Беларуская Служба

«За Беларуссю не бачыў свету. Слова пра Хведара Ілляшэвіча, беларускага гісторыка і дзеяча».

11.03.2023 12:14
Лена Глагоўская пра Хведара Ілляшэвіча расказала як пра вялікага беларускага патрыёта.
Czasopis
Czasopisradyjo.net

У суботнім аглядзе польскага друку, я прапаную пазнаёміцца з некаторымі публікацыямі з Беларускага грамадска-культурнага штомесячніка «Czasopis». Гэта выданне, якое змяшчае публікацыі на беларускай і польскай мовах і таксама на падляскай гаворцы. Аўтары закранаюць шырокі спектр тэмаў звязаных з беларускай нацменшасцю ў Польшчы, выбіраюць падзеі звязаныя з Беларуссю і польска-беларускім памежжам.

Рэдактар «Czasopisa» Юрка Хмялеўскі расказаў пра сустрэчу з Ленай Глагоўскай, якая ў Беластоку прэзентавала сваю кніжку «За Беларуссю не бачыў свету. Слова пра Хведара Ілляшэвіча, беларускага гісторыка і дзеяча». Хведар Ілляшэвіч узначальваў таксама Беларускі камітэт у Беластоку падчас нямецкай акупацыі, супрацоўнічаў з гестапа і таму згадваць пра яго, а тым больш пісаць добра пра яго працяглы час лічылася некарэктным.

Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства Алег Латышонак, які вёў сустрэчу, намякнуў, што аўтарка адважылася займацца неадназначнай тэматыкай.

А Лена Глагоўская пра Хведара Ілляшэвіча расказала як пра вялікага беларускага патрыёта. Матэрыялы для кнігі яна збірала больша за 20 гадоў у архівах Вільні і Мінска, прагартала нумары газеты «Новая дарога», якую Ілляшэвіч рэдагаваў пры немцах у Беластоку. У Шчэціне Глагоўская знайшла дачку, якая перадала шмат здымкаў і памяткі Ілляшэвіча з родных Тапалян на Беласточчыне.

Юрка Хмялеўскі дадаў, што ён таксама шукаў звесткі пра Хведара Ілляшэвіча, у тым ліку ў Інстытуце нацыянальнай памяці Польшчы (Інстытут займаецца пераследам нацысцкіх і камуністычных злачынстваў – рэд.). «Сапраўды Ілляшэвіч не бачыў за Беларуссю свету, паколькі пайшоў нават на супрацоўніцтва з акупантам. Такім трэба чытаць загаловак і ўсю гэтую надта каштоўную кнігу, у якой, на жаль, не гаворыцца пра трагічныя для беларусаў наступствы такога выбару», заканчвае артыкул Юрка Хмялеўскі.

яс

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы