Беларуская Служба

«Не верце рэжыму. Калі пра вас не кажуць, гэта не значыць, што пра вас не ведаюць і за вамі не сочаць»

08.03.2023 17:02
Камісіі па вяртанні ды агулам беларускім уладам, якія просяць беларусаў вяртацца, ні ў якім разе нельга давяраць.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: ilikeyellow/shutterstock

Намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук паведаміў надоечы, што большасць зваротаў, якія паступілі ад беларусаў у «камісію па вяртанні», не адпавядае тым крытэрыям, якія прапісаны ва ўказе. Такім заяўнікам прапануюць паведаміць неабходныя звесткі або пераслаць у камісію дакументы.

Гэтай камісіі ды агулам беларускім уладам, якія просяць беларусаў вяртацца, ні ў якім разе нельга давяраць, але людзі, якія пажылі ў дэмакратычным грамадстве, страчваюць пільнасць, – мяркуе каардынатар інфармацыйнай сеткі Belarusam.pl на ўмовах ананімнасці.

- Беларусы, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, з’ехалі з Беларусі і пражылі за мяжой год-паўтара-два, думаюць, што яны могуць спакойна выехаць у Беларусь, пакуль на іх не завялі крымінальную справу. Ёсць прыклады, што людзі едуць, паверыўшы прапагандзе, і трапляюць у рукі ГУБОПіКа, атрымліваюць адміністрацыйныя справы, або і крымінальныя. Важна разумець, што, калі пра вас не кажуць, гэта не значыць, што пра вас не ведаюць і за вамі не сочаць.

Калі на чалавека ўзбуджаная крымінальная справа, ён пра гэта ведае, гэта можна праверыць на сайце МУС. Але беларускія ўлады дзейнічаюць зараз па-іншаму – не ўзбуджаюць крымінальнай справы, пакуль чалавека няма ў Беларусі. Гэта пастка, у якую могуць трапіць беларусы. Як толькі чалавек перасякае мяжу, справа хутка ўзбуджаецца, яго затрымліваюць. Могуць затрымаць нават апалітычных людзей, калі хтосьці трапіў не ў тое месца ў неадпаведным часе.

Слухайце ўсю размову ў далучаным гукавым файле аўдыё

нг