Беларуская Служба

80 гадоў таму польскія падпольшчыкі здзейснілі дзёрзкую акцыю ў самым цэнтры Варшавы (ФОТА + ВІДЭА)

25.03.2023 05:59
«Акцыя пад Арсеналам» была адной з найважнейшых аперацый, арганізаваных штурмавымі групамі «Шэрых шэрагаў» – баявой арганізацыяй польскіх скаўтаў. 
Аўдыё
  • 80 гадоў таму польскія падпольшчыкі здзейснілі дзёрзкую акцыю ў самым цэнтры Варшавы
,         26  1943
Месца, дзе падпольшчыкі правялі «Акцыю пад Арсеналам» у Варшаве 26 сакавіка 1943 года Bundesarchiv/CC BY-SA 3.0/Wikimedia Commons

80 гадоў таму, 26 сакавіка 1943 года, польскія падпольшчыкі здзейснілі дзёрзкую акцыю ў самым цэнтры Варшавы, накіраваную супраць гітлераўцаў. Палякі правялі аперацыю па вызваленні свайго калегі. У гісторыю яна ўвайшла пад назвай «Акцыя пад Арсеналам».
Чаму аперацыя называецца «Акцыяй пад Арсеналам»? Справа ў тым, што яна была праведзеная ў самым цэнтры Варшавы, недалёка ад Старога гораду, ля Каралеўскага арсеналу. Гэты будынак быў пабудаваны ў палове 17-га стагоддзя для захоўвання, як гаворыць сама назва, боепрыпасаў. Цяпер у будынку знаходзіцца Дзяржаўны археалагічны музей.

«Акцыя пад Арсеналам» была адной з найважнейшых ваенных аперацый, арганізаваных штурмавымі групамі «Шэрых шэрагаў» – баявой арганізацыяй польскіх скаўтаў. Польскія падпольшчыкі прынялі рашэнне адбіць з рук Гестапа сваіх калег, сярод якіх быў Ян Бытнар, псеўданім «Руды», адзін з кіраўнікоў скаўцкага атраду ў Варшаве.


Jan Bytnar Jan Bytnar

Гестапа арыштавала Яна 23 сакавіка 1943 года на досвітку разам з бацькам у іх жа кватэры. Падчас хлопца яго моцна катавалі. «Рудога» на допыты перавозілі ў штаб-кватэру Гестапа з турмы «Павяк». І польскія падпольшчыкі вырашылі адбіць сваіх сяброў менавіта ў момант іх транспартавання.

Байцам удалося атрымаць інфармацыю пра трасу грузавіка «Рэно», пад брызентам якога ехалі вязні. Ахоўвалі іх чатыры немцы, узброеныя толькі пісталетамі. Пры гэтым двое гестапаўцаў ехалі ў кабіне з шафёрам, а двое – у кузаве з падпольшчыкамі. Паводле плану, палякі мелі атакаваць грузавік бутэлькамі з запальнай сумессю, а таксама адкрыць агонь з брытанскіх аўтаматаў Sten, якія заходнія саюзнікі скідвалі на парашутах для польскага руху супраціву. На ўсялякі выпадак падпольшчыкі таксама стварылі медыцынскі пункт у адным з варшаўскіх асабнякоў, куды мелі трапіць магчымыя параненыя байцы.

Месца аперацыі было выбрана невыпадкова, таму што звужэнне вуліцы і паварот прымушалі кіроўцаў скінуць хуткасць падчас руху.

Пры дапамозе бутэлек з запальнай сумессю і агнястрэльнай зброі падпольшчыкі спынілі аўтамабіль з вязнямі. Нямецкія ахоўнікі пачалі адстрэльвацца. У выніку раненні атрымалі некаторыя вязні, якія знаходзіліся ў грузавіку, і ўдзельнікі аперацыі. У выніку акцыі байцы «Шэрых шэрагаў» вызвалілі 21 вязня, у тым ліку Яна Бытнара «Рудога», які быў у трагічным стане пасля допытаў у Гестапа. Яго пагрузілі на грузавік і перавезлі ў асабняк, дзе знаходзіўся медыцынскі пункт. А ўдзельнікі аперацыі адступілі ў Стары горад і разбегліся па вузкіх вуліцах.


Maciej Aleksy Dawidowski. Grafika według zdjęcia z 1935 roku Maciej Aleksy Dawidowski. Grafika według zdjęcia z 1935 roku

«Руды» быў у цяжкім стане. Было прынятае рашэнне перавезці хлопца ў Вольскі шпіталь з мэтай правядзення аперацыі. Яго падпольна даставілі ў бальніцу, але, нягледзячы на намаганні лекараў, якія былі заангажаваныя ў сакрэтную аперацыю, Бытнар памёр. Не ўдалося таксама выратаваць аднаго з удзельнікаў аперацыі Мацея Давідоўскага, якім памёр, атрымаўшы смяротнае раненне. На момант смерці яму было 23 гады, Яну Бытнару – 22.

Удзел у аперацыі прыняло 29 чалавек.

У 1978 годзе ў Польшчы быў зняты мастацкі фільм пад назвай «Акцыя пад Арсеналам».

У адказ за гібель Яна Бытнара падпольшчыкі пакаралі смерцю гестапаўцаў, які катавалі хлопца (на апошнім відэа - фрагмент серыялу з 2014 года).   

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу