Беларуская Служба

Жыгімонт ІІІ Ваза – польскі кароль і вялікі князь літоўскі, які марыў заняць маскоўскі трон

06.05.2023 06:02
391 год мінуў з дня смерці польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Вазы.
Аўдыё
  • Жыгімонт ІІІ Ваза – польскі кароль і вялікі князь літоўскі, які марыў заняць маскоўскі трон
Zygmunt III Waza i Piotr Skarga
Zygmunt III Waza i Piotr SkargaPieter Claesz Soutman, ok. 1624 r./Jan Matejko - "Kazanie Skargi", 1864 r. (fragm.)

30 красавіка споўніўся 391 год з дня смерці польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Вазы. У сувязі з гэтай датай мы вырашылі пазнаёміць вас з постаццю гэтага польскага манарха, які вядомы тым, што сталіцу Польскага Каралеўства перанёс з Кракава ў Варшаву.

«Нямы праклён са Швецыі», – так караля называў вялікі канцлер каронны Ян Замойскі. Аднак магнат прагаласаваў за кандыдатуру шведа на выбарным Сейме, бо думаў, што кароль будзе марыянеткай у яго руках. Нагадаю, у тыя часы Польшча была выбарнай манархіяй, а Жыгімонт ІІІ Ваза – сынам шведскага караля Юхана ІІІ і Кацярыны Ягелонкі, дачкі польскага караля Жыгімонта Старога. Пасаду польскага манарха Жыгімонт ІІІ займаў з 1587 па 1632 год. Пры гэтым у 1592-1599 гадах ён адначасова быў каралём Швецыі. А нарадзіўся Жыгімонт у 1566 годзе.

30 жніўня 1587 года пасля смерці караля Стэфана Баторыя ў вёсцы Воля каля Варшавы (сёння гэта раён польскай сталіцы) пачаўся выбарны Сейм, яна якім Жыгімонт быў абраны каралём. Пры гэтым, як здараецца ў палітыкі, перад выбарамі былі закулісныя гульні, бо згаданы ўжо Ян Замойскі прапанаваў менавіта кандыдатуру Вазы, у сваю чаргу іншы магутны магнацкі род Збароўскіх хацеў, каб польскі трон заняў нехта з дынастыі Габсбургаў. Канчаткова 19 жніўня 1587 каралём выбралі Жыгімонта ІІІ Вазу.


"Portret konny króla Zygmunta III Wazy", aut. obrazu Peter Paul Rubens (ok. 1624), źr. Muzeum Narodowe w Szwecji, Wikipedia/dp "Portret konny króla Zygmunta III Wazy", aut. obrazu Peter Paul Rubens (ok. 1624), źr. Muzeum Narodowe w Szwecji, Wikipedia/dp

Дарэчы, першапачаткова Ваза не вельмі ахвотна хацеў займаць польскі трон, аднак праз нейкі час згадзіўся. Дынастыя Вазаў апасалася, што калі Жыгімонт не прыме польскага трону, то яго можа заняць маскоўскі цар. Для Швецыі гэта быў бы палітычны дыскамфорт, бо гэта азначала б, што Масковія ўзяла б пад свой кантроль Балтыйскае мора.

Дарэчы, у Жыгімонта ІІІ Вазы былі сур’ёзныя палітычныя амбіцыі, бо, будучы адначасова польскім і шведскім каралём, ён хацеў таксама заняць трон у Маскве. Паводле гісторыкаў, за палітычныя выгады ён таксама хацеў адмовіцца ад польскай кароны на карысць Габсбургаў, чаго гэтага не адбылося. Такім чынам, канчаткова Жыгімонт страціў шведскую карону, маскоўскай так і не атрымаў, і ажно да самой смерці заставаўся каралём польскім, хоць гэтая функцыя была для яго найменш блізкая сэрцу. Дарэчы, паводле гісторыкаў, сталіцу з Кракава ў Варшаву Жыгімонт перанёс у тым ліку для таго, каб было бліжэй да Швецыі. У тыя часы розніца ў некалькі сот кіламетраў сапраўды мела значэнне.

Гісторыкі характарызуюць Жыгімонта як канфліктнага чалавека, бо, па-першае, пасварыўся з братам, меў вельмі кепскія адносіны са старэйшым сынам і часта трапляў у канфлікт з польскім Сеймам шляхты, што мела вялікае значэнне, бо Сейм быў вельмі важны ў тагачаснай палітычнай сістэме, у адрозненні ад шматлікіх еўрапейскіх краін.


Marcin Kober - Portret króla Zygmunta III, 1590 Marcin Kober - Portret króla Zygmunta III, 1590

Эпоха Жыгімонта ІІІ Вазы – гэта час канфліктаў. Ён не цікавіўся паўднёва-ўсходнімі межамі каралеўства, пакінуўшы гэтую задачу Яну Замойскаму. Магнат заняў Малдавію ў якасці польска-літоўскага феоду, што прывяло да канфлікту з Асманскай Імперыяй. У 1600 годзе Ваза заняў тэрыторыю сённяшняй Эстоніі, што стала прычынай таго, што Швецыя ўвяла свае войскі ў Ліфляндыю. З-за гэтага пачалася вайна, якая працягвалася з перапынкамі з 1601 па 1629 год.

Гісторыкі зазначаюць, што перыяд Жыгімонта ІІІ Вазы – гэта час пераможных бітваў альбо прайграных войнаў, альбо войнаў, якія не ўдалося давесці да пераможнага канца. Але калі казаць пра бітвы, якія выйгралі палякі, то столькі іх не было ані ў адной гістарычнай эпосе. Але канчаткова замежныя і ўнутраныя палітычныя планы Жыгімонта Вазы не ўдаліся, і шмат у чым яго палітыка спрыяла далейшаму заняпаду Рэчы Паспалітай.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу