Беларуская Служба

Дуб Фабрыкант з Лодзі стаў пераможцам конкурсу «Еўрапейскае дрэва года-2023»

24.03.2023 11:16
180-гадовы дуб Фабрыкант з'яўляецца адным з самых арыгінальных дрэў у Польшчы і візітоўкай гораду.
Аўдыё
  • Дуб Фабрыкант з Лодзі стаў пераможцам конкурсу «Еўрапейскае дрэва года-2023»
Дуб ФабрыкантФота: Клуб Гая

Дуб Фабрыкант з Лодзі перамог у сёлетнім конкурсе на Еўрапейскае дрэва года. Пераможца польскага конкурсу, арганізаванага экалагічнай арганізацыяй «Клуб Гая» набраў 45 718 галасоў у Еўропе і забяспечыў сабе першае месца на подыуме. Барацьба за 3-е і 2-е месцы працягвалася да самага канца. У канчатковым рахунку Дуб Цмока са Славакіі заняў другое месца ў конкурсе з 18 198 галасамі, а яблыневы сад з Краляўца (Украіна) заняў трэцяе месца з 14 219 галасамі. Ва ўсім галасаванні інтэрнэт-карыстальнікі аддалі 177 486 галасоў.

Дуб Фабрыкант у 2022 годзе перамог у польскім конкурсе «Дрэва года», і такім чынам забяспечыў сабе ўдзел у еўрапейскім конкурсе. 180-гадовы дуб Фабрыкант з'яўляецца адным з самых арыгінальных дрэў у Польшчы і візітоўкай гораду, расказвае Яланта Мігдал з «Клубу Гая»:

-Гэта незвычайнае дрэва, паколькі яму ўжо 180 гадоў і яно расце ў Лодзі ў парку імя Клепача. Яно вельмі цікавае, калі казаць пра будову. Дуб мае вялікія разбудаваныя галіны, шырыня якіх больш за 22 метры. Дуб расце ў вельмі прыгожым месцы, вакол яго вясною цвітуць фіялетавыя крокусы. І гэта выглядае вельмі прыгожа. Дуб адносіцца да прамысловай гісторыі Лодзі, асаблівым чынам яго назва – Фабрыкант. Такую назву запрапанаваў прафесар Ян Сіціньскі з біялагічнага факультэта Лодзінскага ўніверсітэта. Агулам гэта рэпрэзентатыўнае дрэва для Лодзі, але таксама і для цэлай краіны.

Адна з галін дуба мае форму лацінічнай літары S і даўжыню больш за 20 метраў, што выклікае незвычайнае ўражанне ў мінакоў. Штогод вясной дрэва прыцягвае натоўпы людзей, якія жадаюць убачыць яго веліч, якая тоне ў моры сініх кветак.

-Незвычайнае дрэва ў незвычайным месцы атрымала званне Еўрапейскага дрэва года. Гэты поспех належыць многім людзям, для якіх прырода мае вялікае значэнне, таксама ў культурна-гістарычным кантэксце. Стварэнне сацыяльнага капіталу вакол дрэў з'яўляецца праблемай для ўсіх нас. Мы не можам пакінуць гэтую працу толькі ўстановам. І мы, грамадзяне, павінны зрабіць усё, каб будучыя пакаленні маглі любавацца цудамі прыроды, - сказаў заснавальнік і кіраўнік «Клубу Гая» Яцэк Божэк.

Еўрапейскае дрэва года - гэта конкурс, які падкрэслівае важнасць дрэў для прыроднай і культурнай спадчыны Еўропы. Конкурс арганізаваны Асацыяцыяй экалагічнага партнёрства (EPA), якая базуецца ў Бруселі. У Польшчы конкурс «Дрэва году» арганізуе «Клуб Гая».

Гэта наша трэцяя перамога ў гэтым штогадовым еўрапейскім конкурсе, адзначае Яланта Мігдал.

-Гэты конкурс стараецца расказваць пра дрэвы праз іх гісторыю. Паказваць вартасць старых гістарычных дрэваў для прыродніцкай і культурніцкай спадчыны Еўропы. Падкрэсліваць важнасць і значэнне дрэваў для чалавека, прыроды, гісторыі, культуры. У Польшчы конкурс праходзіць 13 год запар. Штогод ёсць ад 50 да 100 заявак на конкурс, таму старых прыгожых дрэваў у нас сапраўды ёсць шмат. Ёсць людзі, якія клапоцяцца пра іх, падаюць заяўкі на конкурс, каб паказаць дрэвы іншым, каб папулярызаваць веды пра яго. Аднак бывае па-рознаму. Часта людзі інфармуюць пра вырубку старых дрэваў, а конкурс дае шанец на іх выратаванне. Пра клопат аб дрэвах сведчыць таксама факт, што вельмі шмат людзей прымае ўдзел у галасаванні. І мы ўжо тройчы здабылі тытул Еўрапейскага дрэва году. Таму, як нам здаецца, людзі ў Польшчы цікавяцца дрэвамі.

У 2017 годзе званне Еўрапейскае дрэва года атрымаў дуб Юзэф з Віснёвай у Падкарпацці, а ў 2022 годзе пераможцам стаў Дуб Дунін - Ахоўнік Белавежскай пушчы з Пшыбудак у Падляскім ваяводстве.

У сёлетнім плебісцыце прынялі ўдзел 16 самых цікавых дрэў з усёй Еўропы, якія перамаглі ў нацыянальных конкурсах. Усіх іх звязваюць незвычайныя гісторыі і тое, што яны з'яўляюцца важнай часткай мясцовай супольнасці. Падчас сёлетняга галасавання, якое доўжылася ўвесь люты, інтэрнэт-карыстальнікі аддалі амаль 200 тысяч галасоў за сваіх фаварытаў.

слухайце аўдыё

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце