошчанай схеме. Гэта тычыцца пераважна г.зв. дэфіцытных спецыяльнасцяў. Лічбы значныя. Асаблівы ўнёсак робіць зноў жа 2022 год. 10 год таму такіх людзей было 2 тысячы, 7 тысяч, 4 тысячы. Рост пачынаецца ў 2017 – 58 тысяч. Крыху ўсплёск у 2020-2021 гадах: 100 тысяч дазволаў. Такая колькасць людзей вымываецца з рынку працы, гэта не палітычная міграцыя, а эканамічная. У 2022 годзе – рост больш, чым у два разы. Больш за 200 тысяч такіх дазволаў выдадзена ў 2022 годзе ў Польшчы. Як мы разумеем, гэта маятнікавая міграцыя. Гэтыя людзі не жывуць пастаянна ў Польшчы, яны вяртаюцца ў Беларусь.
У гэтай катэгорыі пераважаюць мужчыны – 154 тысяч, жанчыны – 57 тысяч. Гэта сур’ёзная гендарная асіметрыі, якой няма ў выпадку відаў на жыхарства. Асноўная маса – гэта людзі 30-40 гадоў, то бок гэта дасведчаныя працаўнікі, у асноўным працоўнага класу.
ав
слухайце аўдыё